Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч на Свабодзе: цытаты і інтэрвію


Станіслаў Шушкевіч. Фотакаляж

3 траўня ў 23:35 памёр Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з падпісантаў Белавескага пагадненьня, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.

Як 26 красавіка паведаміла жонка Ірына, Станіслава Шушкевіча паклалі ў рэанімацыйнае аддзяленьне г. зв. лечкамісіі з наступствамі каранавірусу. Месяц таму ён перахварэў на «омікрон», пры тым што апошнія месяцы знаходзіўся ў кватэры і кантакты былі зьведзеныя да мінімуму.

  • Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся 15 сьнежня 1934 году ў Менску. Скончыў фізыка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
  • Быў прарэктарам Менскага радыётэхнічнага інстытуту, загадчыкам катэдры ядзернай фізыкі, прарэктарам БДУ. Доктар фізыка-матэматычных навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі.
  • У 1989 годзе абраны народным дэпутатам СССР, у 1990-м — дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. З траўня 1990 — першы намесьнік старшыні ВС БССР, з 25 жніўня — выканаўца абавязкаў, а з 18 верасьня 1991-га — старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (да 26 студзеня 1994-га).
  • 8 сьнежня 1991 году разам з кіраўнікамі Ўкраіны і Расеі падпісаў Белавескія пагадненьні, якія паставілі кропку ў існаваньні СССР. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, увосень 1996 году падпісаў зварот дэпутатаў у Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. З 1998-га па 2018-ы ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду.
Падпісаньне Белавескага пагадненьня, 8 сьнежня 1991.
Падпісаньне Белавескага пагадненьня, 8 сьнежня 1991.

Станіслаў Шушкевіч быў частым госьцем Радыё Свабода, выказваў свае ацэнкі як гістарычных падзеяў, удзельнікам якіх ён быў, гэтак і актуальнай палітычнай сытуацыі.

«Я б пажадаў Беларусі, каб ёй перасталі кіраваць сілавікі»

«Я б пажадаў Беларусі, каб ёй перасталі кіраваць сілавікі, а кіравалі мэнэджары, спэцыялісты ў эканоміцы, у паліталёгіі. А ня невукі, якія ведаюць толькі адно: „Я начальнік, ты дурань“. Дык вось, я зычу Беларусі разумных кіраўнікоў» (сьнежань 2020).

«Мне падабаецца, што мы сталі нацыяй»

«Я па стане здароўя ня ўдзельнічаю ў працэсах, я не магу хадзіць нармальна бяз кія, сто мэтраў прайду, ня болей. Цяпер у мяне мала інфармацыі, няма кантактаў, якія былі заўсёды, я слухаю прагнозы іншых і маўчу. Мне падабаецца, што мы сталі нацыяй, а не падабаецца, што мы ня моцна зьядналіся. Спадзяюся на лепшае» (лістапад 2020).

«Нахабства нашай улады не параўнальнае ні з чым»

«Для мяне поўная нечаканасьць тое, што адбылося зь вядомымі асобамі. Нахабства нашай улады не параўнальнае ні з чым. Трэба ўсяго баяцца, бо нашая ўлада супраць нашай дзяржавы, супраць нашага народу. А на чале — прэзыдэнт, які хоча быць пры ўладзе» (ліпень 2020).

«Гэта троечнік ва ўсім»

«Гэта (Лукашэнка. — РС) проста ваяўнічы неадукаваны чалавек, троечнік ва ўсім, і гэта ён увесь час, ужо 25 год, дэманструе. Натальля Качанава ды іншыя яму падтакваюць, але тут зразумела — цалкам ад яго залежныя людзі. А сказаць, як у войску кажуць, калі ідуць у адстаўку на знак нязгоды, „Гонар маю“, то там няма такіх. Бо ён адбіраў іх па іншых прынцыпах» (травень 2020).

«Падчас акупацыі тры гады захоўвалася таямніца, што ў нас жыў габрэйскі хлопчык»

«Я цяпер вельмі часта ўзгадваю Сьляпянскую вуліцу, якая раней знаходзілася, дзе цяпер стаіць філярмонія. Там усе мы гаварылі па-беларуску. І такіх добрых адносін паміж людзьмі, як былі на той беднай Сьляпянскай вуліцы, я больш ня ведаю. Тры гады захоўвалася таямніца, што ў нас жыў габрэйскі хлопчык. Пра гэта ведала ўся вуліца, а пакараньне за неданос — расстрэл. Гэты час я ўспамінаю як адзін з самых лепшых, калі людзі згуртаваліся і абʼядналіся адной ідэяй — дажыць да лепшага жыцьця» (сьнежань 2019).

«Элітная частка беларускага насельніцтва была прарасейская»

«Энтузіязм, калі мы прымалі Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, быў не такі вялікі, як калі зацьвярджалі сымболіку. Сымболіка, герб і сьцяг зацьвярджаліся вельмі цяжка. Каб аднаго голасу не дабралі, яна не існавала б у нас некалькі гадоў. А так праіснавала...

Элітная частка беларускага насельніцтва была прарасейская і ня вельмі хацела, каб у нас была незалежнасьць, каб была беларуская Беларусь...

Савецкі Саюз існуе ў галовах нашых людзей, у тым ліку і ў галовах беларусаў, таму што многія звычкі Савецкага Саюзу засталіся. Савецкая мэнтальнасьць, якую падтрымлівае наша прапаганда, застаецца ў галовах людзей і перашкаджае добраму рэфармаваньню краіны...» (жнівень 2019).

«Беларускія камуністычныя дзеячы не паводзілі сябе так, каб прымяняць люстрацыю, яны могуць яшчэ перавыхавацца»

«Я падарыў Бжэзінскаму сваю кнігу „Маё жыцьцё, крах і ўваскрошаньне СССР“ на польскай мове, ён цэлую ноч яе чытаў, калі мы сустракаліся ва Ўроцлаве. Бжэзінскі думаў, што пагадненьні падпісалі тры чалавекі. І яго дарадца мне тады сказаў: „Ты зьмяніў погляд майго шэфа на гэтыя пагадненьні, мы думалі, што вас было трое. А калі гэта была вельмі моцная шасьцёрка, гэта вельмі здорава!“

Ён вельмі добра ставіўся да падпісантаў, ён казаў: „Вы прадухілілі шырокамаштабную грамадзянскую вайну на тэрыторыі ўсяго Савецкага Саюзу. Вы проста сказалі: адчувайце проста ўсе сябе вольнымі, і не было за што ваяваць“. Ён вельмі высока ацэньваў Белавескія пагадненьні, мне было вельмі прыемна зь ім кантактаваць і гаварыць на гэтую тэму.

У Вроцлаве тады Бжэзінскі атрымліваў прэмію Яна Новака-Езяранскага, а я ў журы прэміі ўваходзіў. Ён тады сказаў: „Вось вы ў Беларусі не зрабілі люстрацыю тых людзей, якія сябе пагана паказалі, а цяпер вы зь імі ня жорстка абыходзіцеся“. Я тады адказаў, што беларускія камуністычныя дзеячы не паводзілі сябе так, каб прымяняць да іх люстрацыю, яны могуць яшчэ перавыхавацца» (травень 2017).

«Радаўніца для мяне — сьвята радзіннае»

«Радаўніца для мяне — сьвята радзіннае. Мы адведваем магілы родных на Кальварыі, дзе пахаваныя мае дзед з бабуляй, і на Паўночных могілках, дзе пахаваная мая маці. Таксама мы з жонкай езьдзім у Шчытомірычы пад Менскам, на магілу бацькі — ён там, на радзіме, захацеў быць пахаваным» (красавік 2017).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG