Паводле інфармацыі, зьмешчанай на сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту, у 2021 годзе беларускія памежнікі забясьпечылі пропуск празь мяжу больш як 6,6 мільёна асобаў.
Пры гэтым паведамляецца, што ў 2020 годзе празь дзяржаўную мяжу перамясьцілася 8,8 мільёна чалавек.
«У параўнаньні з 2018 годам — да пачатку пандэміі і ўвядзеньня абмежаваньняў — колькасьць прапушчаных асобаў зьменшылася больш як у 4 разы, транспарту адпаведна — амаль у 3 разы», — паведамляе сайт.
- 19 студзеня Сусьветная арганізацыя здароўя апублікавала заяву, у якой рэкамэндуе краінам адмяніць або аслабіць абмежаваньні на міжнародныя паездкі. На думку спэцыялістаў САЗ, абмежаваньні не прынесьлі карысьці, і нашмат больш эфэктыўна працуюць меры ўладаў унутры кожнай з краінаў, якія дапамагаюць зьніжаць рызыку распаўсюджваньня інфэкцыі. Таксама, паводле САЗ, абмежаваньні ўзмацняюць «эканамічны і сацыяльны стрэс, зь якім сутыкаюцца дзяржавы».
- Да сёньня грамадзянам Беларусі патрэбныя важныя прычыны для замежных паездак. Выехаць за мяжу наземным транспартам раз на тры месяцы можна толькі на наступных падставах: вучоба/праца за мяжой або дакумэнт, які пацьвярджае права на пастаяннае або часовае пражываньне за мяжой, выезд на лячэньне/аздараўленьне і інш. Выключэньне робяць для дыпляматаў, супрацоўнікаў спэцсувязі, чальцоў афіцыйных дэлегацый і інш.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com