Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Віктара Бабарыку 10 дзён трымалі ў штрафным ізалятары; у Беларусі ўжо больш за 1,2 тысячы палітвязьняў

абноўлена

Віктар Бабарыка ў судзе, 6 ліпеня 2021 году

Па стане на 14 траўня праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 1201 чалавека. Працягваем сачыць за лёсамі палітвязьняў.

Віктара Бабарыку ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 10 дзён

Як стала вядома ад родных, Віктар Бабарыка быў у штрафным ізалятары з 1 па 11 траўня, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі. За што палітвязьня зьмясьцілі туды, невядома.

Таксама Віктару Бабарыку адмовілі ў сустрэчы з адвакатам 4 і 5 траўня, але 10 траўня яе ўсё ж дазволілі.

12 траўня Віктар Бабарыка прымаў удзел у выязным судзе, які адбыўся ў калёніі, па скарзе яго прадстаўніка-адваката на зьмяшчэньне ў штрафны ізалятар. На той момант спагнаньне ўжо было выканана. Рашэньне суда пакуль не вядомае.

Палітвязьня Ігара Букаса, асуджанага да 4 гадоў калёніі, перавялі на «турэмны» рэжым

Стала вядома, што Ігару Букасу ўзмацнілі рэжым і перавялі ў «крытую» турму. Палітвязень будзе адбываць тэрмін у турме № 1, піша «Вясна».

Ігар Букас — жыхар Бабруйска, якога разам з палітзьняволеным сынам Алегам Букасам асудзілі па артыкуле 364 КК (Гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі).

Ігар і Алег былі Букасы затрыманыя 10 жніўня 2020 году. Непадалёк ад месца, дзе Букасы прыпаркавалі машыну, яны заўважылі іншае аўто і аўто ДАІ. Каля гэтых машын нейкая жанчына прасіла адпусьціць кіроўцу. Старэйшы Букас вырашыў пацікавіцца, што адбываецца, і падышоў да супрацоўніка ДАІ. У выніку ён і яго сын былі гвалтоўна затрыманыя. 27 лістапада 2020 году Ігару прысудзілі 4 гады калёніі, а Алегу — 2 гады калёніі.

Былога міжнароднага сакратара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) асудзілі на 1,5 года калёніі

Суд Ленінскага раёна Менска 14 траўня прыгаварыў былога міжнароднага сакратара Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)Уладзімера Севярына да 1,5 года калёніі агульнага рэжыму, паведамляе прэс-служба партыі.

Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 342 КК (навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, роўна як і фінансаваньне або іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці).

Севярына затрымалі 21 кастрычніка 2021 года. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

У Беларусі ўжо больш за 1200 палітвязьняў

14 траўня беларускія праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 7 чалавек:

  • Яўгена Андрэева, Віталя Мелеха, Яўгена Люльковіча, Марыю Шагіеву, Сяргея Каменева, у сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленьні абвінавачваньняў, заключэньні пад варту і вынясеньні прысудаў, зьвязаных з пазбаўленьнем волі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»);
  • Уладзіміра Бялова, Аляксандра Дзям’янцава, якіх накіравалі для адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі па ч.1 арт. 342 КК у папраўчую установу.

​Па стане на 14 траўня праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі ўжо 1201 чалавека, паведамляе «Вясна».

Перасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць

  • Віктара Бабарыку абвінавачваюць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК). Яму пагражае да 15 гадоў турэмнага зьняволеньня.
  • У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Працэс пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
  • 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляе ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледжана злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
  • Віктар Бабарыка віны не прызнае.​

Хроніка перасьледу

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «​гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
  • 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
  • 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
  • Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
  • 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
  • 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
  • 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
  • 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
  • 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
  • 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку»​. Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG