Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст

пятніца 3 сьнежань 2021

Архіў
сьнежань 2021
пан аўт сер чац пят суб няд
29 30 1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30 31 1 2
У прэзыдыюме Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня - Мечыслаў Грыб, Станіслаў Шушкевіч, Ніл Гілевіч

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з рабочай групай па дапрацоўцы праекту Канстытуцыі ня ўнесла яснасьці ў пытаньне, якая ж мадэль дзяржаўнага ладу будзе прапанаваная ў новай Канстытуцыі.

Напярэдадні папярэдніх канстытуцыйных рэфэрэндумаў — у 1996 і 2004 гадах — было ясна, чаго хоча на іх і ад іх атрымаць ініцыятар. У 1996 годзе — сканцэнтраваць уладу ў руках кіраўніка дзяржавы, у 2004 годзе — даць магчымасьць дзейнаму прэзыдэнту перавыбірацца зноў і зноў.

Мэты, якія ня ўсімі і тады, і цяпер ухваляліся, але ясныя і выразныя. І сфармуляваныя задоўга да дня рэфэрэндуму.

Цяпер, менш чым за 4 месяцы да рэфэрэндуму, нічога незразумела.

4 лістапада Лукашэнка сфармуляваў галоўныя задачы канстытуцыйных зьменаў — «замацаваньне ролі Ўсебеларускага народнага сходу, пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаваньне збалянсаванасьці дзяржапарату». Пры гэтым ён падкрэсьліў, што нельга «ні ў якім разе разбураць існую ў Беларусі сыстэму ўлады».

Ну дык калі роля УНС зьмяняецца, і істотна, то сыстэма ўлады моцна зьмяняецца і ў нейкім сэнсе разбураецца.

Ці мяркуецца, што пасьля рэфэрэндуму адбудуцца прэзыдэнцкія выбары і Лукашэнка на іх ня пойдзе? Калі так, то ці зьбіраецца ён у такім выпадку ўзначаліць УНС?

Адказаў на гэтыя пытаньні не прагучала. Прагучала толькі сарамлівае «Усебеларускі народны сход уводзіцца не таму, што нехта з прысутных або дзейны прэзыдэнт проста рвецца на гэтую пасаду». Дык там, аказваецца, і нейкая пасада прадугледжаная.

А што ня рвецца — дык, паводле Лукашэнкі, ён і на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе ня рваўся, проста «любімую не аддаваў».

Калі прапануецца схема: Лукашэнка — кіраўнік УНС, а прэзыдэнтам становіцца нейкая іншая асоба, то варта заўважыць, што яна да болю нагадвае палітычны лад краіны ў пачатку «ліхіх дзевяностых», калі найвышэйшай службовай асобай дзяржавы быў сьпікер парлямэнту (тады Станіслаў Шушкевіч), і быў кіраўнік ураду, прэм’ер (тады Вячаслаў Кебіч).

Вельмі падобна: ёсьць кіраўнік нейкага калектыўнага шматлюднага органа ўлады (старшыня УНС) і кіраўнік выканаўчага апарату (прэзыдэнт).

Такая пятля часу, вяртаньне Лукашэнкі ў дні палітычнай маладосьці.

Тагачасная сыстэма ўлады і тады не лічылася аптымальнай і эфэктыўнай. Яна была недарэчным рэліктам савецкай сыстэмы. Недарэчным таму, што ў СССР стрыжнем палітычнай сыстэмы была КПСС і рэальнымі мэханізмамі ўлады былі партыйныя мэханізмы. І там наяўнасьць фармальнага кіраўніка дзяржавы — старшыні Вярхоўнага Савету — і прэмʼера ніякіх асаблівых дысфункцыяў не спараджала.

Канстытуцыя постсавецкай Беларусі 1994 года гэтую сыстэму зьмяніла, канстатаваўшы яе неэфэктыўнасьць у новых умовах. З гэтай канстатацыяй тады быў згодны і дэпутат Аляксандар Лукашэнка.

Наўрад ці такое вяртаньне ў мінулае стане эліксірам маладосьці для яго цяпер. Для пратэставай часткі грамадзтва гэта будзе зусім ня тым, чаго б яна хацела. Але і для прыхільнікаў Лукашэнкі гэта ня стане выкананьнем іх жаданьняў.

Улада ўвесь час палохае грамадзтва вяртаньнем «ліхіх дзевяностых», успаміны аб якія і праўда амбівалентныя, а ў ляялістаў амаль пагалоўна вельмі змрочныя.

А тут сама ўлада прапануе гэтае вяртаньне.

Магчыма, яна і сама ўсьведамляе гэтую злавесную для яе гістарычную аналёгію. Таму канстытуцыйная рэформа на гэты раз і праводзіцца ў рэжыме спэцапэрацыі, пад покрывам таямніцы, у тумане супярэчлівых заяваў і недагаворак.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Перад Беларусьсю — чатыры дарогі: працяг рэакцыі, новы выбух, прымірэньне і стома

Першы шлях — паводле трэнду, той шлях, па якім яна ішла ўвесь 2021 год: арышты, пасадкі, катаваньні, разгромы арганізацыяў. Яго часта называюць паўночнакарэізацыяй, прыгадваючы пры гэтым 1937 год.

Гэта, зрэшты, не зусім дакладна. Савецкая, нацысцкая, паўночнакарэйская сыстэмы адразу ствараліся такімі, якімі былі.

У Беларусі ж 2021 год — гэта тыповая рэакцыя. Нешта падобнае адбываецца ўжо 5 гадоў у Турэччыне, пасьля няўдачы вайсковага перавароту. І там дзясяткі тысяч людзей рэпрэсаваныя, турмы поўныя палітвязьнямі, сотні грамадзкіх арганізацыяў і СМІ зачыненыя. Там летась па справе аб перавароце пажыцьцёвае зьняволеньне атрымалі больш за 300 чалавек.

Гэта Паўночная Карэя? Не. Паважаны чалец міжнароднай супольнасьці, чалец NATO, між іншым. Цяперашнія турэцкія парадкі — гэта ня новая таталітарная сыстэма, гэта рэакцыя, якая зацягнулася.

Дык і ў Беларусі, па сутнасьці, тое ж самае. Хоць, вядома, тым, хто сядзіць у турме ці чакае груку ў дзьверы, ад гэтых паліталягічных тонкасьцяў не лягчэй. Аднак рэакцыі ўсё ж, як правіла, ня доўжацца вечна.

Турэччына — магутны гулец на міжнароднай арэне. Увесьці супраць яе якія-небудзь санкцыі за тэрор, які ўчыняецца Эрдаганам, нікому ня прыйдзе ў галаву. Да таго ж у Эрдагана ёсьць амбітны палітычны праект — у пэўным сэнсе вяртаньне ў Азію, рэвізія вэстэрнізатарскага праекту Ататурка. Наяўнасьць вялікага праекту, заснаванага на глыбокай культурнай і гістарычнай традыцыі, забясьпечвае яму дастаткова шырокую грамадзкую падтрымку, нягледзячы на зьверствы рэакцыі.

У Лукашэнкі няма ні таго, ні другога. Меншая краіна — тое, што дазволена «султану» Эрдагану, не дазволена яму. Ну, і вялікія праекты ў дэфіцыце. «Фарпост Эўразіі», «мы з Расеяй і Кітаем» — гэта даволі ўбога і трошкі сьмешна.

У выніку складана і з грамадзкай падтрымкай. Разнастайныя апытаньні (Chatham House, ВЦИОМ) паказваюць, што «Саша3%» — гэта няпраўда, але вельмі насамрэч сьціпла з падтрымкай. Гэта да таго, што дазволіць сабе шматгадовую рэакцыю яму будзе няпроста.

Другі шлях, другая дарога — гэта новы выбух, паўтарэньне 2020 году. Супярэчнасьці, якія спарадзілі леташнюю рэвалюцыю, не былі вырашаныя. А штуршком можа быць што заўгодна — ковід, эканамічныя правалы, новы канфлікт з Расеяй. Строга кажучы, і ў 2020 годзе да пачатку выбарчай кампаніі мала што прадвяшчала палітычны землятрус такой сілы.

Улада, праўда, усяляк імкнецца такі сцэнар прадухіліць, зачышчаючы грамадзянскую супольнасьць, саджаючы і выціскаючы на эміграцыю актыўных. Па-свойму яе дзеяньні лягічныя. Аднак гістарычна гэта не заўсёды дапамагае, залітаваны кацёл, у якім нарастае ціск, можа выбухнуць ва ўсіх кропках.

Цуды ў жыцьці і ў гісторыі здараюцца, «чорныя лебедзі» маюць звычай прылятаць час ад часу. Але ня надта часта. Пасьля выбараў 2010 году і далейшага пагрому наступны грамадзкі ўздым адбыўся спачатку праз 7 гадоў (пратэсты «дармаедаў»), а потым яшчэ праз 3 гады.

Гэтак жа было і ў далёкай гісторыі: у ХIX стагодзьдзі польска-беларускія паўстаньні таксама здараліся з дыстанцыяй у шмат гадоў.

Трэці шлях — прымірэньне, паразуменьне. У красавіку 2020 году Яўген Прэйгерман напісаў артыкул, у якім прадказаў, што ўзаемнае непрыманьне грамадзкіх сілаў у краіне можа прывесьці да вельмі сумных наступстваў. Ну, і агулам меў рацыю. Падзеі 2020–2021 гадоў гэты раскол толькі пагоршылі.

І ў гэтым сэнсе паказальны «тэст Васкрасенскага». Насамрэч усё роўна, у якой ступені ягоны праект — плён ягонай уласнай эвалюцыі, а ў якой падказаны куратарамі ў пагонах, усё роўна, танная гэта пастка ці магчымасьць вырашыць палітычны крызіс.

Важна тое, што ніякай значнай рэакцыі прапановы Юрыя Васкрасенскага ня выклікалі. І ня толькі ў апазыцыйнай, але і ў памяркоўнай часткі грамадзтва, дый у ляялістаў таксама. Памілаваньне ўсяго 12 чалавек было паказчыкам, у якой ступені ўлада робіць стаўку на прымірэньне.

Што Васкрасенскі са сваімі прапановамі выклікаў абурэньне многіх — гэта ня дзіва. Але паказальна, што ня выклікаў ніякай рэакцыі астатніх.

Гэта ня значыць, што нейкае паразуменьне ня можа ўзьнікнуць ніколі ў прынцыпе. Але гэта значыць, што як мінімум ня зараз, не ў найбліжэйшы час. І ня толькі таму, што рэпрэсіі, якія працягваюцца і нават нарастаюць, гэтаму не спрыяюць. Але і таму, што такі грамадзкі расклад.

Здаецца, усё? Якія яшчэ могуць быць варыянты, шляхі? Між тым ёсьць яшчэ адзін варыянт, імя якога — стомленасьць.

Гэты настрой зафіксавала, у прыватнасьці, апошняе апытаньне Chatham House. Любові да Лукашэнкі не дадалося (як і не паменела, дарэчы), асаблівай гатоўнасьці разумець апанэнтаў не дадалося таксама, хутчэй наадварот, паглыбіўся раскол і ўзаеманеразуменьне.

А вось чаго дадалося, і моцна, дык гэта стомы. І гэта зразумела. Рэвалюцыя — калясальны выкід, выбух грамадзкай энэргіі. І разрадка народнага «акумулятара». А запас энэргіі небязьмежны і не папаўняецца хутка.

І цяпер шмат хто, па-ранейшаму не адчуваючы сымпатыяў да Лукашэнкі, ня тое што не гатовы пратэставаць, але ня хоча нават думаць пра палітыку.

Пры гэтым і шараговыя ляялісты не дэманструюць вялікай прагі расправаў і помсты. У сілавікоў і прапагандыстаў юр не спадае, але стаміцца могуць і яны. Ня столькі нават самі яны (служба ёсьць служба), колькі іх начальства. Не таму нават, што няўтульна пад санкцыямі і сам-насам з Пуціным, а таму, што апошнія масавыя пратэсты былі амаль год таму.

Ня туркі ўсё ж, дый у Менску ў 2020 годзе не лупілі з танкавых гарматаў па прэзыдэнцкім палацы, як у Турэччыне ў 2016 годзе.

Пасьля 2010–2011 гадоў насамрэч Беларусь дарагой стомленасьці і ішла. Супярэчнасьці вырашаныя не былі, паразуменьня ня ўзьнікла. Людзі сышлі ў працу, у сям’ю, у забаўкі, далей ад палітыкі, багатай кашмарамі.

Гэтак жа можа адбыцца і зараз, а ў многіх і адбываецца.

Гэта не назаўжды. Можа, нават і ня вельмі надоўга.

Акумулятар зараджаецца зноў.

Перадрук з парталу Zerkalo

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Загрузіць яшчэ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG