Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТ-кампанію зь Беларусі абвінавацілі ў дыскрымінацыі ўкраінскамоўных у Кіеве. Кампанія мусіла апраўдвацца і выбачацца


Ілюстрацыйнае фота

У Кіеве IT-кампанія Andersen адмовілася ад гутаркі з заяўнікамі, бо тыя заявілі, што ва ўкраінскім офісе будуць размаўляць выключна па-украінску.

Першым у LinkedIn апублікаваў сваю перапіску з HR-супрацоўнікам з Andersen кіеўскі java-распрацоўшчык Дзяніс Вадаціец.

У перапісцы адміністратар удакладніў: ці гатовы кандыдат мець зносіны з камандай па-расейску, бо гэта асноўная мова ў кампаніі? Айцішнік адказвае, што разумее расейскую, але гаворыць толькі на ўкраінскай і ангельскай мовах. Адміністратар кажа, што ў такім выпадку ягоную кандыдатуру «разгледзець не ўяўляецца магчымым».

Пра падобную сытуацыю ў Фэйсбуку паведаміў айцішнік Багдан Мельнік.

«Аказваецца, незалежна ад майго прафэсійнага ўзроўню, валоданьня ангельскай мовай і іншых навыкаў, я не магу працаваць у кампаніі, якая мае офісы ў 6 гарадах Украіны, толькі таму, што размаўляю па-ўкраінску. Гаворка ідзе пра Andersen, яна ж Andersen People», — напісаў Багдан у Фэйсбуку, заклікаючы Ўпаўнаважанага па абароне дзяржаўнай мовы Ўкраіны зьвярнуць на гэта ўвагу.


Згодна са скрыншотам перамоваў з адміністрацыяй, кампанія мела вольныя вакансіі, але як толькі прэтэндэнт заявіў, што з камандай, якая працуе ва Ўкраіне, будзе гаварыць па-ўкраінску, перамовы зь ім спынілі.

Сёньня гісторыю зь Дзянісам Вадаційцам пракамэнтаваў сузаснавальнік Andersen Аляксей Арлоў. Ён напісаў у фэйсбуку пост на ўкраінскай мове, дзе папрасіў прабачэньня ў Дзяніса і прызнаў справядлівымі абвінавачаньні ў дыскрымінацыі.


Арлоў абвясьціў пра намер правесьці зьмены ўнутры кампаніі:

  • Мы праводзім шэраг трэнінгаў для нашых камандаў падбору кадраў з тлумачэньнямі, у тым ліку палітыкі нулявой цярпімасьці да дыскрымінацыі;
  • пачалі сыстэмны і пастаянны дыялёг з супрацоўнікамі ўсіх офісаў кампаніі, каб пачуць меркаваньне нашай каманды пра тое, як зрабіць карпаратыўную культуру лепшай і больш камфортнай;
  • дадаткова ацанілі ўсе нашы HR працэдуры на адпаведнасьць юрыдычным патрабаваньням кожнай краіны нашай прысутнасьці, а таксама карпаратыўным каштоўнасьцям.

Пазьней прэс-служба Andersen папрасіла dev.by выправіць першапачатковую фармулёўку пра тое, што сузаснавальнік кампаніі Аляксандар Сьмірноў «прызнаў справядлівасьць абвінавачаньняў у дыскрымінацыі». На думку прадстаўнікоў Andersen, «дыскрымінацыі ў кампаніі не было і няма, але памылка камунікацыі сапраўды мела месца». Кампанія рыхтуе пашыраны камэнтар наконт сытуацыі.

Інцыдэнт з Багданам Мельнікам пакуль застаўся без камэнтароў.

  • Кампанія Andersen пераехала ў 2020-м зь Менску ў Кіеў у сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Да таго часу яе офіс месьціўся ў Royal Plaza ў цэнтры Менску.
  • Заснавальнік кампаніі Andersen, фізык-ядзершчык Аляксандар Хоміч, родам з Полацку, скончыў там школу, потым у Менску — ліцэй БДУ, фізычны факультэт БДУ. У 2008 годзе заснаваў Andersen, як і належыць IT-кампаніі, «у гаражы». Больш як за дзесяць гадоў кампанія ператварылася ў IT-аўтсорсінгавага рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгій з офісамі ў Расеі, Украіне і Беларусі і амаль тысячай супрацоўнікаў. У Беларусі кампанія была арганізатарам публічных сустрэч зь Сьвятланай Алексіевіч, Арцеміем Троіцкім, Станіславам Шушкевічам ды іншымі знакавымі асобамі.
  • У інтэрвію Свабодзе ў 2019 годзе Хоміч казаў: «Асаблівую ўвагу зьвяртаю на тое, што ангельская мова — гэта наша ўсё. Яна павінна быць на ўзроўні расейскай і беларускай. Я з вамі цяпер гавару па-расейску, з тымі ці іншымі асаблівасьцямі і акцэнтам я магу гаварыць па-ангельску з журналістам. Няведаньне ангельскай мовы істотна абмяжоўвае пэрспэктывы, таму што тады рынкам зьяўляецца толькі Расея».
  • Падчас лета-2020 Хоміч прывозіў кветкі жанчынам, якія стаялі ў ланцугу салідарнасьці ў Менску, і заклікаў у сваім фэйсбуку мужчын далучацца.
  • Падчас пандэміі IT-кампанія Andersen ахвяравала інфэкцыйнай лякарні 10 000 даляраў на змаганьне з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG