Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2 месяцы ў Расеі распачалі 2 тысячы спраў аб дыскрэдытацыі арміі


Аляксандар Шарчанкоў,

У Расеі з сакавіка было заведзена крыху менш за 2 тысячы адміністрацыйных спраў па артыкуле аб дыскрэдытацыі Узброеных сілаў.

Такія лічбы прыводзіць праект «ОВД-Инфо» на падставе зьвестак з сайтаў судоў, сыстэмы «Правосудие», прэс-рэлізаў МУС і паведамленьняў, якія паступаюць на гарачую лінію праваабарончага праекта. Рэальная колькасьць спраў можа быць большай.

Артыкул аб дыскрэдытацыі арміі зьявіўся ў Адміністрацыйным кодэксе РФ неўзабаве пасьля пачатку расейскага ўзброенага ўварваньня ва Ўкраіну. Усе вядомыя выпадкі перасьледу па гэтым артыкуле зьвязаныя з пратэстамі супраць вайны, прычым пратаколы складаюць ня толькі за выказваньні ў падтрымку Ўкраіны ці з асуджэньнем дзеяньняў расейскіх уладаў, але і, напрыклад, за словы «Міру — мір» ці «Не вайне». Пратаколы склалі і на некалькіх удзельнікаў маршу «Несьмяротны полк» 9 траўня — у тым ліку за плякаты «Мой дзед ваяваў супраць фашызму» ці «Яны ваявалі не за гэта».

Па дадзеных «ОВД-Инфо», усяго вядома аб 1933 выпадках узбуджэньня спраў па гэтым артыкуле. Сярэдняя сума штрафу перавышае 30 тысяч расейскіх рублёў, усяго выпісана штрафаў ужо амаль на 20 млн.. Артыкул ужываюць паўсюдна: спраў аб дыскрэдытацыі пакуль не было толькі ў Чачні, Тыве і Магаданскай вобласьці. Больш за ўсё — каля 200 — пратаколаў склалі ў Маскве.

За паўторную дыскрэдытацыю можа быць узбуджаная крымінальная справа. Пакуль такіх прэцэдэнтаў не было. Аднак некалькі дзясяткаў крымінальных спраў у Расеі ўзбуджана па артыкуле аб так званых фэйках аб дзеяньнях арміі. Фэйкамі сьледчыя, як правіла, лічаць распаўсюджваньне сьцьвярджэньняў, якія афіцыйна абвяргала расейскае Мінабароны — напрыклад, аб датычнасьці расейскіх вайскоўцаў да масавых забойстваў у Бучы ці ў Марыюпалі.

У суботу ў розных гарадах Раеі па артыкуле аб дыскрэдытацыі арміі былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў адзіночных антываенных пікетаў. У Екацярынбурзе з плякатам «Zло ня можа перамагчы» затрымалі Івана Любімава.

У Кранштаце паліцыя затрымала мясцовую жыхарку Ганну Мярлухіну з-за шыльды «Stop war» на яе ровары. У Маскве на Пушкінскай плошчы затрымалі Васіля Барысава, які выйшаў у пікет з плякатам «Не вайне». У Пецярбургу паліцыянты затрымалі Дзьмітрыя Лаўчаноўскага, які выйшаў да Нацыянальнай бібліятэкі з плякатам «МІР». Таксама ў Пецярбургу затрымалі актывіста Аляксандра Шарчанкова, які выйшаў да помніка Тараса Шаўчэнкі з плякатам «Не вайне». Гэта ўжо сёмае затрыманьне Шэрчанкова, — паведамляе Север.Реалии.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG