Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кілеру «банды Марозава» прысудзілі 15 гадоў калёніі — меней, чым блогеру Ціханоўскаму


Сяргей Дзербянёў

Суд даказаў 8 забойстваў рукамі Сяргея Дзербянёва.

Сяргея Дзербянёва (мянушка Дзербень) знайшлі ў расейскім Уладзівастоку праз 15 гадоў і экстрадавалі ў Беларусь. Дзербянёў быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Сяргея Марозава і кіраваў так званай «службай бясьпекі» банды. Яго задачай стала ліквідацыя канкурэнтаў. У падначаленьні ў Дзербянёва знаходзіліся кілеры.

Дзербянёў працаваў ахоўнікам на адным з прадпрыемстваў Уладзівастоку, падчас затрыманьня ў 2019-м ён прад’явіў расейскі пашпарт на чужое імя.

19 студзеня 2022 Гомельскі абласны суд прызнаў 54-гадовага Дзербянёва вінаватым у «наўмысным забойстве дзьвюх і больш асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасьцю, з мэтай схаваць іншае злачынства асобы, якая раней учыніла наўмыснае забойства». Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён абавязаны выплаціць пацярпелай 30 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды, паведаміла «Гомельская праўда».

Старшы пракурор аддзелу пракуратуры Гомельскай вобласьці Юлія Канапелькіна адзначыла, што пакараньне прызначылі паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, які дзейнічаў на момант злачынства, а таму 15 гадоў — максымальна магчымы тэрмін.

Банда Марозава актыўна дзейнічала ў Гомлі з канца 1980-х гадоў да 2004 году і была адной з найбуйнейшых і небясьпечных у Беларусі. Усяго сьледчыя даказалі звыш 100 злачынстваў марозаўцаў, у тым ліку каля 20 забойстваў. Лідэраў групоўкі Сяргея Марозава, Ігара Данчанку і Валера Гарбатага асудзілі на сьмяротнае пакараньне, якое выканалі ў 2006 годзе.

Усяго ў справе асудзілі больш за 40 чалавек, некаторыя чальцы банды ўцяклі за мяжу. Вядома, што з бандай супрацоўнічалі і дзейныя на той момант супрацоўнікі міліцыі, якія дапамагалі марозаўцам доўгі час пазьбягаць арыштаў і ведаць апэратыўную інфармацыю па горадзе.

Адзін з удзельнікаў банды Аляксандар Кушняроў, якога таксама называюць Саша Кушнер, або Саша Беларус, быў асуджаны на расстрэл за ўдзел у забойствах, але ў 1996-м пакараньне яму замянілі на 15 гадоў зьняволеньня, а ў выніку адпусьцілі па амністыі датэрмінова ў 2008 годзе. Жыве ў Менску і пазыцыянуе сябе «злодзеем у законе», аднак вялікая частка крымінальнага сьвету ягонага статусу не прызнае, абвінавачваючы Кушнера ў працы на беларускія спэцслужбы. У траўні 2021 году Кушнер трапіў пад санкцыі Ўкраіны, яму забаронена любая дзейнасьць на тэрыторыі гэтай дзяржавы. Летась на яго зрабілі напад у двары дома ў менскім раёне Серабранка, дзе ён жыве, і моцна пабілі.

Начальнік крымінальнага вышуку УУС Мікалай Лосеў, які «крышаваў» бандытаў, атрымаў 18 гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя злачынцы і іхныя памагатыя, такія як супрацоўнік пракуратуры Анатоль Сусолкін, уцяклі за мяжу і дасюль знаходзяцца ў вышуку.

Сяргей Ціханоўскаму далі больш, чым кілеру,— 18 гадоў турмы

Блогер Сяргей Ціханоўскі атрымаў максымальнае пакараньне, якое меў апанэнт Лукашэнкі за 27 гадоў.

Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньні па ч. 1 арт.293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт.130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці), ч. 2 арт. 191 (перашкоды працы ЦВК), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Сяргею Ціханоўскаму 43 гады. Блогер, аўтар ютуб-каналу «Страна для жизни», муж Сьвятланы Ціханоўскай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG