Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Расея вядзе «актыўны набор наймітаў» для адпраўкі ў Данбас


Вайсковы аддзел «ДНР»

Вайсковая выведка Ўкраіны сьцьвярджае, што Расея ў апошнія тыдні ўмацоўвае ўзброеную групоўку ў непадкантрольных Украіне раёнах Данбасу.

Паводле паведамленьня ўкраінскай выведкі, у распараджэньне сэпаратыстаў, якія падтрымліваюцца Расеяй, з пачатку студзеня паступіла больш за 7 тысяч тон паліва, танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, іншае ўзбраеньне і боепрыпасы.

Таксама, як гаворыцца ў паведамленьні, у цэнтрах вэрбаваньня на тэрыторыі Расеі ідзе «актыўны набор наймітаў», якія пасьля праходжаньня інтэнсіўнай падрыхтоўкі накіроўваюцца ў Данецкую і Луганскую вобласьці.

Паведамленьні паступаюць на фоне разгортваньня каля межаў з Украінай буйной групоўкі расейскіх войскаў. ЗША і іх саюзьнікі лічаць, што Расея неўзабаве можа пачаць шырокамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны — хоць аб’ёмы і мэты меркаванага ўварваньня пакуль не зусім ясныя.

Вядучыя прадстаўнікі ЗША, у тым ліку дзяржсакратар і прэзыдэнт, заяўляюць, што нават калі адзін расейскі вайсковец перасячэ мяжу Ўкраіны, гэта будзе лічыцца ўварваньнем і пацягне за сабой рэакцыю Захаду (незразумела, зрэшты, ці адносіцца гэта заява да анэксаванага Крыму, дзе расейскія войскі разьмешчаныя адкрыта, і да кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторый Данбасу, дзе, як сьцьвярджае Масква, расейскіх войскаў няма). Пры гэтым ЗША указваюць на тое, што Расея можа, як і раней, выкарыстоўваць «гібрыдную» тактыку, без адкрытага ўдзелу сваіх вайскоўцаў. Яснасьці аб тым, якія меры прыме Захад у адказ на такую тактыку, пакуль няма.

Сэпаратысты так званай «ДНР» сьцьвярджаюць, што Ўкраіна перакінула ў Данбас восем рэактыўных сыстэм «Сьмерч» і «Ураган», і лічаць гэта падрыхтоўкай да «разьвязваньня актыўных баявых дзеяньняў» у рэгіёне. Кіеў неаднаразова заяўляў, што не рыхтуе наступу ў Данбасе.

  • У апошнія дні ўвагу прыцягвае перакідваньне расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі з Далёкага Ўсходу на Захад. Як адзначаецца ў расьсьледаваньні Радыё Свабода і CIT, частка вайскоўцаў едзе на вучэньні ў Беларусь, якія пройдуць у лютым, аднак іншая частка адпраўляецца да мяжы з Украінай у працяглыя камандзіроўкі.
  • У пятніцу «Інтэрфакс» са спасылкай на Мінабароны Расе піша, што два дывізіёны сыстэм супрацьпаветранай абароны (СПА) далёкага дзеяньня С-400 «Трыюмф» накіраваныя па чыгунцы з Далёкага Ўсходу ў Беларусь. Пасьля прыбыцьця «да месцаў выкананьня навучальных задач» на «незнаёмыя палігоны» Беларусі расейскія вайскоўцы правядуць маскіроўку пускавых пазыцый, тэхнічнае абслугоўваньне абсталяваньня і заступяць на вучэбнае баявое дзяжурства па СПА, паведамілі ў вайсковым ведамстве Расеі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG