Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасланьне ў нестабільнасьць


Лукашэнка выступае з пасланьнем 28 студзеня.

Вяртаньня да эпохі стабільнасьці, якая існавала перад прэзыдэнцкімі выбарамі, ня будзе. Пэрыяд турбулентнасьці — гэта надоўга, на ўвесь час існаваньня цяперашняга рэжыму.

Сьцісла

  • Форма і зьмест пасланьня былі скіраваныя на тое, каб даказаць, што краіна вяртаецца ў нармальны стан.
  • Аднак уся першая частка пасланьня — гэта канстатацыя таго, што Беларусь апынулася ў сытуацыі вострага ўнутранага і вонкавага крызісу.
  • Лукашэнка мусіў увесь час апраўдвацца.
  • Ня мір, не разьвіцьцё, а барацьба — вось галоўны патас пасланьня.

Чвэрць стагодзьдзя свайго кіраваньня Лукашэнка выступаў з пасланьнем у парлямэнце кожны год у красавіку-траўні. У 2020 г. гэты рытм зьбіўся. У тым годзе ён выступіў 4 жніўня напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. У наступным, 2021 годзе пасланьня ўвогуле не было. Мусіць, ня ведаў, што сказаць. Сёлета пасланьне адбылося 28 студзеня. Сам факт таго, што звыклая традыцыя выступу Лукашэнкі перад парлямэнтам зламалася, сьведчыць пра ўступленьне краіны ў пэрыяд нестабільнасьці.

Улады імкнуліся зрабіць цяперашняе пасланьне Лукашэнкі калі не гістарычным, то моцна адметным. Яго правялі ў Палацы Рэспублікі, у прысутнасьці вялікай колькасьці народу, а ня толькі дэпутатаў парлямэнту, пасьля паўтарагадовага перапынку.

Форма і зьмест пасланьня былі скіраваныя на тое, каб даказаць, што краіна вяртаецца ў нармальны стан. Другая важная задача — упэўніць усіх унутраных і замежных суб’ектаў, што Лукашэнка — легітымны прэзыдэнт, які поўнасьцю кантралюе сытуацыю ў Беларусі. Аднак гэта атрымалася ня вельмі.

Самім зьместам свайго выступу Лукашэнка сам сябе абвяргаў. Вось ён сьцьвярджае, што «Беларусь упэўнена рухаецца наперад», што беларускую мадэль іншыя краіны бяруць у якасьці прыкладу.

Аднак уся першая частка пасланьня — гэта канстатацыя таго, што Беларусь апынулася ў сытуацыі вострага ўнутранага і вонкавага крызісу. Значная частка выступу была прысьвечана падзеям 2020 году. Здавалася б, навошта вяртацца туды, больш за год прайшло. Аднак высьвятляецца, што траўма не загаілася, выбух пратэстаў сядзіць стрэмкай у сьвядомасьці і працягвае балець. Лукашэнка адмаўляе ўнутраныя прычыны незадаволеньня, даводзіць, што толькі 10% не прымае ягонай палітыкі. Тады навошта самому разам з сынам хапацца за аўтамат, каб абараніцца?

А ўжо пра крызіс адносін з суседзямі, пра пагрозу вайны, эскаляцыю канфрантацыі ў рэгіёне было сказана вельмі шмат. Што ніяк ня сьведчыць пра вяртаньне ў нармальнасьць. Канцэпцыя Беларусі як донара бясьпекі разбураная ўшчэнт. Унутраны беларускі крызіс выплюхнуўся за межы.

І сама пастаноўка пытаньня — ці гатовыя беларусы плаціць за незалежнасьць? — сьведчаньне таго, што 28 гадоў (ён сам назваў такі пэрыяд) прайшлі дарэмна. Калі праз столькі часу кіраваньня паўстае пытаньне пра лёс незалежнасьці, сувэрэнітэт апынуўся пад пагрозай, то што ж будавалі такі доўгі час? І які вынік, якая цана такога збудаваньня?

Таму і даводзілася ўвесь час апраўдвацца. Маўляў, гэта не Беларусь — дэстабілізатар сыстэмы рэгіянальнай бясьпекі. Вайны ня будзе, хоць менавіта ягоныя размовы пра вялікую верагоднасьць вайны напужалі ягоных прыхільнікаў, і жанчына задала пытаньне, ці пойдуць яе дзеці ваяваць. Незалежнасьць не аддамо, хоць якраз цяпер замежныя войскі ў вялікай колькасьці знаходзяцца на беларускай тэрыторыі. Усё гэта гучала непераканаўча.

Лукашэнка шмат разоў вяртаўся да тэмы санкцый. Хоць упэўніваў, што мы іх не баімся. Зноў сам сябе абвяргаў.

Увогуле, увесь выступ быў прасякнуты духам канфрантацыйнасьці. Ён абяцаў краіне пэрманэнтную барацьбу з унутранымі і вонкавымі ворагамі. Ня мір, не разьвіцьцё, а барацьба — вось галоўны патас пасланьня.

І яшчэ. Лукашэнка заявіў, што гатовы да ліквідацыі Парку высокіх тэхналёгій, увогуле ІТ-сэктару, вялікай часткі бізнэсу, бо людзі, якія працуюць там, становяць пагрозу ягонай уладзе. То бок дзеля ўлады гатовы нішчыць цэлыя галіны эканомікі. Вось так шчыра.

Такім чынам, вяртаньня да эпохі стабільнасьці, якая існавала перад прэзыдэнцкімі выбарамі, ня будзе. Пэрыяд турбулентнасьці — гэта надоўга, на ўвесь час існаваньня цяперашняга рэжыму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG