Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Кукабака распавёў, як з турмы перадаў 300 рублёў на вяшчаньне Радыё Свабода


У «папраўчых» установах Міхась Кукабака правёў у суме 17 гадоў. А потым быў рэабілітаваны «праз адсутнасьць складу злачынства»

Самы вядомы беларускі дысыдэнт савецкіх часоў Міхась Кукабака на сваё 80-годзьдзе завітаў на радзіму, у Бабруйск. У дзень 25 гадавіны распаду СССР тут прайшла сустрэча са славутым земляком і прэзэнтацыя ягонай кнігі.

Міхась Кукабака — звычайны савецкі чалавек, які зразумеў хібы ды лжывасьць той сыстэмы, пачаў змагацца за правы чалавека і выкананьне законаў, не баючыся выказваць свае думкі адкрыта – ці то пра парадкі ў рабочых інтэрнатах, ці то пра ўвод войскаў у Чэхаславакію.

«Спадар Міхась натхніў нас на праваабарончую дзейнасьць, — сказаў на сустрэчы кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» і сам нядаўні палітвязень Алесь Бяляцкі. – Ягоная гісторыя і ўспаміны, выкладзеныя ў кнізе, маюць выключную ролю для разуменьня гісторыі Беларусі й вашага, ужо нашага гораду, — дадаў Бяляцкі. — Ды што там мае 4 з паловай гады супраць 17-ці спадара Міхася, ды ў непараўнальна горшых умовах!»

Сустрэча з былым савецкім палітвязьнем Міхасём Кукабакам у Бабруйску
Сустрэча з былым савецкім палітвязьнем Міхасём Кукабакам у Бабруйску

Прыгадваючы сваіх ганіцеляў, савецкіх гэбістаў ды іхных ідэйных нашчадкаў, спадар Кукабака з усьмешкай зазначыў:

«Думаю, сёньня шмат хто вельмі расчараваны. Чалавек, які прайшоў тры вар’ятні, сем лягераў, дваццаць вязьніц, раптам спраўляе 80-годзьдзе. Гэта ж у КДБ трэба жалобу абвяшчаць!»

Шчырасьць і гумар дапамагалі спадару Міхасю вытрымліваць ганеньні, карную псыхіятрыю ды пазбаўленьне волі. Іх ён захаваў і ў паважаным узросьце: шмат забаўных, хоць і вельмі сумных, гісторыяў занатавана ў кнізе, многімі зь іх аўтар з ахвотай падзяліўся на сустрэчы зь землякамі.

«Я жыў у адным пакоі інтэрнату зь сяржантам міліцыі. Павесіў яму над ложкам карцінку са сьцягамі краінаў сьвету, над сваім – Дэклярацыю правоў чалавека і партрэт Сахарава. Дык ён мне дапамагаў перадрукоўваць шмат якія матэрыялы, напрыклад тэксты Салжаніцына. Ён лічыў, што гэта нармальна, а гэта «антысавеччына». КДБ потым з ног зьбіўся, шукаючы друкавальную машынку, не маглі й падумаць, што такое друкавалася ў аддзяленьні міліцыі».

Нават у лягерах спадар Міхась працягваў выпрабоўваць сыстэму на выкананьне сваіх жа законаў.

«Папрасіў перадаць мне Біблію. Я ж маю права на атрыманьне кніг, і ў нас быццам свабода веравызнаньня. Мне адмаўляюць. Тады – у мяне ж заставалася ашчадная кніжка – пішу заяву: «Прашу пералічыць 300 рублёў з майго рахунку ў фонд Радыё Свабода як арганізацыі, што змагаецца за дэмакратыю ва ўсім сьвеце».

Пікет беларускай дыяспары ЗША ў абарону Міхася Кукабакі
Пікет беларускай дыяспары ЗША ў абарону Міхася Кукабакі

А памілаваньня ніколі не прасіў, віны сваёй прызнаваць не зьбіраўся. Міхась Кукабака ўздымаў і пытаньні нацыянальнае палітыкі ў СССР, гвалтоўнай русыфікацыі Беларусі, стаўшы сымбалем для беларускай дыяспары ў барацьбе за правы беларусаў.

У выдадзенай праваабарончым цэнтрам «Вясна» кнізе «Міхась Кукабака» сабраныя ня толькі ўспаміны, але й розныя праваабарончыя тэксты ды заявы розных гадоў, у тым ліку славутае эсэ 1978 году «Скрадзеная Радзіма», а таксама ілюстрацыі выступленьняў у падтрымку беларускага праваабаронцы па ўсім сьвеце. Напрыканцы бабруйскай сустрэчы Міхась Кукабака падпісаў кнігу землякам.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG