Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля скасаваньня дамовы зь «Беларуськаліем» «Літоўскія чыгункі» атрымалі заяўкі ад трох кампаній на перавозку беларускага калію


Цягнік «Літоўскіх чыгунак», ілюстрацыйнае фота

Кампанія «Літоўскія чыгункі» атрымала заяўкі ад трох беларускіх кампаній на перавозку ўгнаеньняў «Беларуськалія» і зьвярнулася ў спэцыяльную ўрадавую камісію, якая павінна вырашыць, ці не пагражае нацыянальным інтарэсам заключэньне кантрактаў з гэтымі беларускімі кампаніямі.

Як распавядае прэс-служба «Літоўскіх чыгунак», да іх зьвярнулася «Беларуская калійная кампанія» з просьбай заключыць з 24 студзеня дамову на перавозку калійных угнаеньняў чыгуначным транспартам празь Літву. Кампанія аргумэнтуе гэта неабходнасьцю выкананьня сваіх абавязацельстваў па рэалізацыі ўгнаеньняў з Клайпэдзкага порту. Таксама на перавозку ўгнаеньняў празь Літву прэтэндуюць кампаніі «Белінтэртранс» і «Белкалій-Мігао».

Як адзначаюць у «Літоўскіх чыгунках», ім патрэбныя прававыя падставы, каб адмовіць кампаніям у заключэньні пагадненьняў і тым самым спыніць транзыт беларускіх калійных угнаеньняў празь Літву, інакш адмова пагражае прэтэнзіямі як да «Літоўскіх чыгунак», так і для дзяржавы. Таму кампанія зьвярнулася ў Каардынацыйную камісію па ахове аб’ектаў, важных для гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі. Камісія павінна вырашыць, ці не пагражае нацыянальным інтарэсам заключэньне кантрактаў з гэтымі беларускімі кампаніямі.

«Беларуськалій» экспартуе мінэральныя ўгнаеньні праз «Беларускую калійную кампанію». Доля «Беларуськалія» ў БКК складае 48 працэнтаў. У пачатку сьнежня 2021 году «Беларуская калійная кампанія» патрапіла пад санкцыі ЗША, але з адтэрміноўкай у 120 дзён (да пачатку красавіка).

  • Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.
  • 9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, у тым ліку ААТ «Беларуськалій». Гэтыя санкцыі набылі моц 8 сьнежня.
  • У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.
  • Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой. Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, прыгразіў Літве, што перакрые транзыт тавараў з Украіны.
  • 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэньне спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы.
  • «Літоўскія чыгункі» ўжо афіцыйна паінфармавалі «Беларуськалій» аб скасаваньні дамовы з 1 лютага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG