Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская тэхніка стала лягерам ля Рэчыцы, за 200 кілямэтраў ад Кіева,— расьсьледаваньне Conflict Intelligence Team


Акцыя ў Кіеве супраць кіраўніка Расеі Пуціна і вайны на ўсходзе Ўкраіны

Паводле інфармацыі арганізацыі Conflict Intelligence Team, расейская тэхніка залпавага агню знаходзіцца каля беларускай Рэчыцы. Гэта пацьвярджае асьцярогі Кіева наконт магчымай атакі Масквы на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.

Група расейскіх незалежных блогераў Conflict Intelligence Team (CIT), якая займаецца расьсьледаваньнем абставінаў збройных канфліктаў па адкрытых крыніцах, прааналізавала матэрыял блогу Digital Forensic Research Lab пры экспэртнай групе Atlantic Council, які выйшаў 18 студзеня.

Блог напярэдадні апублікаваў агляд прыбыцьця расейскіх войскаў у Беларусь. У прыватнасьці, там гаварылася пра выгрузку расейскіх рэактыўных сыстэм залпавага агню «Ўраган» на станцыі Рэчыца Гомельскай вобласьці на поўнач ад Кіева. Пазьней аўтар артыкула Майкл Шэлдан выклаў фатаграфію лягера з вайсковай тэхнікай, якую, як мяркуецца, сфатаграфавалі ў раёне Рэчыцы.

На фатаграфіі група блогераў заўважыла транспартна-зараджальную машыну 9Т452 усё той жа РСЗА «Ураган».

Карыстальнік Твітэру @danvan71 зрабіў геалякацыю падобнага кадра на відэа з TikTok на шашы М10 у раёне прыпыначнага пункту «Іванаўка». Conflict Intelligence Team праверыла і пацьвердзіла сапраўднасьць дадзеных.

Адтуль крыху больш за 40 км да мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю Ўкраіны і каля 90 км — з Кіеўскай. CIT адзначае, што ў гэтым раёне няма палігонаў, заяўленых для расейска-беларускіх вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія маюць прайсьці ў лютым.

Зьяўленьне расейскай тэхнікі ў непасрэднай блізкасьці ад мяжы з Кіеўскай вобласьцю выклікае асаблівыя асьцярогі ў сувязі з заявамі крыніц CNN, паводле якіх ёсьць разьведдадзеныя, што расейскія войскі могуць паспрабаваць узяць Кіеў і ажыцьцявіць зьмену ўлады ва Ўкраіне.

«Справа ў тым, што ўсе асноўныя ўрадавыя будынкі ў Кіеве знаходзяцца на заходнім беразе Дняпра, а магчымы наступ з поўначы дазваляе не пераадольваць такую значную водную перашкоду (у адрозьненьне ад наступу з боку расейска-ўкраінскай мяжы)», — падкрэсьлівае група.

Пры гэтым CIT ня ведае, пра якія маштабы канцэнтрацыі сілаў на поўнач ад Кіева ідзе гаворка.

«Як мінімум частка расейскіх сілаў, якія ўступілі ў Беларусь, накіраваліся да заяўленых месцаў правядзеньня вучэньняў (напрыклад, у Берасьце каля мяжы з Польшчай). На гэты момант нам здаецца верагодным, што мэта гэтай канцэнтрацыі — прымусіць украінскае камандаваньне трымаць частку сілаў на заходнім беразе Дняпра для прыкрыцьця Кіева, што абмяжуе магчымасьці процідзеяньня патэнцыйнай расейскай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны», — такую выснову зрабілі ў CIT.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расейскія войскі атакуюць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
  • 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы. За два з паловай месяцы вайны на фронце загінулі шасьцёра беларускіх добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».
  • 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцагавіне.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 5,5 млн чалавек.
  • 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. За яе прыкладам рушылі Латвія і Эстонія. Нямеччына да канца 2022 году паабяцала цалкам прыпыніць выкарыстаньне расейскай нафты.
  • 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
  • У красавіку ракетных атак на Ўкраіну і авіяўдараў з тэрыторыі Беларусі стала меней, расейскія войскі пачалі пакідаць Беларусь.
  • Ад пачатку расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі ўжо 26 прадстаўнікоў мэдыя — 19 журналістаў і 7 работнікаў іншых напрамкаў.
  • Украінцы ў траўні распачалі контранаступ на Слабажаншчыне, выціскаючы захопнікаў да іх межаў.
  • 9 траўня прэзыдэнт ЗША падпісаў закон аб лэнд-лізе. Гэты закон аднаўляе праграму часоў Другой сусьветнай вайны, якая дазволіць паскорыць пастаўкі Ўкраіне зброі і павялічыць аб’ёмы такой дапамогі.
  • У ноч на 17 траўня намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр пацьвердзіла пачатак апэрацыі па выратаваньні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў пастцы на тэрыторыі «Азоўсталі». Паводле яе слоў, адтуль у лячэбную ўстанову акупаванага Новаазоўска былі эвакуяваныя 53 цяжка параненыя. Яшчэ 211 чалавек былі дастаўленыя ў Аленіўку па гуманітарным калідоры. Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што амаль 1000 украінскіх байцоў на заводзе «здаліся» па стане на 18 траўня. Міжнародны Чырвоны Крыж афіцыйна зарэгістраваў гэтых байцоў у якасьці ваеннапалонных.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG