Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тыдзень на «Гродна Азоце» затрымалі 11 чалавек


«Гродна Азот», Горадня, архіўнае фота

18 студзеня затрымалі Антона Акунёва, работніка энэргетычнага цэху заводу «Хімвалакно», які ўваходзіць у «Гродна Азот».

Ён знаходзіцца ў ІЧУ Горадні, гэта ўжо 11-ы работнік прадпрыемства, якога затрымалі за апошні час, піша «Вясна».

Паводле «Нашай нівы», масавыя затрыманьні на «Гродна Азоце» пачаліся з 14 студзеня.

Выданьне піша, што многіх затрымлівалі на працы. На прахадной у людзей не спрацоўваў пропуск, і, пакуль ахова разьбіралася, што ня так, да чалавека падыходзіла міліцыя. Лябарантку хімічнага аналізу затрымалі ў прытулку для бяздомных жывёлаў, дзе яна была валянтэркай. Аднаго з майстроў узялі па дарозе дадому.

Па словах кіраўніка страйкаму заводу Юрыя Рававога, пратаколы на затрыманых складалі па артыкуле 17.11 (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі). Ён кажа, што «сутак» пакуль нікому не давалі: або затрымлівалі на 72 гадзіны, а пасьля выпісвалі вялікі штраф, або адпускалі да суду.

Юры Рававы кажа, што людзей знаходзілі ў адкрытых чатах заводу, вылічвалі актыўных удзельнікаў, якія не засакрэцілі свайго нумару ў Telegram.

«Мэта — трапіць у Telegram чалавека і знайсьці там кантакты іншых калег, паглядзець, як хто падпісаны, каб папоўніць сваю базу, — мяркуе Юры. — Вылічыць удзельнікаў закрытых чатаў, каб папалохаць, што ў сілавікоў усё пад кантролем, што яны бачаць увесь кантэнт. Таму мы раім людзям наноў паставіць свой тэлеграм-акаўнт у тэлефоне, выдаліць стары і зрабіць схаваным мабільны нумар».

Ён зьвязвае затрыманьні з рэфэрэндумам, які чакаецца празь месяц.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG