Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд над анархістам Емяльянавым за парушэньне рэжыму; яго выдалілі з залі


Мікіта Емяльянаў у судзе, люты 2020 году, архіўнае фота

27 студзеня пачаўся суд над анархістам Мікітам Емяльянавым за тое, што ён парушыў рэжым адбываньня пакараньня. Яму могуць дадаць яшчэ два гады зьняволеньня. 

Паводле абвінавачваньня, Мікіта нібыта не рабіў дакладу паводле вызначанага ўзору, адмаўляўся галіцца і стрыгчы валасы, не станавіўся у строй падчас праверкі ў камэры. Вядома, што такім чынам хлопец выказваў свой пратэст супраць дзеяньняў адміністрацыі турмы, якая адмаўляецца ўручаць яму лісты з надуманых прычынаў, паведамляе «Вясна».

Мікіта прысутнічаў на працэсе, аднак адмовіўся ўставаць пры адказе на пытаньні суду. Аксана Ратнікава патрабавала, каб абвінавачаны ўставаў і папярэдзіла яго, што за непавагу да суду палітвязьня могуць выдаліць з пасяджэньня. Емяльянаў патлумачыў, што ня лічыць патрэбным уставаць: «Гэта ня суд, а судзілішча, бо ў нашай краіне справядлівага і незалежнага суду не існуе».

Пасьля яшчэ двух папярэджаньняў судзьдзя выдаліла яго з паседжаньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням суду».

Магілёўскі міжраённы аддзел Cьледчага камітэту завёў на Емяльянава крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі»).

Яму могуць дадаць яшчэ два гады да першага тэрміну (чатырох гадоў зьняволеньня).

Супрацоўнікі турмы склалі на палітвязьня больш за 60 рапартаў за парушэньні рэжыму ўтрыманьня. Яго часта зьмяшчаюць у карцар. Апошні раз ён больш за месяц сядзеў у карцары ў лістападзе-сьнежні мінулага году.

Сам Мікіта раней тлумачыў, што рэжым ён парушаў на знак пратэсту супраць пастаяннага парушэньня ягоных правоў адміністрацыяй турмы.

Мікіта Емяльянаў вучыўся на 3 курсе БНТУ. Яго затрымалі ў кастрычніку 2019 году праз падазрэньне ў нападах на будынак Менскага гарадзкога суду і СІЗА на Валадарскага. Свой учынак хлопец патлумачыў пратэстам супраць перасьледу палітвязьняў.

У сакавіку 2020 году Емяльянава асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня, у выніку апэляцыі пакараньне зьменшылі да 4 гадоў. Спачатку вязень адбываў тэрмін у Бабруйскай калёніі, дзе яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу, потым як парушальніка рэжыму перавялі ў Магілёўскую крытую турму.

Праваабаронцы Беларусі прызналі Емяльянава палітвязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG