Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як лэнд-ліз патопіць армію Пуціна. Тлумачым на прыкладзе ІІ сусьветнай вайны


Крэмль і разам зь ім Лукашэнка раптам захваляваліся за ўкраінскую эканоміку і дабрабыт украінцаў. Маўляў, ратуйце, Украіну чакае галеча.

І прычына ня ў тым, што Расея трэці месяц бамбіць украінскія гарады, заводы, цэлыя жылыя раёны (а першыя два месяцы — пры дапамозе Лукашэнкі, які дазволіў скарыстаць для гэтага тэрыторыю Беларусі). Прычына, аказваецца, — амэрыканскі лэнд-ліз.

  • Лэнд-ліз — літаральна тлумачыцца як аддаваць у арэнду, пазычаць. Гэта такі амэрыканскі закон, па сутнасьці — цэлая праграма, якая падчас ІІ сусьветнай вайны дазваляла пастаўляць саюзьнікам баявыя прыпасы, тэхніку, харчаваньне, мэдычнае абсталяваньне і лекі, стратэгічную сыравіну — без аплаты. І вось цяпер ідэнтычны закон прыняў Кангрэс ЗША.
  • У гісторыі такая праграма абвяшчалася толькі раз — падчас ІІ сусьветнай вайны. І вось цяпер другі раз — для Ўкраіны. Тады, у 40-я гады, узбраеньне і тэхніка, страчаныя ў баях, наогул аплаце не падлягалі. Тое, што засталося, трэба было пасьля вайны вярнуць. Тое, што засталося ў добрым стане і выкарыстоўвалася пасьля вайны ў мірных мэтах, аплачвалася па крэдытах ЗША. Важны момант — у асноўным без працэнтаў.

Да пачатку фінансавага 2023 году аб’ём заяўленай дапамогі Ўкраіне складзе больш за $30 млрд

Цяперашні закон аб лэнд-лізе Ўкраіне фактычна тоесны ранейшаму. Ён значна спрашчае працэдуру пастаўкі ўзбраеньняў — амэрыканскія пастаўкі ня трэба аплачваць загадзя.

Белы дом сам вырашыць наконт колькасьці і тыпу ўзбраеньня. Гэта можа быць любая зброя, форма і абутак для вайскоўцаў, снарады і паліва.

Пасьля падпісаньня дакумэнту прэзыдэнт Джо Байдэн абавязаны на працягу 60 дзён устанавіць паскораныя працэдуры дастаўкі прадукцыі. І... запомніце гэты сказ... ня толькі Ўкраіне, але і іншым краінам Эўропы.

Да пачатку фінансавага 2023 году аб’ём заяўленай дапамогі складзе больш за $30 млрд, ільвіная доля якіх пойдзе на ўзбраеньне Ўкраіны.

Дапамога Ўкраіне будзе прадстаўляцца на аснове дамовы, якая будзе заключана паміж ЗША і Ўкраінай, і, хутчэй за ўсё, на ўмовах арэнды ўзбраеньняў і абсталяваньня, або зь вяртаньнем, выкупам, або з умовай адтэрміноўкі плацяжу. Прычым плата за такую арэнду або куплю можа быць адтэрмінаваная або складаць сымбалічную суму.

Таму плач прапагандыстаў Пуціна і Лукашэнкі моцна перабольшаны. Сапраўдная прычына, мабыць, зусім ня ў тым, што лэнд-ліз — гэта даўгі, а ў тым, што ён можа аказацца неймаверна карысны для Ўкраіны ў вайне з расейскай арміяй. У такім разе ў іх ёсьць падставы плакаць. І вось чаму.

Амэрыка паставіла па лэнд-лізу ў СССР грузу на $13 мільярдаў, а назад атрымалі — 2 мільёны

У СССР традыцыйна было прынята пагарджаць дапамогаю, якая паступала ў гады Другой сусьветнай вайны ў рамках лэнд-лізу ад заходніх саюзьнікаў.

Адразу пасьля вайны кіраўнік Дзяржпляну і чалец Палітбюро Мікалай Вазьнясенскі сьцьвярджаў, што ўсе заходнія пастаўкі складалі 4% ад савецкай вытворчасьці. А ў савецкіх кнігах па гісторыі пісалі, напрыклад, так: «У цэлым гэтая дапамога не была колькі-небудзь значнаю і ніяк не магла аказаць вырашальнага ўплыву на ход Вялікай Айчыннай вайны».

Насамрэч роля лэнд-лізу была ў разы больш значная, чым гэта ўяўлялася і ўяўляецца і савецкім гісторыкам, і шмат каму з расейскіх. Але ня ўсім.

Па дадзеных расейскага гісторыка Міхаіла Супруна, усе пастаўленыя ў СССР грузы, у тым ліку і тыя, што не дайшлі да пункту прызначэньня, былі ацэненыя ў 13 зь нечым мільярдаў даляраў. Зваротны лэнд-ліз з СССР амэрыканцы ацанілі ў мізэрную суму — 2 мільёны даляраў. Гэта было ў некалькі разоў менш за дапамогу Савецкаму Саюзу з боку аднаго толькі амэрыканскага Чырвонага Крыжа, якая толькі ў 1941 годзе склала 5 млн даляраў.

Згодна з ацэнкамі іншага расейскага гісторыка Барыса Сакалова, які параўнаў тагачасныя маштабы ВУП СССР і ЗША, агульны абʼём лэнд-лізу, адпраўленага ў СССР, склаў каля 78,4% ад гадавога абʼёму савецкага ВУП. Калі ж узяць савецкі ВУП за ўсе чатыры ваенныя гады, то абʼём лэнд-лізу складзе ад яго каля 20%, што ў 5 разоў больш, чым абвешчаныя Вазьнясенскім 4%.

Лэнд-ліз пакрываў асноўныя так званыя «вузкія месцы» савецкай эканомікі — вытворчасьць бэнзіну, выбуховых рэчываў, алюмінію, каляровых мэталаў, радыёстанцый, грузавікоў і г. д. Без паставак па лэнд-лізе савецкая эканоміка зрабіла б значна менш танкаў і самалётаў, бомб, мін і снарадаў, чым гэта было насамрэч, і было б значна цяжэй ужыць усю гэтую тэхніку празь недахоп паліва, транспартных сродкаў, сродкаў сувязі і інш.

Давайце цяпер канкрэтна.

Без паставак па лэнд-лізе савецкая авіяцыя засталася б бяз паліва

  • Пастаўкі выбуховых рэчываў з ЗША і Вялікай Брытаніі дасягалі 53% ад агульнага абʼёму савецкай вытворчасьці.
  • З ЗША і краін Брытанскай імпэрыі ў СССР паступіла больш за 55% адсоткаў усяго выкарыстанага ў прамысловасьці алюмінію.
  • Пастаўкі медзі складалі каля 82,5 працэнта ад абʼёму савецкай вытворчасьці.
  • Па лэнд-лізе ў Савецкі Саюз было пастаўлена 57,8 працэнта ад агульнага абʼёму вытворчасьці авіябэнзіну ў СССР у пэрыяд вайны. Відавочна, што без паставак па лэнд-лізе савецкая авіяцыя засталася б бяз паліва.
  • З гэтымі лічбамі ніхто і ў СССР не дыскутаваў. Іх проста не заўважалі.

Таксама ў СССР па лэнд-лізе было пастаўлена 35 800 радыёстанцый, 5899 прыёмнікаў і 348 лякатараў, што забясьпечыла асноўныя патрэбы Чырвонай Арміі. З ЗША паступіла 32 200 матацыклаў, што ў 1,2 раза перавышала савецкую вытворчасьць матацыклаў за 1941–1945 гады, і 409,5 тысячы аўтамабіляў, што ў 1,5 раза перавышала савецкую вытворчасьць у тыя ж ваенныя гады.

На 1 траўня 1945 году ў аўтамабільным парку Чырвонай Арміі пастаўленыя па лэнд-лізе машыны складалі 32,8%. З улікам жа большай грузападымальнасьці і лепшай якасьці роля амэрыканскіх аўтамашын была яшчэ вышэйшаю.

«Студэбэкеры», у прыватнасьці, выкарыстоўваліся ў якасьці артылерыйскіх цягачоў. Акрамя таго, савецкія рэактыўныя мінамёты «Кацюшы» ставіліся амаль выключна на шасі «Студэбэкераў» (20 тысяч установак), тады як на шасі савецкіх грузавікоў ЗІС-6 было пастаўлена толькі 600 «Кацюш».

Нармальнае функцыянаваньне савецкага чыгуначнага транспарту было б немагчыма без лэнд-лізу. Выпуск магістральных паравозаў і цеплавозаў у СССР у гады вайны быў практычна спынены. Па лэнд-лізе ж у СССР у гады вайны было дастаўлена 1900 паравозаў і 66 дызэль-электравозаў, што пераўзыходзіла агульную савецкую вытворчасьць паравозаў у 2,4 раза, а электравозаў — у 11 разоў. Чыгуначных жа вагонаў па лэнд-лізе было пастаўлена ў 10,2 раза больш за савецкую вытворчасьць 1942–1945 гадоў. Амаль палова скарыстаных у СССР рэек паступіла па лэнд-лізе.

Пастаўлялася з Захаду і прамысловае абсталяваньне. Толькі з ЗША ў 1941–1945 гадах у СССР было пастаўлена машын і абсталяваньня для прамысловасьці на 607 млн даляраў.

І гэта далёка ня ўсё. Былі і пастаўкі прадуктаў харчаваньня. Усяго па лэнд-лізе было атрымана 610 тыс. тон цукру, г. зн. амаль 30% усяго цукру, спажытага ў СССР у гады вайны. Было пастаўлена 664,6 тыс. тон мясных кансэрваў — знакамітай амэрыканскай тушонкі. Гэта было больш, чым сукупная савецкая вытворчасьць усіх кансэрваў у гады вайны.

Як Сталін, Хрушчоў, Жукаў і Пуцін хвалілі лэнд-ліз

Пералічаныя мною лічбы — гэта ня ўсе пастаўкі. І больш за тое, гэта ніякая не таямніца. Як не таямніца і тое, што падчас вайны сам Сталін высока ацэньваў значэньне лэнд-лізу. 30 лістапада 1943 году, выступаючы ў Тэгеране на ўрачыстым абедзе ў гонар дня нараджэньня Чэрчыля, ён прамовіў тост за лэнд-ліз, падзякаваўшы амэрыканцам за самалёты і машыны: «Бяз гэтых машын, атрыманых па лэнд-лізе, мы б прайгралі гэтую вайну». Гэта сказаў Сталін.

Тое самае пасьля вайны казаў Хрушчоў. Ён згадваў, што Сталін казаў яму: «Калі б ЗША нам не дапамаглі, то мы б гэтую вайну ня выйгралі».

Ды чаго далёка хадзіць. Давайце паслухаем самога Ўладзіміра Пуціна пра амэрыканскі лэнд-ліз СССР.

Уладзімір Пуцін: Можна і трэба прывесьці думку тых, хто каваў і здабываў Перамогу Савецкага Саюзу ў Вялікай Айчыннай вайне. Адна з ключавых фігур — гэта маршал Жукаў. Ён якраз, калі мне памяць ня здраджвае, казаў пра тое, што калі б не пастаўкі па лэнд-лізе, то тады прыйшлося б паваяваць яшчэ год, а можа і два. А гэта значыць — дадатковыя ахвяры, дадатковыя страты, дадатковыя разбурэньні і гэтак далей.

Выўяўляецца, сам Жукаў высока ацэньваў значэньне лэнд-лізу. Ну што ўжо тут далей даводзіць.

Як СССР не хацеў плаціць за лэнд-ліз

Дык а што з аплатай па лэнд-лізе? Пасьля вайны ЗША падлічылі даўгі і выставілі рахункі краінам-атрымальнікам. Для СССР спачатку налічылі 2,6 мільярда даляраў, а да перамоваў у 1948 годзе гэтую суму зьменшылі ажно ўдвая з растэрміноўкай на 30 гадоў пад 2,3 працэнта гадавых. У адказ Сталін заявіў, што «СССР цалкам адплаціўся па даўгах за лэнд-ліз крывёю сваіх салдат». У выніку Савецкі Саюз пагадзіўся выплаціць толькі 170 мільёнаў даляраў, на што амэрыканцы, вядома, не пагадзіліся.

Пагадненьне ўдалося заключыць у 1972 годзе — СССР абавязаўся да 2001 году выплаціць ЗША 722 мільёны даляраў, уключаючы працэнты. Але ўжо ў наступным годзе адносіны паміж краінамі зноў разладзіліся, і Савецкі Саюз спыніў выплаты. І толькі ў 1990 годзе Міхаіл Гарбачоў і амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш — старэйшы дамовіліся аб тым, што СССР выплаціць 674 мільёны даляраў да 2030 году. У жніўні 2006 году Расея сплаціла гэты доўг. Для параўнаньня — толькі за адзін дзень продажу нафты і газу Захаду Расея атрымлівае мільярд даляраў. Гэта амаль удвая больш, чым яна заплаціла ЗША за лэнд-ліз. Лічыце, амэрыканская дапамога Савецкаму саюзу, безь якой вайна працягвалася б значна даўжэй, дасталася фактычна задарма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG