Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанію «Тут Бай Медыа» выключылі з Парку высокіх тэхналёгій


Офіс Tut.by, архіўнае фота

Кампанія «Тут Бай Медыа» зьнікла са сьпісу рэзыдэнтаў ПВТ. Сузаснавальнік кампаніі Кірыл Валошын пацьвердзіў dev.by, што кампанію выключылі з Парку высокіх тэхналёгій.

Валошын ня змог удакладніць дату выключэньня. Хутчэй за ўсё, рашэньне было прынятае на паседжаньні назіральнай рады Парку ў канцы сьнежня 2021 году.

ТАА «Тут Бай Медыа» было рэзыдэнтам ПВТ з кастрычніка 2019 году. Выключэньне з Парку высокіх тэхналёгій, па ўсім відаць, зьвязана з крымінальнай справай у дачыненьні да супрацоўнікаў кампаніі, якую завялі вясной 2021 году. 18 траўня 2021 году «Тут Бай Медыа» пазбавілі льготаў ПВТ.

На сайце Адзінага дзяржаўнага рэестру Беларусі ТАА «Тут Бай Медыа» — дзейная кампанія. Паводле Кірыла Валошына, юрыдычны статус кампаніі не памяняўся.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Ім пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG