Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі МЗС краінаў «Вялікай сямёркі» заклікалі Беларусь адмовіцца ад падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны


Міністры замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» падчас сустрэчы ў Нямеччыне, у Шлезвіг-Гальштэйне.

Міністры замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» (G7) па выніках сустрэчы 14 траўня выступілі з заявай, у якой заклікалі Беларусь адмовіцца ад падтрымкі Расеі ў вайне супраць Украіны.

Краіны G7 «непахісныя ў салідарнасьці і падтрымцы Ўкраіны, якая абараняецца ад неабгрунтаванай, беспадстаўнай і незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі, дзе Беларусь выступае саўдзельнікам».

«Мы чарговым разам патрабуем, каб Расея паклала канец распачатай ёй без прычыны вайне, чалавечым ахвярам і трагічным пакутам, якія яна працягвае прычыняць, — гаворыцца ў дакумэнце. — Мы таксама працягваем заклікаць Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і спыніць прадастаўляць Расеі магчымасьць зьдзяйсьняць агрэсію [са сваёй тэрыторыі]».

Кіраўнікі МЗС «Вялікай сямёркі» заклікалі апэратыўна забясьпечыць «бесьперашкодны гуманітарны доступ», а таксама садзейнічаць «эвакуацыі грамадзянскіх асоб, гарантуючы тым, хто эвакуюецца, свабоду выбару месца прызначэньня». «Заклікаем Расію... спыніць ваенную агрэсію — спыніць агонь, неадкладна і безумоўна вывесьці свае войскі з усёй тэрыторыі Ўкраіны ў рамках яе міжнародна прызнаных межаў», — адзначана ў заяве.

Прадстаўнікі G7 падзякавалі дзяржавам, якія далучыліся да санкцый, і заклікалі іншыя краіны «прыняць меры па ізаляцыі Расеі і Беларусі, што яе падтрымлівае, ад сусьветнай эканомікі, каб павысіць цану вядзеньня вайны», а таксама перашкаджаць абыходу імі абмежаваньняў. «Мы будзем прыслухоўвацца да партнэраў па ўсім сьвеце і працаваць з імі праз павелічэньне праграм дапамогі, каб зьмякчыць любое ўзьдзеяньне пуцінскай вайны на іх уласную эканоміку, і абяцаем нашую падтрымку ў зьніжэньні затрат», — запэўнілі яны.

«Мы абураныя фактамі рэпрэсій у Расеі і Беларусі ў дачыненьні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваю незадаволенасьць вайной РФ супраць Украіны, — адзначылі кіраўнікі МЗС краін G7. — Расейцы і беларусы заслугоўваюць лепшага: у іх павінна быць магчымасьць у поўнай меры карыстацца асноўнымі правамі чалавека, найперш правам вырашаць свой лёс і лёс сваіх краін».

Падкрэсьліваецца, што краіны «Вялікай сямёркі» не ваююць «ні з Расеяй, ні з народам РФ». Рашэньне Расеі напасьці на Ўкраіну «было прынята лідэрамі, якія не прымаюць дэмакратычную адказнасьць».

  • «Вялікая сямёрка» — нефармальны міжнародны клюб, які аб’ядноўвае Вялікабрытанію, Нямеччыну, Італію, Канаду, Францыю, Японію і ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG