Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вэнэсуэле перавялі гадзіньнікі на паўгадзіны, каб зэканоміць электрычнасьць


Начны Каракас, фота ©Shutterstock

У Вэнэсуэле ў нядзелю ўступіў у сілу загад прэзыдэнта Нікаласа Мадуры перавесьці гадзіньнікі на паўгадзіны наперад для эканоміі электрычнасьці. Гэты захад павінен спрыяць скарачэньню спажываньня электрычнасьці ў цёмны час сутак, заявіў міністар навукі і тэхналёгій краіны Хорхэ Арэаза, перадае ВВС.

Паводле яго слоў, менавіта начное выкарыстаньне кандыцыянэраў і асьвятленьня істотна павялічвае спажываньне электрычнасьці. «Проста перавёўшы гадзіньнік на паўгадзіны наперад, мы будзем атрымліваць больш дзённага сьвятла, і цямнець будзе ня так рана», — сказаў міністар.

Вэнэсуэла перажывае глыбокі энэргетычны крызіс, выкліканы працяглай засухай, з-за якой гідраэлектрастанцыі краіны ня могуць працаваць на поўную магутнасьць.

Нягледзячы на тое, што Вэнэсуэла валодае значнымі запасамі нафты, яна атрымлівае вялікую частку сваёй электраэнэргіі ад гідраэлектрастанцый. У красавіку ў краіне пачаліся штодзённыя адключэньні электрычнасьці.

Экспарт нафты складае большую частку бюджэту Вэнэсуэлы, і падзеньне коштаў дрэнна адбіваецца на яе эканоміцы. Летась ВУП Вэнэсуэлы скараціўся на 5,7%, а інфляцыя дасягнула 180%.

Аналягічны энэргетычны крызіс з-за засухі здарыўся ў краіне ў 2010 годзе. Тады прэзыдэнт Уга Чавэс быў вымушаны ўвесьці надзвычайнае становішча.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG