Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільніца Лукашэнкі Бондарава атрымае ад яшчэ аднаго палітвязьня 1000 рублёў маральнай кампэнсацыі


Вольга Бондарава

Праўладная актывістка з Горадні Вольга Бондарава спагнала 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды з былога палітвязьня Вадзіма Плаўскага.

Так пастанавіў суд Кастрычніцкага раёну Горадні 27 студзеня. Справу разглядаў судзьдзя Аляксандар Сіцько, паведаміў партал Hrodna.life.

Бондарава прасіла спагнаць з Вадзіма 5 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды і 87 рублёў за дзяржпошліну.

Як удакладніў Hrodna.life, 40-гадовая Вольга Бондарава — інвалід III-й групы, ёй выплачваюць пэнсію па інваліднасьці (крыху больш за 200 рублёў у месяц). Зь ейных словаў, дзеяньні Вадзіма выклікалі ў яе страх, прынесьлі маральныя пакуты і фізычны боль.

Сярод ейных цялесных пашкоджаньняў падчас канфлікту з Вадзімам — драпіна сьпінкі носа, кровазьліцьцё і ранкі сьлізістай абалонкі верхняй губы, кровазьліцьцё сьлізістай абалонкі ніжняй губы, драпіна далоневай паверхні левай рукі, кровападцёк унутранай паверхні сьцягна, ранкі на галёнцы і калене, а таксама пачуцьцё галавакружэньня.

Са словаў Бондаравай у судзе, яна трапіла ў «Чорную кнігу Беларусі. Горадня і вобласьць», «Карнікі Беларусі», дваровыя чаты, дзе «паласкалі» ейнае імя. Каля школы дачкі расклейвалі ўлёткі са словамі «Бондарава — ганьба гораду». Яна напісала заяву ў міліцыю, але аўтараў не знайшлі. Плякаты з Вольгай разьмяшчалі на кантэйнэрах для сьмецьця.

Плаўскі не пагадзіўся з пазовам. Ён прасіў зьнізіць памер сумы да 100 рублёў.

Вадзім Плаўскі — былы палітвязень, які ў студзені 2022 году вызваліўся пасьля 1,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі № 15 у Магілёве. Яго асудзілі за «Хуліганства» ў красавіку 2021 году. Актывістка «ІнфаСпэцНазу» Вольга Бондарава праходзіла па ягонай справе пацярпелай.

Канфлікт здарыўся 30 кастрычніка 2020 году, калі Плаўскі гуляў з дачкой. У той дзень на дрэвах нехта разьвесіў белыя стужкі, адну зь іх у рукі ўзяла дачка Вадзіма. У гэты час да сям’і падышла Бондарава, пачала здымаць мужчыну на камэру, размаўляць зь ім і перасьледаваць. Плаўскі адправіў дачку дадому і паваліў жанчыну на зямлю. Ён упэўнены, што яго справакавалі.

Раней Бондарава спагнала 1000 рублёў і 87 рублёў за дзяржпошліну з палітвязьня Васіля Пільца, які таксама ўжо выйшаў на волю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG