Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва» пацьвердзіла: папяровай газэце канец, сайт будзе жыць. ФОТА апошняга выпуску


Газэта «Наша Ніва», апошні выпуск на паперы

Беларуская незалежная газэта «Наша ніва» перастане выходзіць на паперы, але працягне выдавацца на сайце Nn.by. Аб гэтым рэдакцыя абвясьціла ў 981-м — і апошнім — нумары папяровай газэты.

Сайт «Нашай нівы» Nn.by працягвае працаваць у ранейшым рэжыме. Зранку на ім зьявілася навіна пра пераход у інтэрнэт з папяровай газэты, але пад іншым загалоўкам: «Нам удалося ўсё».

У перадавіцы апошняга нумару газэты рэдакцыя заяўляе, што «паказала ўсім прыклад, як адаптавацца да новай эпохі»: сайт выданьня (апошні папяровы нумар якога выйшаў накладам у 3001 асобнік) наведалі за травень 475 тысяч унікальных карыстальнікаў, якія прачыталі 7,1 млн старонак. У месяцы з рэзананснымі падзеямі лічбы бываюць удвая большыя, сьцьвярджаецца ў артыкуле.

Рэдакцыя таксама заяўляе, што ганарыцца «той апэратыўнасьцю і аб’ёмам інфармацыі», якую цяпер мае на інтэрнэт-сайце, а таксама ганарыцца тым, што ёсьць «плятформай для дэбатаў».

«Наша ніва» пачатку XX ст. у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча
«Наша ніва» пачатку XX ст. у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча

«Як і нашы папярэднікі Антон і Іван Луцкевічы і Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі і Аляксандар Уласаў, мы верым у прагрэс, у магчымасьць больш справядлівага ўладкаваньня грамадзтва, лепшага разуменьня чалавекам сьвету і сябе», — піша рэдакцыя.

Яна нагадвае, што папяровай «Нашай ніве» ёсьць альтэрнатыва: «якасныя і патрыятычныя» папяровыя «Народная воля», «Новы час», «Рэгіянальная газэта» і іншыя.

У апошнім папяровым нумары «Наша ніва» расказвае пра 70-годзьдзе Сьвятланы Алекіевіч, затрыманьнепамочніка Аляксандра Лукашэнкі Сяргея Раўнейкі, «ўдалы» крэдыт на жытло віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага, сетку прарасейскіх сайтаў у Беларусі з аўтарамі з НОД і «Румол», фэмінізм Алаізы Пашкевіч (вядомай пад літаратурным псэўданімам Цётка), жыцьцё беларускі са спаленай нацыстамі вёскі, гібель высаджаных уздоўж трасаў дрэваў і ласункі 1980-х. Некалькі вялікіх матэрыялаў – рэклямныя супольныя праекты з камэрцыйнымі кампаніямі: рэпартаж з «самай працавітай» вёскі Муравейніца, пераправа праз палескае “мора Герадота” і парады стаматоляга.

Сучасная «Наша ніва» адлічвае сваю гісторыю ад газэты, заснаванай у 1906 годзе, закрытай у час Першай усясьветнай вайны і на кароткі час адноўленай у 1920-м. Пачала выходзіць штомесяц у траўні 1991 году ў Вільні (першы рэдактар — Сяргей Дубавец), у 1996-м рэдакцыя перабралася ў Менск. У 2000–2016 гадах папяровая вэрсія выходзіла штотыдзень, ад 2016 году зноў стала выходзіць штомесяц.

«Наша ніва», 1996
«Наша ніва», 1996

У 1998 годзе газэта змагла адстаяць у судзе права выдавацца беларускім клясычным правапісам, але з 2008-га перайшла на афіцыйны («наркамаўку»). Сайт газэты мае беларускую і расейскую вэрсіі, летась на ім зьявіўся «жаночы» разьдзел «Наша Ніна».

Рэдакцыя ня раз цярпела ад нападаў беларускіх уладаў, была пад пагрозай закрыцьця ў 2011 годзе, засталася бяз тэхнікі пасьля ператрусу ў канцы 2010 году (не вярнулі дагэтуль), у 2006–2008 гадах была пазбаўленая магчымасьці распаўсюду праз «Белпошту» і «Белсаюздрук». Журналістаў выданьня ня раз затрымлівалі міліцыянты і «людзі ў цывільным».

Чытайце таксама: Як беларуская дзяржава парушае свой жа закон аб СМІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG