Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня эканоміка Беларусі адчувае сябе здаровай», — прэм’ер Галоўчанка


Раман Галоўчанка

У гэтым месяцы беларуская эканоміка «адчувае сябе дастаткова ўпэўнена», заявіў прэмʼер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка 14 траўня ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya (ААЭ), які вяшчае на арабскія краіны.

Відэафрагмэнт інтэрвʼю апублікавала прэс-служба беларускага ўрада.

«У нас ёсьць невялікае прасяданьне ў абʼёмах выпуску і экспарту прадукцыі, якая трапіла пад сэктаральныя санкцыі ЭЗ, — прызнаў чыноўнік. — Патрабуецца час на пераарыентацыю патокаў, гэтым мы зараз вельмі шчыльна займаемся. Тым не менш сальда плацёжнага балянсу краіны станоўчае, сальда экспарту — станоўчае, фінансавыя вынікі працы асноўных прадпрыемстваў эканомікі — станоўчыя. На гэта аказвае ўплыў у тым ліку і рост сусьветных цэн. Гэта значыць мы недзе губляем у абʼёмах вытворчасьці і экспарту, але кампэнсуем гэта за кошт больш высокіх цэн».

Паводле слоў Галоўчанкі, «сярэдняя рэнтабельнасьць продажаў беларускіх прамысловых тавараў складае 8–9%», і гэтага дастаткова, каб «абслугоўваць крэдытныя абавязацельствы і выплачваць своечасова заработную плату». «У нас няма падзеньня рэальных даходаў насельніцтва, у нас своечасова выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы: пэнсіі, дапамогі і гэтак далей. Таму — па стане на цяпер — эканоміка адчувае сябе здаровай», — адзначыў чыноўнік.

Разам з тым, падкрэсьліў ён, наперадзе «вельмі сурʼёзная і напружаная праца для таго, каб не даць сытуацыю пагоршыць і, прынамсі, выйсьці на тыя ж парамэтры працы, якія былі летась да ўвядзеньня самага сурʼёзнага санкцыйнага пакета».

Галоўчанка заявіў, што «сьвет не заканчваецца на Захадзе». У краіны, паводле слоў прэмʼер-міністра, «дастаткова партнэраў», якія зацікаўленыя ў беларускай прадукцыі і гатовыя інвэставаць у Беларусь.

«Прыйшла сьвежая статыстыка, у адпаведнасьці з якой першы квартал гэтага года быў рэкордным за апошнія восем гадоў па абʼёме замежных інвэстыцый у Рэспубліку Беларусь. Уключаючы, дарэчы, і эмірацкія інвэстыцыі», — адзначыў чыноўнік.

Санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Менска і Масквы, «разгойдваюць усю сусьветную эканоміку», заявіў таксама Раман Галоўчанка.

«Праз санкцыі мэта была паставіць хутка на калені краіну. І Беларусь, і Расею, — сказаў чыноўнік. — Але мы бачым, што ў сьвеце адбываюцца і адваротныя працэсы. Адваротны бок санкцый — праблемы з харчаваньнем, праблемы з угнаеньнямі, праблемы з ростам коштаў на энэрганосьбіты (тое, ад чаго зараз Эўропа ў шоку), гэта інфляцыя. Гэта значыць санкцыі разгойдваюць усю сусьветную эканоміку».

Паводле слоў Галоўчанкі, Беларусь была «адным з важнейшых пастаўшчыкоў паліва на эўрапейскі рынак, у прыватнасьці дызэльнага паліва», паколькі «магутнасьцей па дызэльнаму паліву ў Эўропе не хапае».

«Сьвету пагражае голад. Але Вашынгтону і іх саюзьнікам, здаецца, на гэта напляваць, прабачце за шчырасьць. Таму санкцыі — гэта вельмі небясьпечны інструмэнт, якім карыстаюцца без усялякіх правілаў. Чым гэта ўсё скончыцца, спрагназаваць вельмі складана», — дадаў кіраўнік беларускага ўрада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG