Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік МЗС Расеі: «Непрымальная нават думка аб вайне з Украінай»


Пікет у Сан-Францыска, 2014 год

«Мы лічым непрымальнай нават думку аб вайне паміж нашымі народамі». Такую заяву зрабіў 27 студзеня прадстаўнік МЗС Расеі Аляксей Зайцаў, камэнтуючы паведамленьні аб магчымай пагрозе ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.

Па словах Зайцава, Расея неаднаразова заяўляла, што ні на кога нападаць не зьбіраецца.

Такія заявы сапраўды гучалі з вуснаў расейскіх прадстаўнікоў, у тым ліку кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. У той жа час у Маскве заяўлялі, што Расея адрэагуе на нібыта меркаваны наступ украінскіх узброеных сілаў на пазыцыі прарасейскіх сэпаратыстаў у Данбасе.

Як адзначае Інтэрфакс, пасьля заяваў прадстаўніка МЗС на Маскоўскай біржы вырас курс рубля ў адносінах да даляра і эўра. Расейская валюта ўмацавалася да 78 рублёў за даляр і 87 за эўра. Напярэдадні курс долара даходзіў да 80 рублёў, эўра — да 90 рублёў.

Прадстаўнікі ЗША і іншых краін Захаду ў адказ на расейскія заявы аб прыхільнасьці міру адзначалі, што пакуль ня бачаць ніякіх прыкметаў дээскаляцыі на мяжы Расеі з Украінай, дзе сабрана вялікая групоўка расейскіх войскаў. Наадварот, колькасьць гэтай групоўкі — у тым ліку з прычыны прыбыцьця расейскіх вайскоўцаў на вучэньні ў Беларусь — увесь час узрастае.

Прадстаўнік МЗС Расеі абвінаваціў краіны Захаду ў тым, што яны нібыта падштурхоўваюць Украіну да канфлікту з Расеяй. Паводле ягоных слоў, яны «маюць намер цьвёрда прытрымлівацца прадуманага імі сцэнару, па якім Расея павінна напасьці на Ўкраіну, апалчыўшы супраць сябе ўвесь заходні сьвет», а таксама хочуць «рассварыць народы Расеі і Ўкраіны».

Афіцыйная Масква ня лічыць анэксію Крыму ў 2014 годзе агрэсіяй супраць Украіны, а таксама адмаўляе вайсковую дапамогу сэпаратыстам у Данбасе, пра якую існуюць шматлікія сьведчаньні. Украіна, наадварот, лічыць Расею «краінай-агрэсарам» і падкрэсьлівае, што збройны канфлікт дэ-факта з Расеяй працягваецца з 2014 году.

26 студзеня, упершыню за доўгі час, на фоне абвастрэньня сытуацыі на мяжы адбылася сустрэча ў Парыжы палітычных дарадцаў так званай нармандзкай чацьвёркі — Расеі, Украіны, Францыі і Нямеччыны. Абмяркоўвалася тэма ўрэгуляваньня канфлікту на Данбасе. Бакі дамовіліся, што трэба падтрымліваць перамір’е зноў сустрэцца ў Бэрліне праз два тыдні.

Афіцыйны Кіеў высока ацаніў такія вынікі перамоваў. У МЗС Украіны заявілі, што верагоднасьць збройнага расейскага ўварваньня ў бліжэйшыя два тыдні зьнізілася. Прэзыдэнт Украіны Уладзімер Зяленскі назваў перамовы зьмястоўнымі і канструктыўнымі, такімі, «якія дазваляюць акрэсьліць магчымасьць дасягненьня рашэньняў, неабходных для міру».

«Для нашай дзяржавы першы прыярытэт на сёньняшні дзень — гэта дасягненьне стабільнай і безумоўнай цішыні на Данбасе», — заявіў Зяленскі. Ён таксама зноў заклікаў арганізаваць бліжэйшым часам сустрэчу лідэраў краін Нармандзкага фармату.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG