Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыптабіржа iExchange пакідае Беларусь з прычыны заходніх санкцый


Ілюстрацыйнае фота

Кампанія «Крыптатрэйд», якая запусьціла ў 2019 годзе ў Беларусі крыптабіржу iExchange, ліквідуецца. Новую юрыдычную асобу і крыптабіржу ўласьнікі адкрыюць у Латвіі.

Адзін з фаўндэраў iExchange Ігар Сьніжко патлумачыў dev.by: кампанія перайшла ў іншую юрысдыкцыю з прычыны санкцыяў:

«Беларусь — добрая краіна для вядзеньня гэтага віду бізнэсу. Але, на жаль, у міжнародных банкаў з прычыны санкцый узьніклі пытаньні пры закупцы ліквіднасьці. Працаваць стала цяжка».

Паводле яго, у нейкі момант плацяжы, якія ішлі па сыстэме SWIFT, пачалі спыняць і больш старанна правяраць мэнэджары рызык замежных банкаў, бо, «хутчэй за ўсё, быў негалосны загад супрацоўнікам эўрапейскіх банкаў больш пільна маніторыць плацяжы зь Беларусі». «Калі раней гэта было пэрыядычна, потым стала адбывацца сыстэматычна», — адзначыў Ігар Сьніжко.

Таксама, паводле яго, пэўныя складанасьці былі зьвязаныя з афшорным зборам, але гэтую праблему вырашылі, знайшоўшы пастаўшчыкоў у іншых юрысдыкцыях, «і, калі б не праблемы з банкаўскім сэктарам, можна было б працягваць працаваць у Беларусі».

Для запуску новага крыптапраекту заснавальнікі iExchange выбралі Латвію. Праект стартуе праз 2,5 месяца. Таксама падалі заяўку рэгулятару Сінгапура на ліцэнзію EMI (ліцэнзія на эмісію электронных грошай).

«Магчыма, калі ўзаемадзеяньне з замежнымі банкамі стабілізуецца, мы вернемся ў беларускую юрысдыкцыю. Тым больш з рынку Беларусі мы цалкам не сышлі», — дадаў Ігар Сьніжко.

Крыптабіржа iExchange запрацавала ў Беларусі летам 2019 году. Заснавальнікі — каманда бізнэсоўцаў з СНД, якія інвэставалі ў праект некалькі мільёнаў даляраў. У камандзе праекту iExchange працавалі больш за 100 спэцыялістаў (праграмісты, фінансісты, AML-мэнэджэры і інш.), у тым ліку зь Беларусі.

У чэрвені 2021 году кампанія «Крыптатрэйд» паведаміла аб рэарганізацыі і пераходзе ў іншую юрысдыкцыю. З жніўня 2021 году кампанія знаходзіцца ў ліквідацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG