Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Вялікай Брытаніі: Дыктатары і міжнародныя агрэсары «асьмялелі да нябачанага з часоў „халоднай вайны“ ўзроўню»


Кіраўніца брытанскага дыпляматычнага ведамства заявіла аб неабходнасьці барацьбы з дыктатарскімі рэжымамі па ўсім сьвеце.

Кіраўніца дыпляматычнага ведамства Вялікай Брытаніі папярэдзіла ў пятніцу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і старшыню КНР Сі Цзіньпіна, што заходнія дзяржавы будуць разам змагацца за дэмакратыю супраць дыктатур, якія, паводле яе, набралі цяпер найбольшую сілу з часоў «халоднай вайны», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Заходнія лідэры гавораць, што XXI стагодзьдзе будзе вызначацца барацьбой паміж дэмакратыямі і дзяржавамі, якія супернічаюць зь імі, такімі як Кітай і Расея, якія, па іх словах, кідаюць выклік кансэнсусу, які склаўся пасьля заканчэньня «халоднай вайны» ў вайсковых, тэхналягічных і эканамічных адносінах.

Выступаючы ў Аўстраліі, міністарка замежных спраў Вялікай Брытаніі Элізабэт Трас заявіла, што Захад павінен разам рэагаваць на глябальныя пагрозы, паглыбляць сувязі з дэмакратыямі ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне і «даваць адпор глябальным агрэсарам».

Міжнародныя агрэсары «асьмялелі да нябачанага з часоў „халоднай вайны“ ўзроўню», сказала Трас, выступаючы ў сіднэйскім Інстытуце Лоўі.

«Яны імкнуцца экспартаваць дыктатуры... ва ўсім сьвеце. Вось чаму такія рэжымы, як Беларусь, Паўночная Карэя і М’янма, знаходзяць найбліжэйшых хаўрусьнікаў у Маскве і Пэкіне», — падкрэсьліла Трас.

Захад, паводле Трас, павінен супрацоўнічаць з такімі саюзьнікамі, як Аўстралія, Ізраіль, Індыя, Японія і Інданэзія, каб «даць адпор глябальным агрэсарам», асабліва ў Ціхаакіянскім рэгіёне.

«Свабоднаму сьвету час адстойваць свае пазыцыі», — дадала Трас.

На Захадзе Расею лічаць дыктатарскім клептакратычным рэжымам, які кіруецца аўтарытарным лідэрам і замяшаным у безадказных авантурах, такіх як анэксія Крыму ў 2014 годзе, спробы ўмяшаньня ў выбары ў ЗША і Эўропе, а таксама шэраг гучных шпіёнскіх і заказных забойстваў за межамі краіны.

Расейскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што Захад прасякнуты рознагалосьсямі, ахоплены «русафобіяй» і ня мае права чытаць лекцыі Маскве пра тое, як ёй трэба дзейнічаць.

Кітайскае кіраўніцтва кажа, што Захад па-ранейшаму лічыць, што ён можа камандаваць сьветам, як у часы каляніяльных войнаў, і што Пэкін будзе вызначаць свой уласны шлях без умяшаньня замежных дзяржаў.

На фоне абвастрэньня напружанасьці вакол Украіны Захад спрабуе вырашыць, што рабіць, калі Расея ўварвецца ў суседнюю краіну.

Трас папярэдзіла Пуціна, каб ён «устрымаўся і адступіў ад Украіны, перш чым зробіць сурʼёзную стратэгічную памылку».

Трас сказала, што «Крэмль не засвоіў урокаў гісторыі» і што «ўварваньне прывядзе толькі да жудасных... чалавечых ахвяр, як мы ведаем з савецка-афганскай вайны і канфлікту ў Чачэніі».

Больш за 15 000 савецкіх вайскоўцаў і сотні тысяч мірных жыхароў загінулі ў Афганістане з 1979 па 1989 год, калі краіна была акупаваная савецкімі войскамі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG