Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на вайсковай нарадзе ў Лунінцы абвінаваціў Кіеў, што з душы ўкраінскай нацыі «вырываюць памяць славянскіх народаў»


Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Берасьцейскую вобласьць. 21 студзеня 2022

Падчас паездкі на Берасьцейшчыну Аляксандар Лукашэнка праводзіць нараду аб «умацаваньня ваеннай бясьпекі Беларусі».

Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, у Лунінецкім раёне ён наведвае вайсковыя аб’екты і праводзіць нараду з вайскоўцамі.

«Яшчэ 10 гадоў таму ніхто і ня думаў, што такі момант, як сёньня, наступіць і нам давядзецца ствараць вайсковыя часткі і цэлае абʼяднаньне для абароны нашых паўднёвых межаў. З болем у сэрцы мы назіраем усё тое, што робіцца ва Ўкраіне. Яе цяперашняе палітычнае кіраўніцтва, знаходзячыся пад вонкавым кіраваньнем, вядзе часам сябе непрадказальна і неадэкватна. Таму на гэты выпадак — непрадказальнасьці, неадэкватнасьці — і на выпадак, ня дай Бог, ваенных дзеяньняў нам трэба вызначацца. Амаль 1500 км паўднёвай мяжы Беларусі і Ўкраіны — гэта немалая працягласьць. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба ня проста бачыць, што будзе адбывацца і адбываецца на гэтай мяжы, яе трэба надзейна абараніць», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з душы ўкраінскай нацыі нібыта «вырываюць памяць славянскіх народаў, адзіныя карані, мову, культурны і этнічны код, які зьвязвае народы»:

«Мы не ўяўлялі, што празь некалькі дзясяткаў гадоў пасьля заканчэньня Вялікай Айчыннай вайны па цэнтральных вуліцах Кіева, іншых гарадоў будуць маршыраваць малойчыкі з фашысцкай свастыкай. Гэта для нас непрымальна, таму што мы ніколі не забудзем усё тое, што рабілася на нашай тэрыторыі. Нарэшце, мы памятаем Хатынь, памятаем, што адбылося, і ня толькі, што адбылося, а хто тварыў там гэтыя бясчынствы, гэта таксама адна з прычын, чаму мы вымушаны сёньня рэагаваць тут, на поўдні нашай краіны, на тую сытуацыю, якая складваецца»,— сказаў Лукашэнка.

Беларуска-украінская мяжа

  • Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.
  • Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

У Беларусі зьявіліся расейскія вайскоўцы

У Беларусь на манэўры ўжо пачалі прыбываць расейскія вайсковыя падразьдзяленьні і тэхніка. На першым этапе манэўраў, да 9 лютага, праводзіцца іх перадыслякацыя да месца правядзеньня вучэньняў.

Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» павінны адбыцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі. Вайсковыя экспэрты лічаць, што такім чынам Расея можа рыхтаваць напад на Ўкраіну або правакацыі.

Расейцы перамяшчаюцца па чыгунцы і аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня. Акрамя гэтага, расейская авіяцыя ўжо выкарыстоўвае беларускія вайсковыя аэрадромы.

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў, разьмешчаных ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Аднак расейскія войскі заўважылі блізка да ўкраінскай мяжы ў месцах, якія не фігуравалі ў анонсе вучэньняў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG