Сьцісла:
- Пастаянная ўнутраная вайна, сьвядомае нагнятаньне напружанасьці — неабходная ўмова выжываньня рэжыму.
- Аднак высьвятляецца, што для бесьперапыннага падвышэньня градусу напружаньня мала барацьбы толькі з унутранымі ворагамі. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе вонкавых ворагаў.
- Таму цалкам заканамерна, што Беларусь ператварылася ў фактар дэстабілізацыі ня толькі рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, але і больш шырокага абшару, у чыньнік пагрозы рэгіянальнай бясьпекі.
- Жах у тым, што Лукашэнка прывучае беларусаў да вайны як да нечага непазьбежнага. Прычым да ўдзелу ў абсалютна чужой вайне, ніяк не зьвязанай з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.
Гэта вельмі паказальна на тле таго, што Лукашэнка доўгі час выступаў у ролі гаранта стабільнасьці. Апошнія гады, асабліва пасьля Крыму, галоўным мэсыдж грамадзтву быў прыкладна такі: няхай жывём і небагата, затое ў нас мір, парадак, пакой, бясьпека.
2020 год радыкальна паламаў усю ранейшую парадыгму ягонага палітычнага пазыцыянаваньня. Памяняўся ня тое каб характар кіроўнага рэжыму, а хутчэй умовы ягонага панаваньня. Цяпер для яго існаваньня патрэбна пэрманэнтнае становішча надзвычайшчыны.
Таму, хоць, здавалася б, пратэсты задушаныя, усе ворагі пераможаныя, а рэпрэсіі не спыняюцца. Кожны дзень прыходзіць інфармацыя пра новыя арышты, затрыманьні, суды, заканадаўчыя навацыі супраць апанэнтаў.
Такім чынам, пастаянная ўнутраная вайна, сьвядомае нагнятаньне напружанасьці — неабходная ўмова выжываньня рэжыму. Таму ня думаю, што праз пэўны час, напрыклад пасьля рэфэрэндуму, рэпрэсіі спыняцца.
Аднак высьвятляецца, што для бесьперапыннага падвышэньня градусу напружаньня мала барацьбы толькі з унутранымі ворагамі. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе вонкавых ворагаў.
Таму цалкам заканамерна, што Беларусь ператварылася ў фактар дэстабілізацыі ня толькі рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, але і больш шырокага абшару, у чыньнік пагрозы рэгіянальнай бясьпекі.
Адзін за другім правакуюцца міжнародныя крызісы, у цэнтры якіх апынаецца Беларусь. Спачатку была скандальная гісторыя з пасадкай самалёта кампаніі Ryanair у менскім аэрапорце. Потым быў шматмесячны міграцыйны крызіс. Як высьвятляецца, менавіта Лукашэнка быў ініцыятарам уводу войскаў АДКБ у Казахстан. І вось цяпер Беларусь апынулася ў цэнтры ваенна-палітычнага крызісу вакол Украіны.
З выступаў Лукашэнкі апошняга часу вынікае, што цяпер галоўная пагроза Беларусі існуе не ад «страшнага монстра» NATO, а ад Украіны. Цяпер, як высьвятляецца, яна галоўны вораг Беларусі. Нагнятаньне варожасьці супраць паўднёвай суседкі набывае маштаб падрыхтоўкі да рэальнай вайны. Прычым кідаецца ў вочы як абсалютна штучны характар нібыта ўкраінскай пагрозы, так і яўны расейскі палітычны кільватэр, у межах якога дзейнічае Лукашэнка.
Галоўная выснова палягае ў тым, што зьніжэньне градусу напружанасьці — гэта пагроза для рэжыму. Таму ён і кідаецца ва ўсё новыя замежныя авантуры.
Разам з тым можна канстатаваць, што ва ўмовах пагрозы рэальнай вайны свабода рук, калідор магчымасьцяў, поле для манэўру Лукашэнкі рэзка звузіліся. Павялічылася ягоная залежнасьць ад непрадказальнай палітыкі Масквы.
Мяркую, зрабіць з Украіны ворага — задача маларэальная нават у вачах прыхільнікаў Лукашэнкі. Але жах у тым, што Лукашэнка прывучае беларусаў да вайны як да нечага непазьбежнага. Прычым да ўдзелу ў абсалютна чужой вайне, ніяк не зьвязанай з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. І гэта не выклікае ніякай рэакцыі ў грамадзтве.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
- 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
- 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
- Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
- 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
- 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
- У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
- Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
- Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
- 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
- У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com