Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Варшаве адмовіўся выдаць Беларусі заснавальніка Nexta Сьцяпана Пуцілу

абноўлена

Сьцяпан Пуціла, архіўнае фота

Улады Беларусі абвінавацілі Сьцяпана Пуцілу ў арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 і 3 арт. 293, ч. 1 і 2 арт. 342 КК Беларусі), а таксама ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК) і паводле шэрагу іншых артыкулаў.

Польская пракуратура абавязаная разгледзець запыт беларускага боку аб экстрадыцыі заснавальніка Nexta і накіраваць справу ў суд.

26 студзеня суд разгледзеў, ці ёсьць юрыдычныя падставы для выдачы. Пра суд паведаміў тэлеграм-канал Nexta.

У выніку польскі суд адмовіўся выдаваць Пуцілу. Як сказаў судзьдзя, «нельга выдаць чалавека толькі за тое, што гэтага хоча псыхапатычны дыктатар».

«Першапачаткова гэта [навіна пра тое, што адбудзецца суд. — РС] было даволі нечакана, паколькі я атрымаў у Польшчы міжнародную абарону і азыль. Аднак пазьней удалося даведацца, што па законе ўсё ж такі дадзены суд павінен быў прайсьці, таму што такія правілы, якія, у адрозьненьне ад беларускага закону, дзейнічаюць і распаўсюджваюцца на ўсіх. Рашэньне суду было відавочнае. Нават пракуратура падтрымала тое, што выдаваць мяне на тэрыторыю Беларусі нельга. І ў практыцы майго адваката — гэта першы за яго 40 гадоў выпадак, калі ён цалкам пагадзіўся з пазыцыяй пракурора.

Таму стрэсавага стану сёньня і не было. Судзьдзя на самым пачатку паседжаньня сказаў, што такія нормы, і ў прынцыпе я [падчас разгляду справы. — РС] ніякіх дадатковых тлумачэньняў не даваў», — сказаў у камэнтары Свабодзе Сьцяпан Пуціла.

У 2020 годзе Сьцяпан Пуціла атрымаў міжнародную абарону, а ў 2021-м — статус палітычнага ўцекача ў Польшчы. Таму сам ён упэўнены, што суд вынесе рашэньне на ягоную карысьць.

Улады Беларусі ўнесьлі Сьцяпана Пуцілу ў сьпіс «арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».

Паводле дакумэнту Сьледчага камітэту ад 28 сьнежня 2021 году, Францішка Вячорку разам з блогерамі Сьцяпанам Пуцілам, Раманам Пратасевічам і Антонам Матолькам падазраюць у злачынствах паводле дзесяці артыкулаў, такіх як «дзяржаўная здрада», «арганізацыя масавых беспарадкаў», «абраза прэзыдэнта», «падрыў канстытуцыйнага ладу» і іншых. Па некаторых артыкулах абвінавачаньне выставіла падазраваным не адзін, а два пункты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG