Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times расказала аб зьмесьце адказаў ЗША на патрабаваньні Расеі


ЗША ў адказах Маскве аб гарантыях бясьпекі, перададзеных расейскаму боку напярэдадні, прапанавалі дамовіцца аб абмежаваньні ядзерных узбраеньняў.

Гэта можа стаць падставай для аднаўленьня Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, дзеяньне якога спынілася ў 2019 годзе. Пра гэта піша газэта The New York Times са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з перададзенымі Маскве дакумэнтамі.

Вашынгтон і яго саюзьнікі таксама гатовыя абмеркаваць з Расеяй узаемныя абмежаваньні на правядзеньне вайсковых вучэньняў. У прыватнасьці, прапануецца праводзіць іх удалечыні ад межаў, каб манэўры не ўспрымаліся як падрыхтоўка да нападу на суседнюю краіну.

Дамова аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці была падпісаная СССР і ЗША ў 1987 годзе. Дакумэнт забараняў краінам распрацоўваць і мець на ўзбраеньні і распрацоўваць балістычныя і крылатыя ракеты наземнага базаваньня. У 2018 годзе ЗША аб’явілі аб выхадзе з дамовы і ў 2019 годзе яна страціла сваю сілу. Вашынгтон тады абвінаваціў Маскву ў парушэньні ўмоў з прычыны распрацоўкі ракеты 9М729. Расея абвінавачваньні адпрэчыла, заявіўшы, што далёкасьць ракеты не перавышае 500 кілямэтраў.

З восені мінулага году ЗША заяўляюць аб канцэнтрацыі расейскіх вайскоўцаў каля межаў з Украінай. Краіны Захаду кажуць пра рэальную пагрозу расейскага ўварваньня ў суседнюю краіну. Масква адмаўляе пляны ўварваньня. Краіны Захаду заяўляюць, што, калі яно адбудзецца, накладуць на Расею «небывалыя» санкцыі.

Расея ў сьнежні летась на гэтым фоне вылучыла шэраг патрабаваньняў да ЗША і NATO — у прыватнасьці, адмовіцца ад пашырэньня NATO на ўсход і ад разьмяшчэньня ў Эўропе ракет сярэдняй і меншай далёкасьці і ядзернай зброі ЗША.

Перамовы ў студзені да посьпеху не прывялі. Бакі дамовіліся працягнуць абмеркаваньне.

26 студзеня ЗША перадалі Расеі пісьмовыя адказы на расейскія патрабаваньні. Дзярждэпартамэнт заявіў, што зьмест дакумэнту ня будзе апублікаваны, і сказаў, што чакае і ад Расеі захаваньня яго ў таямніцы. Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен пры гэтым адзначыў, што ЗША і іх саюзьнікі не адступіліся ад асноватворных прынцыпаў NATO — такіх як адкрытасьць Паўночнаатлянтычнага саюзу для ўступленьня новых членаў.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у пятніцу заявіў, што адказы ЗША і NATO перададзены прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, і спатрэбіцца некаторы час на іх вывучэньне. «Было выказана меркаваньне нашых візаві, што гэтыя паперы ў адказ ня варта публікаваць, але зь іншага боку нашы калегі так падрабязна выклалі зьмест, што сапраўды можа і ня варта, і так усё вядома» — сказаў Пяскоў, дадаўшы, што, мяркуючы па публічных заявах прадстаўнікоў ЗША і NATO, «нельга сказаць, што нашы меркаваньні былі ўлічаныя».

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG