Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісарка Югансан: дэпартацыі мігрантаў няма месца ў прававой сыстэме ЭЗ


Ільва Югансан

Эўракамісарка па ўнутраных справах Ільва Югансан, якая знаходзіцца ў Літве, заявіла, што дэпартацыі мігрантаў няма месца ў прававой сыстэме Эўразьвязу.

Пра гэта паведамляе партал Delfi.

«У людзей ёсьць права прасіць прытулку», — сказала палітык напярэдадні міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях кіраваньня межамі, якая пачыналася ў Вільні.

Паводле яе слоў, з гэтай прычыны Эўракамісія выпрацавала прапановы, якія закліканыя вызначыць, якія выключэньні могуць, а якія ня могуць ужывацца для краінаў, якія сутыкаюцца з інструмэнталізаванай міграцыяй.

Вільня, у сваю чаргу, заяўляе, што палітыку недапушчэньня мігрантаў у краіну яна праводзіць з прычыны дзеяньняў менскага рэжыму. У прыватнасьці, службовыя асобы краіны кажуць, што для мігрантаў створаныя ўмовы, каб прасіць прытулку на памежных пунктах пропуску і ў амбасадах. Праваабаронцы ж кажуць, што гэты парадак неэфэктыўны, бо частка мігрантаў ня можа прасіць прытулку на літоўскіх пунктах пропуску, хутчэй за ўсё, праз адсутнасьць дакумэнтаў, а бязь іх у бок Літвы не прапускаюць беларускія пагранічнікі.

Югансан таксама падкрэсьліла, што пазыцыя ЭЗ не фінансаваць будаўніцтва сьценаў на мяжы застаецца нязьменнай. «Калі дзяржавы-чальцы хочуць будаваць сьцены, яны могуць гэта рабіць, але пазыцыя Эўракамісіі ўжо даўно палягае ў прынцыпе — не фінансаваць сьцены або платы з калючага дроту», — сказала эўракамісарка. Паводле яе слоў, крызісы зь нелегальнай міграцыяй трэба вырашаць, скарачаючы паток іншаземцаў з трэціх краін.

«Плян Лукашэнкі ня спраўдзіўся. На мой погляд, такім чынам нам трэба вырашаць крызісы і ў далейшым», — сказала палітык.

У Літву незаконна ў мінулым годзе трапілі больш за 4 тысячы мігрантаў. Літва і іншыя краіны Захаду абвінавачваюць менскі рэжым у арганізацыі плыняў мігрантаў і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG