Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 студзеня: Пакараную за смайлік жанчыну зноў судзяць за абразу таго ж міліцыянта; 2 гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах


Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Свабода штодня вядзе хроніку рэпрэсій.

Жанчыну, якую летась пакаралі двума гадамі хатняй «хіміі» за эмодзі «какашкі», зноў судзяць. Пра пачатак чарговага судовага паседжаньня ў дачыненьні да жыхаркі Івацэвічаў Вольгі Кронды, якая адна гадуе дзіця, паведамляе «Ганцавіцкі час».

Вольга Кронда
Вольга Кронда

У жніўні 33-гадовую Вольгу Кронду ўжо судзілі за абразу міліцыянта Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко. Справу на просьбу пацярпелага разглядалі ў закрытым працэсе . Тады падставай для перасьледу сталі некалькі смайлікаў «какашка», якія жанчына пакінула пад фатаздымкам Куцко.

Суд пакараў яе двума гадамі хатняй «хіміі», таксама яна мусіць выплаціць сілавіку 2000 рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі.

Вольга абскардзіла гэты прысуд, але 28 верасьня абласны суд пакінуў яго ў сіле.

Жанчына папрасіла суд даць ёй магчымасьць выплачваць кампэнсацыю міліцыянту ў растэрміноўку, бо ня мае такіх грошай. Яна працуе рамесьніцай, гадуе чатырохгадовую дачку.

Сьледчы выдаў Вользе Крондзе пастанову пра абмежаваньне выезду за межы Беларусі. Хаця выезд і так быў абмежаваны яшчэ ў красавіку ў сувязі з адбыцьцём ёю «хіміі».

Аднак праз час стала вядома, што на жанчыну завялі чарговую крымінальную справу, паводле 369-га артыкулу, за зьнявагу таго ж самага міліцыянта.

Летась у жніўні ў дакумэнце паведамлялася, што 3 і 4 жніўня, знаходзячыся ў кватэры, праз тэлефон у тэлеграм-канале «Салідарнасьць. Івацэвічы» яна разьмясьціла публікацыі, якія «прыніжаюць гонар і годнасьць асобы прадстаўніка ўлады, опэрупаўнаважанага Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

«Калі мне вынесьлі прысуд у жніўні ў івацэвіцкім судзе, я пакінула 4 жніўня ў тэлеграм-канале зварот да гэтага Куцко і напісала, што ён «абаср...ся і абняславіўся». 19 жніўня днём мяне зь дзіцем вылавілі ў горадзе, у банку, пасадзілі ў машыну, прывезьлі дадому, зрабілі ператрус. Зноў забралі тэлефон на экспэртызу, — тлумачыла раней Вольга.

На пачатку кастрычніка 2021 году яе выклікалі на допыт. Вольга адмовілася ад дачы паказаньняў.

Паседжаньне ў новай крымінальнай справе ў Вольгі пачалося ўчора. Праходзіла яно зноў у закрытым рэжыме, пра што папрасіў Руслан.

Траіх менчукоў асудзілі да 2 гадоў «хіміі» за «счэпку» на акцыі пратэсту пасьля выбараў

У судзе Савецкага раёну Менску 17 студзеня да 2 гадоў «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля выбараў асудзілі траіх менчукоў. Судзьдзя Алена Жуковіч асудзіла палітвязьня Мікіту Саснова, Аляксея Кандраценку і Ягора Ж. па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), піша «Вясна».

Усе трое фігурантаў справы на судзе прызналі віну. Галоўны доказ іх віны — фатаздымак з Інстаграму фатографа, які быў апублікаваны на многіх казахстанскіх сайтах.

Усе трое былі пад вартай у СІЗА-1 па некалькі месяцаў, а пасьля абвяшчэньня прысуду іх вызвалілі ў залі суда да накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» гомельскі ютуб‑канал «Трэці Рэгіён Беларусь»


Ютуб-канал «Трэці Рэгіён Беларусь» пазначаны ў сьпісе тых, хто мае дачыненьне да экстрэмізму, заўважыла «Медыязона».

На момант публікацыі канал налічваў 393 падпісанты. На ім публікаваліся відэа з акцыяў пратэсту ў Беларусі і мітынгаў у Кіеве. Апошні відэазапіс апублікаваны 20 жніўня 2021 году.

4 студзеня супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі стваральніка каналу Алега Канавалава. Вядома, што Алег у 2020 годзе пераехаў ва Ўкраіну. На навагоднія сьвяты ён прыехаў у Беларусь, дзе яго і затрымалі.

Супраць яго завялі крымінальную справу аб распальваньні сацыяльнай варожасьці (артыкул 130 КК). МУС паведаміла, што Канавалаў зь лета 2020 году «актыўна ўдзельнічаў у пратэстным руху, здымаў і разьмяшчаў відэа на сваім канале, дэананімізаваў сілавікоў». Пасьля пераезду ва Ўкраіну разьмяшчаў у сацсетках інфармацыю «антыдзяржаўнага кшталту», «прапагандаваў узброены супраціў прадстаўнікам улады і супрацоўнікам праваахоўных органаў», а таксама «цынічна выказваўся ў камэнтарах аб гібелі супрацоўніка КДБ».

Сайты «Віцебскі кур’ер» і «Наш дом» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Матэрыялы сайту Міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом», сайту выданьня «Віцебскі курʼер news», а таксама тэлеграм-каналу і чату «Віцебскага курʼера» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэньне прыняў суд Чыгуначнага раёну Віцебску 14 студзеня.

Летась у сьнежні доступ да гэтых сайтаў быў абмежаваны. Як паведамляла Генпракуратура, на сайце «Наш дом» «агрэсіўна і бяздоказна крытыкаваліся грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі і яе кіраўніцтва». На сайце «Віцебскага курʼера» выявілі публікацыю «інфармацыі, якая ганіць дзелавую рэпутацыю і дыскрэдытуе дзяржаўныя органы і іх службовых асобаў».

У Полацку выставілі абвінавачаньне Андрэю Корабаву

Андрэй Корабаў — адзін з двух затрыманых 18 лістапада 2021 году братоў. Тады яму прысудзілі 15 сутак арышту. Цяпер яго абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Выйшла на волю кіраўніца арганізацыі «Геном»

30-гадовую дырэктарку «Генома» Дар’ю Царык затрымалі ў Менску 13 студзеня. Супрацоўнікі ГУБАЗІКу правялі ў яе кватэры ператрус, а потым павезьлі на допыт. У Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол па адміністрацыйнай справе і асудзілі на 8 сутак. Сёньня яна выйшла на волю.

Дар’я Царык — дырэктарка «Генома», арганізацыі, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генэтычнымі нэўра-цяглічнымі захворваньнямі. Яна таксама ўваходзіць у кіраўніцтва арганізацыі «Радзіслава», якая дапамагае жанчынам і дзецям, што сталі ахвярамі хатняга гвалту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG