Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад COVID-19, магчыма, памерла ў тры разы больш людзей, чым меркавалася


Паводле дасьледнікаў, звыш 18 мільёнаў чалавек — утрая больш, чым сьведчаць афіцыйныя дадзеныя — пэўна, памерлі ад COVID-19.

Пра гэта піша ВВС.

Новая справаздача навукоўцаў зьявілася праз два гады пасьля таго, як Сусьветная арганізацыя аховы здароўя ўпершыню аб’явіла аб пандэміі. Гэта адбылося 11 сакавіка 2020 году.

Група спэцыялістаў у надмернай сьмяротнасьці ад COVID-19 з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту (ЗША) вывучыла 191 краіну і тэрыторыю на прадмет таго, што яны называюць «сапраўдным глябальным паказьнікам сьмяротнасьці».

Некаторыя сьмерці былі выкліканыя вірусам, іншыя былі зьвязаныя з наступствамі інфэкцыі.

Гэта зьвязана з тым, што заражэньне COVID-19 можа пагоршыць ранейшыя захворваньні чалавека, такія як хваробы сэрца ці лёгкіх.

Паказьнік вымярэньня, які выкарыстоўваецца, называецца надмернай сьмяротнасьцю — на колькі больш людзей памірае, чым можна было б чакаць, у параўнаньні з апошнімі гадамі да пандэміі.

Каб разьлічыць гэта, дасьледнікі сабралі дадзеныя шляхам пошуку на розных урадавых вэб-сайтах, у базе дадзеных World Mortality Database, у базе дадзеных Human Mortality і ў Эўрапейскім статыстычным упраўленьні.

Паводле ацэнак, паказьнікі залішняй сьмяротнасьці моцна адрозьніваюцца па краінах і рэгіёнах, але агульны глябальны паказьнік, разьлічаны ў дасьледаваньні, складае 120 сьмерцяў на 100 000 чалавек.

Гэта будзе азначаць, што за два гады, паміж пачаткам 2020-га і канцом 2021-га, з прычыны COVID-19 мелі месца каля 18,2 мільёна надмерных сьмерцяў — у тры разы больш, чым афіцыйна зарэгістраваныя 5,9 мільёна.

Навукоўцы падкрэсьліваюць, што ацэнкі надмернай сьмяротнасьці былі разьлічаныя толькі для ўсяго пэрыяду дасьледаваньня, а не па тыднях ці месяцах. Праз затрымкі і неадпаведнасьці ў дадзеных аб сьмяротнасьці ацэнкі могуць яшчэ зьмяніцца.

Згодна з дасьледаваньнем, апублікаваным у часопісе The Lancet, самыя высокія паказьнікі былі ў краінах зь нізкім узроўнем даходу Лацінскай Амэрыкі, Эўропы і Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Але сьмяротнасьць таксама была даволі высокай у некаторых краінах з высокім узроўнем даходу, такіх як Італія і некаторыя часткі ЗША.

У пяцёрку краін з самым высокім разьліковым узроўнем надмернай сьмяротнасьці ўвайшлі:

  • Балівія
  • Баўгарыя
  • Эсваціні (каралеўства на поўдні Афрыкі)
  • Паўночная Македонія
  • Лесота

У пяцёрку з самым нізкім рэйтынгам увайшлі:

  • Ісьляндыя
  • Аўстралія
  • Сынгапур
  • Новая Зэляндыя
  • Тайвань

Вядучы аўтар дасьледаваньня доктар Хайданг Ван з Інстытуту паказьнікаў і ацэнкі здароўя сказаў:

«Разуменьне сапраўднай колькасьці памерлых у выніку пандэміі жыцьцёва важнае для эфэктыўнага прыняцьця рашэньняў у галіне грамадзкай аховы здароўя».

Іншыя дасьледаваньні, праведзеныя ў некалькіх краінах, у тым ліку Швэцыі і Нідэрляндах, паказваюць, што COVID-19 быў непасрэднай прычынай большасьці надмерных сьмерцяў.

Навукоўцы прагназуюць, што надмерная сьмяротнасьць, зьвязаная з пандэміяй, зьнізіцца дзякуючы вакцынам і новым мэтадам лячэньня.

Але папярэджваюць, што пандэмія яшчэ ня скончылася і могуць зьявіцца новыя небясьпечныя варыянты вірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG