Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум аб Канстытуцыі. Народу прапануюць ката ў мяху


Графіці ў Менску супраць рэфэрэндуму, студзень 2022

Насуперак меркаваньням шматлікіх скептыкаў, рэфэрэндум аб Канстытуцыі ўсё ж адбудзецца. І гэта самае важнае.

Афіцыйна прымаецца ня новая Канстытуцыя, а ўносяцца зьмены і дапаўненьні ў стары Асноўны Закон. Так фармулюецца і пытаньне рэфэрэндуму.

Адметны момант надрукаванага праекту, які выносіцца на рэфэрэндум, палягае ў тым, што народу прапануецца ня цалкам тэкст Канстытуцыі ў новым варыянце, а толькі зьмены ў дакумэнт. І ў гэтым адрозьненьне ад таго праекту, які быў надрукаваны 27 сьнежня. Там быў поўны тэкст Канстытуцыі, а зьмены адзначаны іншым шрыфтам. І гэта было зручна чытаць і разумець, што мяняецца.

У цяперашнім варыянце друкуюцца толькі зьмяненьні і дапаўненьні. Таму ён удвая карацейшы. Дакумэнт ад 27 сьнежня меў 49 старонак, цяперашні варыянт – 23 старонкі. Можна меркаваць, што менавіта надрукаваны цяпер праект Канстытуцыі будзе знаходзіцца на выбарчых участках.

Атрымліваецца, што выбарніку, каб зразумець, якія ўносяцца навацыі, трэба пакласьці перад сабой старую Канстытуцыю і скрупулёзна параўноўваць кожны артыкул. Ці шмат людзей будуць гэта рабіць?

Думаю, гэта было зроблена адмыслова. Галасуй невядома за што. А навошта народу ведаць усе канстытуцыйныя замарочкі? Ён павінен слухаць начальства, якое лепш ведае.

Стратэгія прымусовай легітымнасьці даведзеная да лягічнага канца. Навошта гуляць у дэмакратыю, калі можна гэтага не рабіць?

Што тычыцца зьместу, дык сутнасных перамен у параўнаньні з варыянтам ад 27 сьнежня не заўважана. Хоць кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка паведаміў, што адкарэктавана звыш 30 артыкулаў, гэтыя праўкі рэдакцыйныя.

Уласна, сэнс усіх перамен — гэта стварэньне новага органа ўлады: Усебеларускага народнага сходу, да якога пераходзяць паўнамоцтвы іншых дзяржаўных інстытуцый. Яго, паводле задумы, павінен узначаліць Лукашэнка.

Такім чынам, канструкцыя з двума цэнтрамі ўлады запускаецца ў палітычнае жыцьцё, няхай сабе і з 2025 году. Такі падзел уладаў у непаўторным беларускім варыянце. Экспэрымэнт пачынаецца. Вынік стане зразумелы празь некаторы час.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG