Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пачала перадысьлякацыю ў Беларусь зэнітна-ракетных комплексаў С-400


Комлекс С-400. Архіўнае фота

С-400 накіроўваюць у Беларусь для ўдзелу ў сумесных беларуска-расейскіх вучэньнях «Саюзная рашучасьць – 2022».

Два дывізіёны зэнітных ракетных комплексаў С-400 «Трыюмф» пачалі перадысьлякацыю ў Беларусь, паведаміла міністэрства абароны Расеі, якое цытуе ТАСС.

Два дывізіёны ЗРК С-400 Усходняй вайсковай акругі «зьдзейсьнілі марш на станцыю пагрузкі ў Хабараўскім краі», расказалі ў расейскім Міністэрстве абароны. Частку шляху на беларускія вайсковыя палігоны падразьдзяленьні пераадолеюць на чыгуначным транспарце, частку — сваім ходам.

У Беларусь на манэўры ўжо пачалі прыбываць расейскія вайсковыя падразьдзяленьні і тэхніка. На першым этапе манэўраў, да 9 лютага, праводзіцца іх перадыслякацыя да месца правядзеньня вучэньняў.

Расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць – 2022» павінны адбыцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі. Вайсковыя экспэрты лічаць, што такім чынам Расея можа рыхтаваць напад на Ўкраіну або правакацыі.

Расейцы перамяшчаюцца па чыгунцы і аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня. Акрамя гэтага, расейская авіяцыя ўжо выкарыстоўвае беларускія вайсковыя аэрадромы.

З афіцыйных паведамленьняў вядома, што расейскія войскі ў Беларусі разьмесьцяцца на шэрагу палігонаў, разьмешчаных ля межаў Беларусі з Украінай, Польшчай і Літвой. Гэта Обуз-Лясноўскі, Берасьцейскі, Гожаскі, Асіповіцкі і Даманаўскі палігоны. Аднак расейскія войскі заўважаюць блізка да ўкраінскай мяжы ў месцах, якія не фігуравалі ў анонсе вучэньняў.

С-400 — зэнітная ракетная сыстэма вялікай і сярэдняй далёкасьці, прызначаная для зьнішчэньня ўсіх сродкаў паветрана-касьмічнага нападу.

У верасьні 2021 года Аляксандр Лукашэнка казаў, што Беларусь плянуе купіць у Расіі ўзбраеньне на суму больш чым 1 мільярд долараў. І гаворка ішла аб пастаўках С-400, якія плянуецца разьмясьціць на мяжы з Украінай.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG