Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Харватыі заявіў, што «Ўкраіне ня месца ў NATO». Прэм'ер адказаў: «Падумаў, што гэта кажа нейкі расейскі службовец»


Прэзыдэнт Харватыі Зоран Міланавіч

Прэзыдэнт Харватыі Зоран Міланавіч заявіў, што «Ўкраіне ня месца ў NATO», а ў выпадку эскаляцыі напружанасьці паміж Расеяй і Ўкраінай Харватыя выведзе з рэгіёну свой вайсковы кантынгент, які ўваходзіць у сілы Альянсу. Пра гэта паведамляе балканская служба Радыё Свабода.

Цяпер харвацкія вайскоўцы знаходзяцца на мяжы з Расеяй у рамках місіі NATO «Пашыраная перадавая прысутнасьць» у Польшчы і Літве.

У адказ на пытаньне, як Харватыя адрэагуе на абвастрэньне сытуацыі ва Ўкраіне, Міланавіч заявіў: «Я бачу заявы NATO аб павелічэньні сваёй прысутнасьці [ва Ўсходняй Эўропе], аб адпраўцы разьведвальных караблёў. Харватыя ня толькі не пашле войскі, але ў выпадку эскаляцыі адкліча ўсіх салдат да адзінага. Я вам абяцаю гэта».

Прэзыдэнт Харватыі лічыць, што сытуацыя на расейска-ўкраінскай мяжы «ня мае нічога агульнага ні з Расеяй, ні з Украінай». «Гэта зьвязана з дынамікай унутранай палітыкі ЗША, Джо Байдэна і яго адміністрацыі», — заявіў Міланавіч. Ён дадаў, што падтрымліваў прыход Байдэна да ўлады, але зараз бачыць «непасьлядоўнасьць» і «небясьпечныя паводзіны ў пытаньнях міжнароднай бясьпекі».

На думку прэзыдэнта Харватыі, «Украіне ня месца ў NATO». Падзеі «рэвалюцыі годнасьці» Міланавіч назваў «недэмакратычным рухам» і «пераваротам».

«Гісторыя была такая — Украіна ідзе на Захад, таму што ў Расеі няма чаго прасіць, а ў ЭЗ будуць малочныя рэкі і кісялёвыя берагі. Украіна да гэтага часу застаецца адной з найбольш карумпаваных краінаў, ЭЗ ня даў Украіне нічога», — сказаў ён.

Харвацкі прэм’ер-міністар Андрэй Плэнкавіч ужо адрэагаваў на заяву прэзыдэнта. «Наколькі мне вядома, харвацкіх вайскоўцаў ва Ўкраіне няма», — сказаў прэм’ер журналістам і дадаў, што кантынгент харвацкага войска, які быў у Польшчы, гэтымі днямі якраз вярнуўся.

«У першую хвіліну я падумаў, што гэта кажа нейкі расейскі службовец, — камэнтаваў Плэнкавіч заяву Міланавіча, зь якой той выступіў падчас наведаньня кандытарскай фабрыкі. — Напэўна так паўзьдзейнічаў цукар, яму там далі нейкія цукеркі».

У 2019 годзе ў склад сіл NATO ад Харватыі ўваходзілі 15,1 тысячы вайскоўцаў, у 2021 годзе гэтая колькасьць ацэньвалася прыкладна ў 15,2 тысячы. Найбольшая колькасьць вайскоўцаў уваходзіць у сілы Альянсу ад ЗША — 1,3 млн. Агульную колькасьць вайсковага кантынгенту ў 2021 годзе ў NATO ацэньвалі ў 3,3 млн чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG