Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму прасядае беларускі рубель і пры чым тут Украіна, разьбіраемся


2,62 рубля — такі на сёньня курс беларускага рубля адносна даляра. На пачатку студзеня даляр каштаваў 2,54 рубля. Глядзім, чаму ён таньнее.

Праз эскаляцыю сытуацыі вакол Украіны і пагрозы вайны з боку Расеі зьніжаюцца адносна даляра адразу тры валюты: беларускі рубель, расейскі рубель і грыўня. Беларускі рубель таньнее ўсьлед за расейскім. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

«Расейскі рубель слабее з прычыны нагнятаньня канфлікту вакол Украіны і чутак вакол будучых вайсковых дзеяньняў. Інвэстары апасаюцца, што Расея нападзе на Ўкраіну, тады ў адносінах да Расеі, як мінімум, увядуць санкцыі. Заходнія інвэстары прадаюць акцыі расейскіх кампаній. Расея — галоўны гандлёвы партнэр Беларусі, таму аслабленьне расейскага рубля ўплывае і на аслабленьне беларускага рубля», — кажа экспэрт.

Паводле эканаміста Зьмітра Крука, цяпер беларускі рубель абясцэньваецца ўсьлед за расейскім у прамой прапорцыі.

«У сярэднетэрміновым прамежку: больш за два-тры тыдні гэта прамая сувязь у прапорцыі адзін да аднаго. На карацейшых прамежках Нацбанк звычайна залагоджвае хваляваньні і стрымлівае іх», — тлумачыць Зьміцер Крук.

А калі Беларусь увяжацца ў вайну

На думку Льва Львоўскага, сытуацыю для беларускага рубля ўскладняе яшчэ і тое, што ў навінах пра атаку на Ўкраіну згадваецца і Беларусь.

«Згадваецца, што атака можа адбыцца з тэрыторыі Беларусі. Гэта дадатковы нэгатыўны фактар. Калі сапраўды так адбудзецца, то будуць сур’ёзныя наступствы і для Беларусі. Складана ўявіць, што гэта будуць за наступствы, бо ў XXI стагодзьдзі былі толькі гібрыдныя войны, досьведу маштабнай вайны пакаленьне ня мела», — кажа Леў Львоўскі.

Паводле Зьмітра Крука, пры пачатку нейкіх баявых дзеяньняў будзе далейшае абясцэньваньне расейскага рубля і ўсьлед за ім беларускага.

«Наколькі моцнае будзе абясцэньваньне, цяжка сказаць, гэта залежыць і ад рэакцыі Захаду. Уплыў можа быць істотны — ад 5% і значна вышэй. Для беларускага рубля гэта значыць абясцэньваньне ў прамой прапорцыі ўсьлед за расейскім рублём цягам месяца. Для беларускага рубля абясцэньваньне звыш 10% — гэта вельмі адчувальная і вельмі праблематычная сытуацыя. Не магу сказаць, што гэта адразу будзе праблема фінансавага стрэсу, але гэта робіць яго верагодным», — мяркуе Зьміцер Крук.

Што будзе, калі нагнятаньне сытуацыі працягнецца

Калі канфрантацыя будзе працягвацца на словах даўжэйшы час, то беларускі рубель можа яшчэ прасесьці, але нязначна, мяркуе эканаміст.

«Калі нейкіх дзеяньняў ня будзе адбывацца, санкцыі ня будуць уведзеныя, то сытуацыя будзе стабілізавацца, эканоміка будзе заставацца на цяперашнім узроўні. Калі будзе разрадка і стане зразумела, што ваенных дзеяньняў ня будзе, то варта чакаць адкату назад, інвэстары вернуцца ў Расею, і тады расейскі рубель умацуецца і беларускі рубель адкоціцца на ранейшыя значэньні», — прагназуе Леў Львоўскі.

Таксама экспэрт зважае на тое, што з прычыны нагнятаньня сытуацыі зьніжаецца адносна іншых валют і курс грыўні, а Ўкраіна «застаецца вядучым гандлёвым партнэрам Беларусі».

На думку Зьмітра Крука, у далейшым на некалькі дзён рубель будзе стабілізавацца, а далей «усё залежыць ад палітычнага разьвіцьця падзей».

«Больш шанцаў на нязначнае ўмацаваньне. Цяпер абясцэньваньне, якое адбылося, прайшло на хвалі занепакоенасьці. Калі ня будзе далейшага разьвіцьця падзеяў, то сытуацыя зьменіцца ў лепшы бок. Цяпер таксама даражэе нафта, і гэта спрыяе ўмацаваньню расейскага рубля, ад якога залежыць і беларускі. Пасьля лютага зьменшыцца і попыт на валюту з боку Цэнтрабанку Расеі, што таксама ўплывае на курс. Калі пагаршэньня сытуацыі ня будзе, то будзе ўмацаваньне да ўзроўняў пачатку месяца», — кажа Зьміцер Крук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG