Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы паскардзіліся ў Мінінфарм на СТВ за нецэнзурную лаянку ў эфіры Азаронка. Што адказалі ў міністэрстве


Рыгор Азаронак

Міністэрства інфармацыі адказала на пэтыцыю беларусаў на партале «Зручны горад», у якой прасілі адрэагаваць на тое, што ў эфіры СТВ ў перадачы Рыгора Азаронка некалькі сэкундаў трансьлявалася нецэнзурная лексыка.

Паводле пэтыцыі, у праграме навінаў «24 гадзіны» на тэлеканале СТВ ад 29 верасьня ў выпуску «Тайныя спружыны палітыкі 2.0» (дзе Рыгор Азаронак расказваў пра застрэленага сілавікамі айцішніка Зельцара) у кадры паказалі скрыншоты з камэнтароў у адным з тэлеграм-каналаў, дзе на працягу некалькіх сэкундаў гледачы маглі назіраць незарэтушаванае паведамленьне са словамі «на**й б**дзь» (пазьней відэазапіс эфіру адрэдагавалі і лаянкавыя словы замазалі).

«Зьвяртаем увагу, што інфармацыйна-аналітычная праграма трансьлявалася ў прайм-тайм і ня мела знака ўзроставага абмежаваньня, а таксама не зьмяшчала папярэджаньняў аб магчымым выкарыстаньні нецэнзурнай лексыкі», — гаворыцца ў пэтыцыі.

Яе аўтары падкрэсьліваюць, што гэтым быў парушаны арт. 30 закону «Аб сродках масавай інфармацыі», і просяць Міністэрства інфармацыі разабрацца ў сытуацыі і вынесьці пісьмовае папярэджаньне тэлеканалу СТВ.

Што адказалі ўлады

Зь Міністэрства інфармацыі прыйшоў адказ за подпісам намесьніка міністра Андрэя Кунцэвіча. У ім гаворыцца, што згодна зь інфармацыяй, прадстаўленай тэлеканалам СТВ, «з мэтай выключэньня дэманстрацыі ў эфіры дадзеных словаў фразы зь імі былі „размытыя“, аднак у сувязі з тэхнічным збоем у этэр трапілі кадры, на якіх „размыцьцё“ адсутнічала».

Сьцьвярджаецца, што да работнікаў, адказных за выпуск праграмы ў этэр, прымянілі меры дысцыплінарнага спагнаньня.

Таксама Андрэй Кунцэвіч адзначае, што, паколькі ў ходзе разгляду звароту ўстанавіць факт наяўнасьці нецэнзурных словаў у тэлепраграме «не зьяўляецца магчымым», падставы для прымяненьня Мінінфармам якіх-небудзь мер рэагаваньняў у дачыненьні да тэлеканалу СТВ, у тым ліку вынясеньня пісьмовага папярэджаньня, адсутнічаюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG