Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаюцца цяпер апазыцыйныя палітычныя партыі?


Пікет Партыі БНФ каля менскага Палаца спорту, 25 жніўня 2016, архіўнае фота

Цягам лета і зімы 2021 году ўлады зьліквідавалі пад трыста недзяржаўных грамадзкіх арганізацый, але палітычныя партыі афіцыйна дзейнічаюць, хаця Міністэрства юстыцыі і абяцае іх перарэгістрацыю.

На сёньня ў Беларусі зарэгістравана пятнаццаць палітычных партый, палова зь іх лічыцца апазыцыйнымі да дзейнай улады. Свабода паглядзела чым у цяперашніх неспрыяльных умовах займаюцца гэтыя структуры.

Партыя БНФ: старшыня за кратамі, выканаўца абавязкаў старшыні — у эміграцыі

У лістападзе зьліквідавалі грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне», а партыя з аднайменнай назвай яшчэ існуе. Ад красавіка 2021 году ў СІЗА знаходзіцца кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, яго арыштавалі ў справе аб нібыта падрыхтоўцы замаху на Аляксандра Лукашэнку. Разам з палітыкам у гэтай справе праходзяць літаратуразнаўца Аляксандар Фядута і юрыст з ЗША Юрась Зянковіч.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

У зьняволеньні ў Кастусёва ўзьніклі праблемы са здароўем, ён знаходзіцца ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі СІЗА-1. Лекары пацьвердзілі ў палітыка анкалягічнае захворваньне, але лічаць, што тэрміновай патрэбы ў апэрацыі пакуль няма.

Выканаўцам абавязкаў старшыні выбралі даўняга сябра партыі, рамесьніка з Горадні Вадзіма Саранчукова. Улетку 2021 году Саранчукоў выехаў з краіны — пасьля ператрусу ў яго дома. Цяпер Вадзім жыве ў Вільні.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

Адзінае, чым адзначылася ў палітычным пляне партыя за апошнія паўгода — разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі (БСДП, АГП і «Зялёныя») выказалася пра тое, што ня будзе выстаўляць назіральнікаў на рэфэрэндум.

АГП: кіраўнік выйдзе на волю ў сакавіку

У ліпені ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі прайшоў ператрус. Але прыходзілі тады не да партыйцаў, а да НДА «Эўрапейскі дыялёг» Анатоля Лябедзькі, які быў зарэгістраваны па тым жа адрасе.

Кіраўнік АГП, былы міліцыянт Мікалай Казлоў, стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкулу 407 КК («Выдаваньне зьвестак допытаў ці папярэдняга сьледзтва»). Казлова выклікалі на допыты ў справе стварэньня Каардынацыйнай рады, пра кожны зь іх палітык падрабязна расказваў у СМІ. Сьледчыя органы палічылі гэта парушэньнем закону.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Казлоў быў асуджаны на тры месяцы арышту — максымальны тэрмін паводле гэтага артыкулу. У канцы сьнежня ён пачаў адбываць пакараньне ў Баранавіцкім СІЗА.

Былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька цяпер жыве ў Вільні, дзе працуе ў штабе Сьвятланы Ціханоўскай. Ён зьяўляецца прадстаўніком у парлямэнцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

У 2022 годзе палітрада АГП заявіла, што выступае супраць выкарыстаньня беларускіх вайскоўцаў у Казахстане.

БСДП рыхтуецца да зьезду

Адна зь нямногіх апазыцыйных партый, якая праводзіць свае ўнутраныя мерапрыемствы. На люты заплянаваны чарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Цяпер у Менску і рэгіёнах праходзяць справаздачна-выбарчыя канфэрэнцыі. Усяго ў зьезьдзе мусяць узяць удзел 78 чалавек.

Кіраўнік БСДП Ігар Барысаў застаецца ў Беларусі. Нярэдка выступае з камэнтарамі пра бягучыя палітычныя працэсы ў прэсе.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

На гэты момант васьмёра сяброў партыі ці ўжо асуджаныя, ці чакаюць у зьняволеньні суду ў палітычных справах.

«Справядлівы сьвет» адзначыў 30-годзьдзе

Апазыцыйныя камуністы ніяк не спрабавалі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Не актыўнічаюць яны і цяпер.

У сьнежні партыі споўнілася трыццаць гадоў, з гэтай нагоды партыя Калякіна атрымала шмат віншаваньняў ад прадстаўнікоў левых партый з Эўропы.

На студзеньскім пленуме «Справядлівага сьвету» абмяркоўвалася пытаньне стаўленьня партыі да рэфэрэндуму. Камуністы вырашылі, што праўкі «зьмяншаюць аб’ём канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян», а прыняцьце такіх навацый «не адпавядае крытэрам дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы».

Сяргей Калякін, 2017 год
Сяргей Калякін, 2017 год

Таксама партыйцы зьвярталіся ў Менгарвыканкам з пытаньнем патлумачыць, чаму «прыхільнікі рэжыму могуць зьбірацца дзе заўгодна і праводзіць свае мерапрыемствы з парушэньнем „Закону аб масавых мерапрыемствах“, а апанэнты ўлады за гэта перасьледуюцца».

«Зялёныя» заклікалі спыніць перасьлед НДА і СМІ

Увесну 2020 году, напярэдадні Чарнобыльскага шляху, кіраўнік «Зялёных» Дзьмітры Кучук быў арыштаваны на 15 сутак. Кучук працягвае знаходзіцца ў Беларусі.

Дзьмітры Кучук і Ігар Барысаў
Дзьмітры Кучук і Ігар Барысаў

За апошнія паўгода «Зялёныя» зрабілі дзьве палітычныя заявы: адна тычылася сытуацыі зь мігрантамі на мяжы, яна называлася «Няма нелегальных людзей», другая — заклік спыніць ціск на НДА і СМІ.

«Грамада»: апошнія паўгода навін няма

Кіраўнік «Грамады» Сяргей Чэрачань быў адным з кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2020 году. Ён працягвае жыць у Беларусі. Актыўна вядзе ютуб-канал, дзе з рознымі гасьцямі (ад палітыка Тацяны Караткевіч да журналіста Кірылы Жываловіча) абмяркоўвае розныя грамадзка-палітычныя тэмы. Але вялікай папулярнасьці канал пакуль не набыў.

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

Ад ліпеня 2021 году, калі ўзмацніўся ціск на незалежнае грамадзтва, ні на сайце, ні ў сацыяльных сетках партыі няма. Апошняе — віншаваньне беларусаў з датай аднаўленьня незалежнасьці 27 ліпеня.

КХП-БНФ: камэнтары Пазьняка аб актуальных падзеях

Сайт партыі, мабыць, абнаўляецца найчасьцей у параўнаньні зь іншымі апазыцыйнымі партыямі. Але ў асноўным гэта камэнтары Зянона Пазьняка з самых розных нагод.

Зянон Пазьняк, 2019 год
Зянон Пазьняк, 2019 год

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG