Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Літоўскія чыгункі» афіцыйна паінфармавалі «Беларуськалій» аб скасаваньні дамовы з 1 лютага


ААТ «Беларуськалій», архіўнае фота

Кампанія «Літоўскія чыгункі» накіравала ў «Беларуськалій» копію пастановы ўраду і рашэньня камісіі аб тым, каб прызнаць заключаную кампаніямі дамову несапраўднай з 1 лютага.

Афіцыйны ліст беларускай кампаніі быў дасланы 17 студзеня, паведаміла 19 студзеня прэс-служба «Літоўскіх чыгунак». Кампанія ўжо адмовіла «Беларуськалію» ў задавальненьні пададзеных у студзені заявак на перавозку ўгнаеньняў.

«Мы выконваем пастанову, прынятую ўрадам ад 1 лютага. Мы спынім аказваньне паслуг „Беларуськалію“ паводле дамовы, заключанай у 2018 годзе. У выпадку паступленьня новых заявак ад існых або патэнцыйных кліентаў на перавозку беларускіх угнаеньняў чыгуначная грузавая кампанія „Літоўскія чыгункі“ будзе кансультавацца аб іх зь дзяржаўнымі органамі», — заявіў Эгідзіюс Лазаўскас, генэральны дырэктар «Літоўскіх чыгунак».

У заяве тлумачыцца, што паколькі да «Літоўскіх чыгунак» усё яшчэ могуць зьвяртацца іншыя кампаніі, ня ўключаныя ў санкцыйныя сьпісы, у кампаніі павінны быць юрыдычныя падставы для адмовы ў перавозцы такога грузу.

  • Кампанія «Літоўскія чыгункі» падпісала дамову зь «Беларуськаліем» увесну 2018 году, дамова дзейнічае да канца 2023-га. У адпаведнасьці зь ёю праз Клайпедзкі порт перавозіцца каля 11 млн. тон беларускіх угнаеньняў.
  • 9 жніўня 2021 году ЗША ўвялі санкцыі супраць дзясяткаў беларускіх кампаній, у тым ліку ААТ «Беларуськалій». Гэтыя санкцыі набылі моц 8 сьнежня.
  • У канцы сьнежня літоўская ўрадавая камісія для праверкі ўгодаў стратэгічных прадпрыемстваў абвясьціла, што дамова «Літоўскіх чыгунак» зь беларускім вытворцам угнаеньняў «Беларуськалій» і зьмены ў ёй ствараюць пагрозу для бясьпекі краіны.
  • Прадстаўніца «Беларускай калійнай кампаніі» Ірына Саўчанка заявіла, што калі Літва паспрабуе спыніць транзыт у аднабаковым парадку, беларускі бок будзе падаваць у суд, а таксама ў суд могуць падаць пакупнікі ўгнаеньняў, якія ня хочуць плаціць па завышаных цэнах. Акрамя таго, Беларусь у такім выпадку можа спыніць чыгуначныя транзытныя зносіны зь Літвой. Аляксандар Лукашэнка, у сваю чаргу, прыгразіў Літве, што перакрые транзыт тавараў з Украіны.
  • 12 студзеня ўрад Літвы ўхваліў заключэньне спэцыяльнай камісіі, у якой пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» было ацэненае як неадпаведнае інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Літвы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG