Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць палітвязьняў у Беларусі перавысіла 1200 чалавек


Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала палітычнымі зьняволенымі яшчэ сем чалавек, цяпер у Беларусі іх 1 201.

Адпаведная сумесная заява апублікаваная на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».

У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленьні абвінавачаньняў, змяшчэньні пад варту і вынясеньні прысудаў, зьвязаных з пазбаўленьнем волі, палітвязьнямі прызнаныя Яўген Андрэеў, Віталь Мелех, Яўген Люльковіч, Марыя Шагіева, Сяргей Каменеў, а таксама адпраўленыя адбываць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі Уладзімір Бялоў і Аляксандр Дзямʼянцаў.

Усе яны былі ці зьяўляюцца фігурантамі крымінальных спраў паводле ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Праваабаронцы ў чарговы раз адзначылі, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Выступленьні грамадзян «насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканы недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі, што адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя».

«Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спэцпадраздзяленьнямі МУС з непрапарцыйным прымяненьнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі», — гаворыцца ў заяве.

Акрамя таго, адзначаецца ў заяве, атрыманьне і пазбаўленае волі шэрагу асобаў зь ліку тых, хто прызнаны палітвязьнем, «сталася сьледзтвам палітыкі падаўленьня антываенных выступаў і пратэстаў пасьля пачатку ваеннага ўварваньня РФ ва Ўкраіну».

Праваабаронцы запатрабавалі вызваліць усіх палітвязьняў, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў адносінах да грамадзян краіны.

Заяву падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі ПЭН, «Прававая ініцыятыва», Lawtrend і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG