Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як немцы гаспадарылі ў сталіцы


Паралельна з расчысткамі вуліц і зносам небясьпечных руінаў немцы ў Менску адразу пачалі рабаваць антыкварную мэблю з кватэраў, якія цудам ацалелі ў пажарах першых дзён вайны. 1941 год.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.

Зносы часоў акупацыі

Першыя здымкі, зробленыя нямецкімі салдатамі і афіцэрамі ў Менску ў пачатку ліпеня 1941 году, і здымкі гораду, зробленыя восеньню 1941 году, паказваюць, што сытуацыя шмат дзе моцна зьмянілася. Найперш гэта датычыць вуліц Савецкай і Ленінскай. На здымках ліпеня 1941 году гэтыя вуліцы спаленыя, але большасьць каробак на іх захоўваецца. Увосень 1941 году гэтыя вуліцы ўжо страцілі шмат што са сваёй забудовы.

Апрача забудовы Старога гораду, пра які гаворка пойдзе пазьней, вынікі нямецкіх расчыстак лепш за ўсё праявіліся на забудове вуліцы Ленінскай. У ліпені 1941 году вуліца была яшчэ ў стане, які дазваляў яе аднавіць у першапачатковым выглядзе.
Апрача забудовы Старога гораду, пра які гаворка пойдзе пазьней, вынікі нямецкіх расчыстак лепш за ўсё праявіліся на забудове вуліцы Ленінскай. У ліпені 1941 году вуліца была яшчэ ў стане, які дазваляў яе аднавіць у першапачатковым выглядзе.

Фугасная бомба, якая трапіла ў гатэль «Эўропа» ў першыя дні вайны, пашкодзіла будынак гатэлю знутры і вытварыла шырокую шчыліну на фаса­дзе будынка з боку Плошчы Свабоды. Такім гатэль не­мцы ў першыя дні акупацыі і сфатаграфавалі. А во­сеньню 1941 году ад «Эўропы» ўжо заставалася толькі гара друзу з пагнутымі жалезнымі бэлькамі. У 1942 годзе зьніклі і жалезныя бэлькі. Лёс гатэлю «Эў­ропа» зазнала практычна ўся забудова вуліцы Ленінскай і значная частка вуліцы Савецкай.

Апытаныя старажылы памятаюць пераважна пра расчысткі завалаў на дарогах і пры дарогах у першыя месяцы вайны. Большасьць зь іх цьвёрда трымаецца думкі, што немцы ў Менску падчас акупацыі нічога ня зносілі.

Мае архіўныя пошукі таксама шмат не далі. Падчас акупацыі ў Беларусі гаспадарылі тры ведамствы нацыстоўскай Нямеччыны: Галоўнае камандаваньне ўзброеных сілаў, Галоўная ўправа імпэрскай бясьпекі ды імпэрскае Міністэрства акупаваных усходніх земляў, якім кіраваў Розэнбэрг.

Вязьні гета расчышчаюць руіны на вуліцы Ленінскай. Восень 1941 году
Вязьні гета расчышчаюць руіны на вуліцы Ленінскай. Восень 1941 году

У сёньняшніх беларускіх архівах захоўваюцца пераважна дакумэнты ведамства Розэнбэрга, дакладней яго мясцовых адміністрацыйных структураў. Дакумэнты нямецкіх установаў, якія датычаць Менску і Меншчыны, знаходзяцца ў двух архівах — Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным архіве Менскай вобласьці. Увесь гэты комплекс налічвае больш за 5000 справаў з дакумэнтамі розных акупацыйных установаў пераважна на нямецкай мове, але часткова і па-беларуску.

Я ўважліва прагледзеў вопісы ўсіх гэтых справаў, вылучыў зь іх каля 100, якія хоць нейкім чынам датычаць сфэры будаўніцтва або гарадзкой гаспадаркі ці жыльлёвых пытаньняў (у тым ліку забесьпячэньня будаўнічымі матэрыяламі, працы прадпрыемстваў па вырабе будматэрыялаў і інш.), і ўважліва іх прагледзеў.

Вязьні гета на расчыстцы руінаў на вуліцы Ленінскай. Восень 1941 году
Вязьні гета на расчыстцы руінаў на вуліцы Ленінскай. Восень 1941 году

Як ні дзіўна, ніякіх згадак пра зносы менскай гарадзкой забудовы, пашкоджанай вайной або цэлай, у гэтых справах не ўтрымліваецца. Няма там інфармацыі і пра расчысткі завалаў на гарадзкіх камунікацыях у першыя дні і месяцы акупацыі. Магчыма, гэта тлумачыцца тым фактам, што ў Менску захоўваюцца толькі архівы адміністрацыйных нямецкіх установаў, а не вайсковых структураў, якія шмат што вырашалі на акупаваных тэрыторыях.

Давялося рэканструяваць сытуацыю з гарадзкой забудовай часоў акупацыі паводле нешматлікіх ускосных архіўных дадзеных, небагатай інфармацыі тагачаснага друку, урыўкавых сьведчаньняў відавочцаў і з дапамогай аналізу кіна- і фотадакумэнтаў тае эпохі. Балазе, у апошнія гады пераважна за мяжой знойдзена шмат новых цікавых фатаздымкаў і кадраў відэахронікі. Прыдаліся таксама і некаторыя найноўшыя працы беларускіх гісторыкаў.

Восеньню 1941 году немцы пачалі выбухамі разбураць небясьпечныя, на іх думку, руіны спаленых менскіх дамоў. На гэтым унікальным фота — нямецкія сапёры падрываюць старажытныя дамы на вуліцы Ленінскай, колішняй Францішканскай. З боку Плошчы Свабоды выстаўлена вайсковае ачапленьне. 10 кастрычніка 1941 году
Восеньню 1941 году немцы пачалі выбухамі разбураць небясьпечныя, на іх думку, руіны спаленых менскіх дамоў. На гэтым унікальным фота — нямецкія сапёры падрываюць старажытныя дамы на вуліцы Ленінскай, колішняй Францішканскай. З боку Плошчы Свабоды выстаўлена вайсковае ачапленьне. 10 кастрычніка 1941 году

У першыя месяцы акупацыі галоўным клопатам новых уладаў сталі ня зносы і расчысткі, але разьмяшчэньне шматлікіх адміністрацыйных і вайсковых структураў, іх супрацоўнікаў і службоўцаў у горадзе. Таксама трэба было забясьпечыць жытлом і мясцовых жыхароў-пагарэльцаў. Гэтым заняліся так званыя жыльлёвыя аддзелы.

Пасьля прыходу немцаў у Менску разьмяшчаліся адміністрацыйныя органы Генэральнай акругі Беларусь — генэральны камісарыят, а таксама менскі акруговы і менскі гарадзкі камісарыяты. Паралельна пры іх былі створаныя беларускія адміністрацыйныя структуры. Напрыклад, пры гарадзкім нямецкім камісарыяце існавала гарадзкая ўправа на чале з бургамістрам, а пры генэральным камісарыяце — так званае Беларускае кіраўніцтва.

Вясной 1943 году славуты гатэль «Эўропа» ў Менску перастаў існаваць. Застаўся толькі будынак (у цэнтры), які да «Эўропы» прымыкаў і які быў зьнесены ў 1984 годзе, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці.
Вясной 1943 году славуты гатэль «Эўропа» ў Менску перастаў існаваць. Застаўся толькі будынак (у цэнтры), які да «Эўропы» прымыкаў і які быў зьнесены ў 1984 годзе, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці.

Дачыненьні паміж гэтымі структурамі зразумець проста: немцы кіравалі, беларусы выконвалі загады або бралі нямецкую згоду на выкананьне нейкіх сваіх рашэньняў. Значна цяжэй зразумець структурную герархію гэтых установаў. Напрыклад, у архівах можна сустрэць паперы, датычныя жыльлёвага аддзелу Менскай гарадзкой управы і паперы, датычныя жыльлёвага аддзелу Менскага гарадзкога камісарыяту. Былі гэта два розныя органы або адзін і той самы пад рознымі назвамі, зразумець цяжка.

Як бы там ні было, гарадзкая ўправа мела ў сваім складзе жыльлёвы аддзел, якому, у сваю чаргу, падпарадкоўвалася рамонтна-будаўнічая кантора. Гэтая апошняя кіравала рамонтна-будаўнічымі канторамі ў складзе ўсіх домакіраўніцтваў гораду. А ў складзе Беларускага кіраўніцтва пры генэральным камісарыяце існаваў асобны будаўнічы аддзел.

Зімой 1943 – 1944 гадоў вуліца Ленінская ўжо нагадвала сабой поле. Першая лінія забудовы зьнікла практычна цалкам.
Зімой 1943 – 1944 гадоў вуліца Ленінская ўжо нагадвала сабой поле. Першая лінія забудовы зьнікла практычна цалкам.

Жыльлёвыя аддзелы Беларускага кіраўніцтва пры генэральным камісарыяце і гарадзкой управе былі створаныя ў пачатку жніўня 1941 году. Задача рамонтна-будаўнічай канторы гарадзкой управы была сфармуляваная гэткім чынам:

«Рамонтна-будаўнічая кантора жыльлёвага Аддзелу ажыцьцяўляе вытворчасьць рамонтаў жылфонду на тэрыторыі гор. Менску па існуючым нарматывам і расцэнкам і састаіць на гаспадарчым разьліку».

А вось вытрымка з пляну гэтай канторы на жні­вень—сьнежань 1941 году:

«Вытворчы плян Канторы... прадугледжвае наступныя віды работ:

1) Рамонт жылых будынкаў аварыйнага характару і папсаваных бамбардыроўкай
2) Перакрыцьцё дахаў на існуючых будынках
3) Розныя рамонтна-будаўнічыя работы (бягучыя і капітальныя)

У аснову пляна ўзяты наступныя паказчыкі:

1) Аб’ём работ на справаздачны пэрыяд у тыс. руб. — 450.00
2) Патрэбная колькасьць раб. сілы ў ч/дн. — 10 000.00
3) Колькасьць рабочых дзён — 100
4) Сярэдне-дзённая вырабатка на аднаго рабочага ў дзень у руб. — 45.00
5) Фонд зарплаты рабочых у тыс. руб. — 120.00

Адбор дамоў і другіх рамонтаў па сістэме Жыльлёвага аддзелу вытвараецца домакіраўніцтвамі і зацьвярджаецца галоўным інжынерам Жыльлёвага аддзелу...»

Нямецкая тэхніка на вуліцы Савецкай. Канец чэрвеня 1941 году. У цэнтры, на рагу з Энгельса — чатырохпавярховы колішні дом Поляка, за ім добра відаць пэрспэктыву забудовы Савецкай да вуліцы Луначарскага.
Нямецкая тэхніка на вуліцы Савецкай. Канец чэрвеня 1941 году. У цэнтры, на рагу з Энгельса — чатырохпавярховы колішні дом Поляка, за ім добра відаць пэрспэктыву забудовы Савецкай да вуліцы Луначарскага.

Паводле стану на 20 кастрычніка 1941 году жыльлёвы аддзел гарадзкой управы выдаў 6918 ордэраў на новае жыльлё, у тым ліку 5377 ордэраў — пагарэльцам.

Пляны рамонтаў таксама выконваліся. Паводле адной з тагачасных справаздачаў, у сакавіку 1942 году рамонтна-будаўнічая кантора гарадзкога камісарыяту, сярод іншага, адрамантавала наступныя будынкі ў мураваным цэнтры гораду:

«2. Гарбарная 37
8. Царква
9. Савецкая 19
10. К. Маркса 72
13. Камсамольская 8
17. Энгельса 50
18. Камсамольская 3
20. Савецкая 24
26. Агульнажыцьцё на Гандлёвай
30. Камсамольская 20
31. Пляц Волі 17а
32. Энгельса 1/3».

Можна падсумаваць, што архіўныя дакумэнты рамонтна-будаўнічых кантораў за 1941–1942 гады ня ўтрымліваюць доказаў, што гэтыя структуры бралі ўдзел у разборцы або зносе руінаў у горадзе.

Палонныя чырвонаармейцы разьбіраюць завалы на рагу вуліц Энгельса і Савецкай. Лета 1941 году
Палонныя чырвонаармейцы разьбіраюць завалы на рагу вуліц Энгельса і Савецкай. Лета 1941 году

З архіўных фатаздымкаў мы ведаем, што на разборцы завалаў у першыя месяцы акупацыі працавалі вязьні менскага гета і палонныя савецкія вайскоўцы. Тым часам увосень 1941 году пра нястачу працоўнай сілы на разборцы завалаў у Менску пісаў тагачасны друк. «Менская газэта» зьмясьціла ў верасьні нататку «Упарадкуем горад»:

«Шырока разгарнуліся работы над упарадкаваньнем гораду. Распачаліся і будаўнічыя работы. Адбудавана 1-я бойня, рамантуецца тэатр Опэры і Балету ды інш. На расчыстцы руін і пажарышчаў заняты цяпер некалькі сот чалавек. Работа над упарадкаваньнем гораду затрымліваецца нястачай рабочай сілы. Паводле пляну Аддзелу Ўпарадкаваньня на ўборцы гораду павінны працаваць штодня 700–800 чалавек, а працуе 300–350 чал. Біржа Працы ня можа задаволіць патрэбнай колькасьці рабочых».

Тут мы ўжо даведваемся, што за разбор завалаў і расчыстку руінаў у першыя месяцы акупацыі ад­казваў «аддзел упарадкаваньня» гарадзкога камісарыяту.

У верасьні 1941 году генэральны камісар Беларусі Вільгельм Кубэ апублікаваў адозву «Да жыхароў Беларусі», у якой, сярод іншага, дэкляравалася і адбудова ваенных разбурэньняў.

У 1942 годзе, пасьля нямецкіх падрываў, фронт забудовы на Савецкай паміж вуліцамі Энгельса і Луначарскага выглядаў ужо як куча друзу.
У 1942 годзе, пасьля нямецкіх падрываў, фронт забудовы на Савецкай паміж вуліцамі Энгельса і Луначарскага выглядаў ужо як куча друзу.

Архіўныя матэрыялы і тагачасны друк наводзяць на думку, што па першым часе немцы сапраўды плянавалі шырока адбудаваць Менск. Пры генэральным камісарыяце з пачатку жніўня 1941 году існаваў будаўнічы аддзел, а ў 1942 годзе было заснаванае і плянава-будаўнічае бюро. У лістападзе 1941 году ў справаздачы будаўнічага аддзелу за пэрыяд з 15 жніўня па 1 лістапада згадвалася:

«1. Адшукан у былых савецкіх установах праэк­тна-каштарысны матэрыял...

8. Вытварана папярэдняя работа к пляніроўцы спаленых у час вайны гарадоў...»

27 красавіка 1942 году Генэральны камісарыят Беларусі выдаў цыркуляр аб заснаваньні «Беларускай службы будаўніцтва», якая павінна была пераняць у свае рукі ўсю будаўнічую справу, і вельмі хутка набраў штат кваліфікаваных супрацоўнікаў гэтай службы. У кастрычніку 1942 году ў Менску былі арганізаваныя архітэктурна-будаўнічыя курсы для падрыхтоўкі прафэсійных пляніроўшчыкаў і будаўнікоў.

Урэшце ў 1942 годзе нацысцкі архітэктар Рудольф Вэшэ стварыў новы генэральны плян Менску. Сьцьвярджаецца, што арыгінал гэтага дакумэнту ў нашы дні захоўваецца ў Рызе, дзе ў часе акупацыі былі цэнтральныя органы Райхскамісарыяту Остлянд, у склад якога разам з Генэральнымі акругамі Эстонія, Латвія і Літва ўваходзіла і Генэральная акруга Беларусь. Мне там папрацаваць не давялося. Копію гэтага дакумэнту, паводле беларускага друку, перадаў у 1988 годзе ў Музэй гісторыі Вялікай айчыннай вайны прафэсар архітэктуры Леанард Маскалевіч — ён працаваў у Дзяржбудзе БССР і знайшоў той плян у архівах гэтай установы. На пляне ёсьць расейскамоўныя надпісы, мова і зьмест якіх могуць сьведчыць пра іх пасьляваенны прапагандысцкі характар.

Генэральны плян Менску, створаны нямецкім архітэктарам Рудольфам Вэшэ ў 1942 годзе.
Генэральны плян Менску, створаны нямецкім архітэктарам Рудольфам Вэшэ ў 1942 годзе.

У беларускім друку часам зьвяртаецца ўвага на злавесны характар гэтага генпляну на той падставе, што па цэнтры гораду былі раскіданыя будынкі, як бы мы сёньня сказалі, сілавых структураў — жандармэрыі, СД, казармы і нават крэматорый з пляцоўкай для расстрэлаў у раёне вуліцы Карла Лібкнэхта.

Насамрэч гэта і ёсьць прапаганда, паколькі і ўсе савецкія карныя і вайсковыя ўстановы ў Менску таксама былі разьмешчаныя ў цэнтры гораду. Там яны застаюцца і ў нашы дні — і Міністэрства абароны, і турмы, і МУС, і КДБ, і шматлікія вайсковыя гарадкі і казармы на вуліцах Маякоўскага, Якуба Коласа, Куляшова і іншых. І гэта ніхто злавесным не называе. Як бы там ні было, нейкі плян Менску быў распрацаваны ў агульных рысах, што сьведчыць аб сур’ёзных намерах немцаў адносна сталіцы Беларусі.

Але на гэтым справа і спынілася. 1942 год — гэта як бы Рубікон, калі ход вайны зьмяніўся, а нямецкая ваенная машына пачала ўсё больш і больш прабуксоўваць. І гэта не магло не адбіцца на становішчы ў Менску і на лёсе гарадзкой забудовы.

Зімою 1941–1942 гадоў немцы пацярпелі першую буйную паразу пад Масквой і падчас контранаступу савецкіх войскаў адкаціліся амаль да паўночна-заходняй мяжы Беларусі. Паміж гарадамі Вяліж і Ўсьвяты ў лютым 1942 году на стыку групаў нямецкіх арміяў «Поўнач» і «Цэнтар» утварыўся 40-кілямэтровы разрыў у лініі фронту, які праіснаваў да верасьня 1942 году. Гэта паставіла пад пагрозу нямецкі кантроль над усёй Беларусьсю і, у прыватнасьці, іх валоданьне Менскам.

Фронт забудовы вуліцы Калініна паміж Біржавым завулкам і вуліцай Вольнай. Восень 1941 год
Фронт забудовы вуліцы Калініна паміж Біржавым завулкам і вуліцай Вольнай. Восень 1941 год

Бэрлін і камандаваньне вэрмахту былі моцна ўстрывожаныя, бо надавалі Беларусі важнае значэньне як пляцдарму, які адкрываў савецкім войскам прамы і кароткі шлях да Нямеччыны. Улада ў Менску як бы троху пераразьмеркавалася паміж акупацыйнымі структурамі на карысьць вайскоўцаў з групы арміяў «Цэнтар», і яны ўзяліся за справу:

«Немецкое командование... весной 1942 года... развернуло массовые оборонительные мероприятия, охватившие в том числе и Минск. С целью выявления этих мероприятий, а также общего положения в Минске и окрестностях 31 марта 1942 года в район Самохваловичей была десантирована группа Генштаба РККА, вместе с которой находился уполномоченный Белорусского штаба партизанского движения Е. Д. Гапеев. В апреле-мае 1942 года ему удалось несколько раз проникнуть в Минск. В это время немцы подрывали там разрушенные и сгоревшие каменные здания и использовали щебёнку для строительства укреплений».

У гэтай цытаце з дасьледаваньня Ірыны Варан­ковай, прысьвечанага гісторыі Менску ў часы акупацыі, мы ўпершыню сустракаемся зь інфармацыяй, што немцы пачалі выкарыстоўваць менскія руіны як крыніцу будаўнічага матэрыялу для ваенных умацаваньняў. Гэта адносіцца да красавіка і траўня 1942 году. А далей, як піша Варанкова, справа толькі пашыралася:

«Следующий этап укрепления Минска был напрямую связан с контрнаступлением Красной Армии под Сталинградом в ноябре 1942 года. В это время началось строительство дзотов с двумя-тремя амбразурами как в центре города, так и на Комаровке, в Пушкинском посёлке, в направлении бывших военных городков в Уручье и Красном Урочище и др., для чего использовали кирпич и железный лом из разрушенных зданий».

Забудова вуліцы Калініна паміж Біржавым завулкам і вуліцай Вольнай у 1942 годзе
Забудова вуліцы Калініна паміж Біржавым завулкам і вуліцай Вольнай у 1942 годзе

Увосень 1943 году, калі савецкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Беларусі, Менск зазнаў новую хвалю будаўніцтва ўмацаваньняў. У горад былі перакінутыя значныя сілы нямецкай арміі, якія разьмяшчаліся на ўскраінах, шмат жыхароў гэтых раёнаў былі выселеныя са сваіх дамоў. Беларуская цывільная адміністрацыя не пасьпявала забясьпечваць жытлом выкінутых на вуліцу вайскоўцамі менчукоў. У цагляных будынках у цэнтры гораду прабіваліся кулямётныя амбразуры.

І, нарэшце, апошняя хваля зносаў у беларускіх гарадах часоў акупацыі пракацілася вясною 1944 году. У сакавіку Гітлер прысвоіў статус «умацаваных раёнаў» 12 гарадам — Менску, Барысаву, Слуцку, Магілёву, Бабруйску, Віцебску, Воршы, Берасьцю, Баранавічам, Пінску, Лунінцу і Вільні — што азначала будаўніцтва вакол гэтых населеных пунктаў асабліва моцных умацаваньняў. Зноў слова Ірыне Варанковай.

«Согласно приказу командующего группой армий „Центр“, изданному в апреле 1944 года, в ходе строительства каждого укрепрайона создавались три рубежа обороны — центральный, окраинный и внешний. Очищалось поле обстрела, для чего был произведён снос многих зданий».

Цьверджаньне дасьледчыцы пра зносы 1944 году, што праўда, не падмацаванае спасылкай на крыніцу.

Тым ня менш факт, што ў часе акупацыі нямецкія ўлады зносілі ў Менску руіны спаленых і разбураных дамоў, можа лічыцца бяспрэчным. Пацьверджаньне гэтаму можна знайсьці і на старых здымках часоў акупацыі, і на кадрах нямецкай відэахронікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG