Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Наш геапалітычны выбар не зь імпэрскай Расеяй, а з дэмакратычным Захадам


Расейскія танкі. Ілюстрацыйнае фота

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву з нагоды разьмяшчэньня расейскіх узброеных фармаваньняў на тэрыторыі Беларусі.

У заяве, зьмешчанай на фэйсбуку Рады, канстатуецца, што «уваход на тэрыторыю Беларусі расейскіх вайсковых фармаваньняў, іх разьмяшчэньне на мяжы з Украінай і гатоўнасьць Лукашэнкі падтрымаць агрэсіўныя авантурныя пляны Пуціна ствараюць пагрозу як для беларускага народа, гэтак і для эўрапейскай бясьпекі».

«Палітыка вайсковага збліжэньня з Расеяй, якую праводзіць нелегітымны дзейны кіраўнік Беларусі, цалкам супярэчыць дэкляраванаму ў дзейнай Канстытуцыі курсу на імкненьне зрабіць тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай (Артыкул 18)» — лічыць Рада БНР.

У заяве гаворыцца, што ўпершыню ў гісторыі Беларусь успрымаецца ў сьвеце ў якасьці патэнцыйнага агрэсара" і сьцьвярджаецца, што «дапусьціўшы на тэрыторыю краіны вялікі кантынгент расейскіх войскаў, Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Пуціна лёсам беларускага народа і гатовы заплаціць жыцьцямі людзей».

Рада БНР заявіла, што «Лукашэнка не зьяўляецца легітымна абраным кіраўніком дзяржавы, на ягоным сумленьні — сьмерці мірных людзей, тысячы палітычных вязьняў, ён ня мае ніякага ні юрыдычнага, ні маральнага права прымаць якія б тое ні было дзяржаўныя рашэньні і распараджацца жыцьцямі людзей».

У заяве патрабуецца неадкладны вывад расейскіх войскаў зь Беларусі і правядзеньне свабодных выбараў пад міжнародным назіраньнем.

«Рада БНР зьвяртаецца да грамадзтва Беларусі і здаровых патрыятычных сілаў на дзяржаўнай і вайсковай службе Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да дзеяньняў у нацыянальных інтарэсах, калі кіраўніцтва Лукашэнкі разьмесьціць расейскія войскі на сталай аснове, ядзерную зброю ў Беларусі ці зацягне Беларусь у вайну на баку дзяржавы-агрэсара», — гаворыцца ў заяве.

Рада БНР выказала перакананьне, што «усе дэмакратычныя і незалежніцкія сілы Беларусі, усе, каму дарагі лёс Бацькаўшчыны, павінны адназначна заявіць пра свой геапалітычны выбар і заяўляе, што бачыць яго не на ўсходзе, а на Захадзе, не зь імпэрскай Расеяй, а з дэмакратычным Захадам».

Таксама Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выказала спадзяваньне на падтрымку краінаў Эўразьвязу, ад Злучаных Штатаў Амэрыкі, Вялікае Брытаніі і Канады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG