Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША прывёз у МЗС Расеі адказ на патрабаваньні гарантыяў бясьпекі

абноўлена

Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван

Амбасадар ЗША ў Маскве Джон Саліван увечары 26 студзеня прывёз у МЗС Расеі пісьмовы адказ Вашынгтону на расейскія патрабаваньні аб так званых гарантыях бясьпекі.

Пра гэта першапачаткова паведамілі СМІ, а пасьля інфармацыю пацьвердзіла і расейскае зьнешнепалітычнае ведамства. У паведамленьні на яго сайце гаворыцца, што Джона Салівана па яго просьбе прыняў намесьнік міністра Аляксандар Грушко.

«Падчас сустрэчы кіраўнік амэрыканскай дыпмісіі перадаў пісьмовы адказ адміністрацыі ЗША на раней прадстаўлены расейскім бокам праект двухбаковай дамовы аб гарантыях бясьпекі», — гаворыцца на сайце.

Па зьвестках расейскіх агенцтваў, Саліван правёў у МЗС Расеі каля паўгадзіны.

Як заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, якога цытуе CNN, амэрыканскі адказ прапануе «сур’ёзны дыпляматычны шлях наперад, калі Расея яго абярэ». Акрамя таго, у дакумэнце выкладаюцца засьцярогі, выказаныя ЗША і іх саюзьнікамі. Паводле Блінкена, у наступныя дні ён чакае далейшых перамоваў зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.

Блінкен адмовіўся агучыць дэталі прапанаванага дакумэнту, але сказаў, што ЗША, сярод іншага, паўтарылі тое, што раней заяўлялі публічна — NATO захавае палітыку «адчыненых дзьвярэй» і ня прыме патрабаваньняў Расеі абавязацца ніколі не прымаць у альянс Украіну.

Дзяржсакратар ЗША падкрэсьліў, што цяпер ініцыятыва застаецца за Расеяй, якой трэба выбраць, якім шляхам пайсьці, а Злучаныя Штаты гатовыя да любога варыянту. Блінкен дадаў, што NATO перадасьць Расеі свой асобны адказ.

Ён таксама заявіў, што амэрыканскім грамадзянам, якія знаходзяцца ва Ўкраіне, варта сур'ёзна задумацца наконт адʼезьду з краіны.

У праекце двухбаковай дамовы, перададзенай Расеяй ЗША ў сярэдзіне сьнежня, амэрыканскаму боку, сярод іншага, прапануецца: узяць на сябе абавязаньне аб недапушчэньні пашырэньня NATO на ўсход, спыніць вайсковае супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі, прыбраць з тэрыторыі Эўропы сваю ядзерную зброю і не разьмяшчаць там ударных сыстэм, здольных пагражаць Расеі. Усяго ў праекце дамовы восем артыкулаў.

Расейскі праект дамовы быў апублікаваны на сайце МЗС РФ неўзабаве пасьля перадачы яго амэрыканцам. Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што гатовы апублікаваць і амэрыканскую рэакцыю, аднак у Дзярждэпартамэнце ЗША папрасілі гэтага не рабіць. Па словах Сяргея Лаўрова, пасьля атрыманьня адказу амэрыканскага боку МЗС Расеі і іншыя кампэтэнтныя ведамствы прадставяць прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну прапановы наконт далейшых крокаў у сфэры бясьпекі.

Візыт Салівана ў МЗС Расеі адбыўся на фоне абвастрэньня напружанасьці паміж Расеяй і Ўкраінай і занепакоенасьці ЗША і іх саюзьнікаў наконт магчымых ваенных дзеяньняў з боку Масквы.

Паводле інфармацыі заходняй выведкі, Расея за апошнія месяцы сканцэнтравала каля межаў Украіны да ста тысяч сваіх вайскоўцаў — як мяркуецца, рыхтуючы ўварваньне на тэрыторыю гэтай дзяржавы.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG