Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паставіць Расея ядзерныя ракеты ў Беларусі ў адказ на ўступленьне Фінляндыі ў NATO? Ацэнка фінскага палітоляга


Фінскія вайскоўцы падчас супольных вучэньняў з NATO, кастрычнік 2018 году

Наколькі кансалідаваная пазыцыя фінскага грамадзтва ў пытаньні ўступленьня ў NATO? Ці могуць адна або некалькі краінаў альянсу адмовіць Хэльсынкі ў просьбе? Ці можа Расея напасьці на Фінляндыю, каб прадухіліць яе ўступленьне ў Альянс? Як Расея можа выкарыстаць Беларусь для вайскова-тэхнічнага адказу на далучэньне Фінляндыі да NATO?

На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс.

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

Сьцісла:

  • Большасьць за ўступленьне ў NATO у парлямэнце ўжо ёсьць
  • 76% насельніцтва выступаюць за сяброўства краіны ў Альянсе, 83% насельніцтва бачаць у Расеі ваенную пагрозу
  • Пакуль толькі прэзыдэнт Харватыі Зоран Міланавіч сказаў, што калі ў яго будзе магчымасьць, ён накладзе вэта на ўступленьне Фінляндыі ў NATO
  • Я ня думаю, што нехта рэальна наважыцца на вэта
  • Лёндан дае Хэльсынкі ваенныя гарантыі
  • Вайна як рэальная рызыка ў Фінляндыі не разглядаецца
  • Разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі выключанае
  • Сталая вайсковая база ў Беларусі — гэта магчыма, але мы паглядзім, як Лукашэнка будзе таргавацца ў гэтым пытаньні, ці пойдзе ён на гэта
  • Лукашэнка — не Пушылін
  • Без кантролю над Украінай поўны кантроль над Беларусьсю ня надта патрэбны Маскве, кантролю на 70% цалкам дастаткова
  • Уступленьне Фінляндыі ў NATO — гэта не пачатак шляху і нават не працяг, гэта яго завяршэньне — паглыбленьне супрацы краіны з Альянсам ідзе ўжо шмат гадоў у межах розных праграмаў

— Прэзыдэнт і прэм’ерка Фінляндыі абвясьцілі, што краіна вырашыла падаць заяўку на ўступленьне ў Паўночнаатлянтычны альянс. Ці гэта канчатковае рашэньне Фінляндыі, ці можа парлямэнт яго не падтрымаць?

— Падрыхтоўка і абмеркаваньне ў палітычных колах праведзеныя, гэтае рашэньне ўжо ўхвалілі самыя важныя парлямэнцкія камітэты. Амаль усе вядучыя партыі і фракцыі парлямэнту выказаліся «за». Левы саюз пацьвердзіў сваю пазыцыю, што ён прынцыпова супраць уступленьня ў NATO, але гэтая партыя заявіла, што ня выйдзе са складу ўрадавай кааліцыі. Заўтра будзе афіцыйна прынятае рашэньне Сацыял-дэмакратычнай партыяй.

Але большасьць за ўступленьне ў NATO у парлямэнце ўжо ёсьць. Перагледзіць гэтае рашэньне ўжо немагчыма нават працэдурна.

А самае галоўнае — гэта тое, што Фінляндыя — дэмакратычная краіна. Цяпер 76% насельніцтва выступаюць за сяброўства краіны ў Альянсе, 83% насельніцтва бачаць у Расеі ваенную пагрозу. Яшчэ паўгода таму доля фінаў, якія адчувалі такую пагрозу, была значна меншай.

Ну а супрацьстаяць такой пагрозе прасьцей у складзе моцнага вайсковага блёку, чым самотна. Калі тры чвэрці насельніцтва выступаюць за ўступленьне ў NATO, усе палітычныя сілы, якія спадзяюцца на ўласную палітычную будучыню, ня будуць гэтаму пярэчыць.

— Ці магчымае хуткае ўступленьне Фінляндыі ў Альянс? У яго ўваходзяць 30 дзяржаваў. Ці можа нейкая зь іх, напрыклад, Вугоршчына на чале зь Віктарам Орбанам, сказаць «не», і Фінляндыя ня трапіць у NATO?

Гіпатэтычна гэта магчыма. Але пакуль толькі прэзыдэнт Харватыі Зоран Міланавіч сказаў, што калі ў яго будзе магчымасьць, ён накладзе вэта на ўступленьне Фінляндыі ў NATO. Аднак зацьвярджаць рашэньне Харватыі павінен парлямэнт. І накласьці гэтае вэта Міланавіч хоча не таму, што мае нешта супраць сяброўства Фінляндыі ў Альянсе, а таму што хоча, каб зьмянілі моўны закон у Босьніі.

Гэта даволі распаўсюджаная палітычная практыка на Захадзе. Я называю гэта кірмашом, на якім людзі абменьваюцца сваімі «хацелкамі». На навуковай мове гэта называецца мэханізмам узгадненьня інтарэсаў, Але ўявіць сабе, што ён гэтай сваёй пазыцыі будзе трымацца да канца і выставіць сваю краіну ў вельмі непрывабным сьвятле, практычна немагчыма.

Ня выключана, што Турэччына ўзьніме нейкія пытаньні падчас дыпляматычнага працэсу. Але я ня думаю, што нехта наважыцца на вэта.

— А па тэрмінах? Гэта можа адбыцца хутка?

На саміце NATO падаецца заяўка, а потым працэс падрыхтоўкі дамовы аб уступленьні і яе ратыфікацыі займае звычайна паўтара года. Зараз з улікам сытуацыі ў Эўропе ён можа быць паскораны, але наўрад ці ён скароціцца да некалькіх месяцаў.

— Намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі РФ Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што ўступленьне Фінляндыі і Швэцыі ў Альянс выключае захаваньне бязьядзернага статусу Балтыйскага мора. Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў сказаў, што ўступленьне гэтых дзьвюх краін у NATO — гэта пагроза бясьпецы Расеі. З вуснаў крамлёўскіх прапагандыстаў гучаць пагрозы: мы паказалі Ўкраіне, да чаго вядуць яе пляны на ўступленьне ў NATO (даволі далёкія і няпэўныя), мы тое ж зробім і зь Фінляндыяй, калі яна паспрабуе ўступіць. Наколькі такую пагрозу бяруць у Хэльсынкі пад увагу?

— Калі гэтае пытаньне абмяркоўвалася пасьля расейска-грузінскай вайны ў 2008 годзе, гаварылася, што асноўныя рызыкі будуць не пасьля ўступленьня ў альянс, а падчас працэсу ўступленьня. Пэўныя меры засьцярогі прынятыя, некалькі дзён таму вельмі важнае пагадненьне было падпісанае зь Вялікай Брытаніяй. Гэтым пагадненьнем Лёндан дае Хэльсынкі ваенныя гарантыі.

Фіны правялі падрыхтоўчыя мерапрыемствы.

Учорашняя рэакцыя Крамля на заяву прэзыдэнта і прэмʼеркі Фінляндыі ў Хэльсынкі была расцэненая як дастаткова мяккая.

Чакаецца ўзмацненьне ціску, гібрыдная вайна, парушэньні паветранай прасторы, вайскова-тэхнічныя адказы. Але вайна як рэальная рызыка ў Фінляндыі не разглядаецца. Агрэсія супраць краіны ЭЗ і кандыдата ў NATO — гэта рэч даволі балючая для патэнцыйнага агрэсара. Больш балючая, чым агрэсія адносна Ўкраіны ці Грузіі.

Што тычыцца ўзьнікненьня расейскіх вайсковых базаў на расейска-фінскай мяжы — гэта магчыма. Але не абавязкова.

Калі Латвія стала чальцом NATO, то падлётны час да Масквы ад Даўгаўпілса і ад Харкава стаў аднолькавы. І тая, і другая адлегласьць — недзе 700 кілямэтраў. Дык ніхто не казаў, што супраць Латвіі трэба весьці прэвэнтыўную вайну. Украіна ня толькі ня стала чальцом NATO, яна ня мае ніякіх магчымасьцяў ім стаць у найбліжэйшы час.

Тым ня менш аргумэнт пра падлётны час быў выкарыстаны сярод іншых у якасьці абгрунтаваньня «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

Палітычныя рашэньні не заўсёды вызначаюцца такімі фактарамі, як геаграфічная блізкасьць і далёкасьць.

Я мяркую, што гаварыць пра бязьядзерны статус Балтыйскага мора сапраўды больш не давядзецца. Але размова пойдзе хутчэй пра разьмяшчэньне ядзернай зброі на расейскіх караблях, а не ў Калінінградзкай вобласьці ці дзе б там ні было.

— Аляксандар Лукашэнка пэўны час таму казаў, што калі Захад будзе ствараць пагрозы Беларусі і Расеі, то Расея можа вярнуць у Беларусь ядзерную зброю. У Крамлі кажуць, што далучэньне Фінляндыі да NATO стварае пагрозу Расеі. Ці можа Масква ў адказ разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі? Ці сталую базу?

— На мой погляд, разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі выключанае. Чаму я кажу, што яна і ў Калінінградзе ня зьявіцца? Усе падручнікі вам скажуць, што разьмяшчаць ядзерную зброю побач зь лініяй фронту — гэта трапляць у пастку, якая называецца use-or-lose (выкарыстай ці згубі). Гэта значыць, што парог ужываньня гэтай зброі ў вас зьніжаецца рэзка, а што вы атрымліваеце за гэта — незразумела. Такая зброя каля лініі фронту робіцца больш уразьлівай для атакі няядзернымі сіламі праціўніка.

Гэтага ня раяць рабіць усе падручнікі па ядзернай стратэгіі. Калі гаварыць пра разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі, то тут, акрамя Крамля, у схему ўбудоўваецца новы кампанэнт — спадар Лукашэнка, зь якім трэба дамаўляцца, у якога фактычна зьяўляецца ключ для выкарыстаньня чужой ядзернай зброі.

Ён тады вырастае з пункту гледжаньня палітычнай значнасьці і ў сваіх вачах, і ў вашых, і ў вачах трэціх краінаў. А што вы пры гэтым выйграеце — незразумела.

Сталая вайсковая база ў Беларусі — гэта магчыма. Раней гэта было непатрэбна, зараз, можа, і патрэбна. Але мы паглядзім, як Лукашэнка будзе таргавацца па гэтым пытаньні, ці пойдзе ён на гэта. Хоць Расея для дэманстрацыі сваіх новых вайсковых магчымасьцяў можа і не пастаяць за цаной.

— А Лукашэнка наагул можа таргавацца? Яшчэ можа ці ўжо можа? У нашай з вамі размове на самым пачатку вайны вы казалі, што ад яго ўжо нічога не залежыць, як ад нейкага Пушыліна. Хто з Крамля таргуецца з Пушылінымі?

— Ну вось і атрымліваецца, што, значыць, Лукашэнка — не Пушылін. Незалежная дзяржава з сувэрэнітэтам, прызнаным іншымі краінамі, трапляе ў іншую катэгорыю. Лукашэнка можа не пагадзіцца і запатрабаваць вываду нават тых расейскіх войскаў, якія ў Беларусі яшчэ засталіся.

У яго зьявіліся магчымасьці таргавацца. У Расеі выдатна вядома, што ў Беларусі гэтая вайна непапулярная, уласны беларускі ўдзел у гэтай вайне недапушчальны. Зьяўленьне расейскіх войскаў як сталага фактару таксама ня будзе вітацца.

Я заўсёды казаў, што поўнае падпарадкаваньне Беларусі нічога Пуціну не дае. Без кантролю над Украінай поўны кантроль над Беларусьсю ня надта патрэбны Маскве. Кантролю на 70% цалкам дастаткова. Трэба вам выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю — вы яе выкарыстоўваеце.

Так што пэўныя магчымасьці торгу ў яго зьявіліся. Хоць іх ня варта перабольшваць. Яго стратэгічнае становішча і ўнутры краіны, і ў стасунках з Захадам працягвае пагаршацца.

— Калі Фінляндыя ўступіць у NATO, ці будзе яна практыкаваць тыя самаабмежаваньні, пра якія казала Расея ў сваім леташнім ультыматуме Захаду, — не разьмяшчаць ударныя ўзбраеньні на межах Расеі?

— Пытаньне аб разьмяшчэньні ў Фінляндыі ядзернай зброі не стаіць з тых жа прычын — гэта проста непатрэбна. Мяркую, што і сталыя базы NATO ня будуць разьмешчаныя хаця б з тае прычыны, што пагадненьне РФ-NATO ад 1997 году застаецца ў сіле, а яно гэта забараняе. Я чакаю нарастаньня вайсковай актыўнасьці ў пляне вучэньняў. Будзе нейкае перафарматаваньне апэратыўных плянаў, каб упісаць Фінляндыю ў сыстэму плянаваньня Альянсу.

Але гэта не пачатак шляху і нават не працяг. Гэта яго завяршэньне. Паглыбленьне супрацы Фінляндыі з NATO ідзе ўжо шмат гадоў у межах розных праграмаў.

Уступленьне ў Альянс — гэта, безумоўна, кардынальная зьмена ў вайскова-палітычным сэнсе. Але ў сэнсе ўласна вайсковым і вайскова-тэхнічным — гэта не сьвітанак новага дня, гэта працяг працэсу, які ідзе даўно.

Разьмяшчаць нейкія ўдарныя ўзбраеньні на сваёй тэрыторыі, мяркую, Фінляндыя ня будзе, зыходзячы са сваіх інтарэсаў. Яна будзе максымальна выкарыстоўваць Альянс як абарончы саюз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG