Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менш машын, больш зялёнай і пешаходнай зоны». Экспэрты пра тое, як магла б выглядаць Няміга бяз моста


Дэмантаж моста на Нямізе пасьля аварыі

Мост на Нямізе абрынуўся 8 студзеня 2022-га. Улады Менску паабяцалі абнавіць яго за месяц. Як можна было б уладкаваць цэнтар гораду бяз моста, абмяркоўваем з архітэктарамі і ўрбаністамі.

Ідэя аднавіць мост на Нямізе спадабалася ня ўсім. У інтэрнэце зьявілася пэтыцыя супраць аднаўленьня. У ёй гараджане пішуць, што магістраль, пад якую ў свой час рэзка зьмянілі аблічча Нямігі, «разьдзірае невялікі гістарычны цэнтар сталіцы на разрозьненыя шматкі, якія не ўспрымаюцца візуальна як адзінае цэлае і маюць абмежаваныя пешаходныя сувязі». Спыталіся ў архітэктараў, як Менску лепш — з мостам ці безь яго.

«Пешаходны цэнтар — гэта інвэстыцыі, якія акупляюцца»

Аляксей Заноўскі, сябра SAFA (Фінскага саюзу архітэктараў), магістар навук у галіне гарадзкіх дасьледаваньняў і плянаваньня, зьвяртае ўвагу на тое, што адсутнасьць моста не прывяла да транспартнага каляпсу.

«Беларуская асацыяцыя экспэртаў і сюрвэераў на транспарце (БАЭС) прапануе пайсьці далей і разгледзець варыянт зь пешаходнай Нямігай. Такім чынам, з пункту гледжаньня транспартнага каркаса гораду, можна ня толькі не аднаўляць мост, але і ў цэлым перагледзець транспартную схему цэнтральнай часткі гораду. Няміга — гэта ядро Менску, і наземны транспарт павінен там застацца. Зьмяншаецца колькасьць палосаў для легкавых аўтамабіляў, найпершы прыярытэт — грамадзкі транспарт. А вызваленае месца пакідаецца для пешаходаў, для азеляненьня, бо тут вялікая загазаванасьць ад транспарту. Патэнцыял для росту плошчы — паркінгі, якія будуць больш не патрэбныя», — кажа Аляксей Заноўскі.

Адзін з варыянтаў, які раней прапаноўвалі ўрбаністы, прадугледжваў частковы вывад ракі Нямігі з калектару і пешаходную зону ў гістарычнай частцы, каля замчышча. На думку Аляксея Заноўскага, гэта было б добрай інвэстыцыяй у будучыню.

«І такі варыянт магчымы. Пытаньне — што будзе цэнтрам гораду. Рашэньне прыбраць трафік за кошт зьмяншэньня праезнай часткі стымулюе мясцовы бізнэс, гандаль, гэта дадатковыя падаткі, інвэстыцыя, якая з часам акупляецца. Цэнтар Менску — гэта магчымасьць. Замчышча — магчымасьць аднаўленьня рэчышча ракі і шмат чаго яшчэ. І, як мы пераканаліся ў выніку гэтага неспадзяванага экспэрымэнту, транспартная нагрузка па вуліцы Леніна і вул. Нямізе не зьяўляецца непераадольным бар’ерам. Іншая рэч, што ў Менску няшмат людзей жыве ў цэнтры, і пытаньне — калі рабіць такую інвэстыцыю ў перабудову цэнтру, то для каго яна? Калі гэты мост улады ўзнаўляюць, трэба ведаць, дзеля чаго. Бо цяпер яго ўзнаўляюць проста таму, што ён там быў. Пляны зрабіць Нямігу пешаходнай абмяркоўваюцца ўжо шмат гадоў. Грошы, якія пайшлі на мост, можна было б патраціць на гэта», — разважае Аляксей Заноўскі.

«Адбудову цэнтру трэба абмяркоўваць з гараджанамі»

Архітэктар зьвяртае ўвагу і на тое, што такія пытаньні, як забудова ў цэнтры, трэба абмяркоўваць з гараджанамі. Цяпер жа мост проста аднаўляюць без усялякага абмеркаваньня.

«Гарадзкая палітыка ў розных краінах сышла ад практыкі прыняцьця рашэньняў па прыкладзе 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, калі рашэньні прымаліся толькі прафэсіяналамі. Магчыма, інцыдэнт з мостам — гэта нагода абмеркаваць будучыню цэнтральнай часткі гораду, сфармуляваць стратэгію разьвіцьця, якая дазволіць узаемаўвязаць асобныя праекты і рашэньні і разьвіць патэнцыял, закладзены папярэднімі плянамі. І каб быць пасьпяховай, гэтая стратэгія павінна распрацоўвацца з шырокім грамадзкім абмеркаваньнем з прыцягненьнем экспэртаў і зацікаўленых бакоў у асобе мясцовых жыхароў і бізнэсаў. Цэнтар гораду належыць усім мянчанам, і яны маюць права вызначаць яго будучыню. Цяпер жа ў Менску пешаходныя зоны паўстаюць кавалкамі, і ёсьць адчуваньне, што няма нейкай адзінай канцэпцыі і разуменьня, да чаго мы імкнёмся», — кажа Аляксей Заноўскі.

«Можна было разглядаць іншыя варыянты»

Архітэктары таксама зьвяртаюць увагу на тое, што мост прадугледжаны Генплянам Менску, таму калі яго не ўзнаўляць, то і сам генплян трэба было б пераглядаць. Такой думкай падзялілася адна зь менскіх архітэктарак на ўмовах ананімнасьці.

«У цэлым, усё магчыма, але трэба разглядаць усе альтэрнатыўныя варыянты. На прыкладзе многіх краін мы бачым, што калі знос такіх камунікацый каштуе таньней, чым узнаўленьне, то іх зносяць. Ёсьць варыянты, калі машыны ўводзяць у падземны тунэль, але гэта не варыянт Менску. Магчыма ж і адноўлены мост разглядаць як дарогу толькі для грамадзкага транспарту. Тут можна было зьменшыць колькасьць палосаў, частку выкарыстаць як пешаходную зону. Цяпер, напрыклад, бачна, як палепшыўся гукавы клімат на гэтых вуліцах», — кажа спэцыялістка.

«Кепска, што мост праектуюць і будуюць адначасова»

Улады Менску хочуць узнавіць мост за кароткія тэрміны — адзін месяц. У спэцыялістаў выклікае трывогу, што яго адначасова і будуюць, і праектуюць.

«Турбуе праектаваньне і будаўніцтва адначасова. Сэнс стадыйнага праектаваньня ў тым, што сьпярша робіцца ацэнка, робіцца праект, які мае некалькі стадый. На архітэктурнай стадыі распрацоўваюцца агульныя асновы, пры наступнай стадыі ўсё пралічваецца канструктарамі, робіцца экспэртыза, усё правяраецца. У цяперашняй сытуацыі гэтага не адбылося», — кажа спэцыялістка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG