Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія памежнікі паказалі, як усталёўваюць калючы дрот на мяжы зь Беларусьсю


Украінскія памежнікі патрулююць мяжу зь Беларусьсю ў Чарнігаўскай вобласьці

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што на ўмацаваньні мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю задзейнічалі амаль 30 інжынэрных груп, якія ўсталёўваюць калючы дрот на выпадак «магчымых міграцыйных правакацый».

«Сьцяну» на мяжы зь Беларусьсю будуюць з дроту тыпу «Егоза», калючага дроту, сеткі-рабіцы, а таксама пераносных загародак.

«Інжынэрныя групы таксама ўладкоўваюць верталётныя пляцоўкі, каб забясьпечыць апэратыўнае перакіданьне рэзэрваў у выпадку рэзкай зьмены абстаноўкі на пэўным участку мяжы», — паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.

Паводле памежнікаў, для будаўніцтва «сьцяны» на беларускім кірунку ўжо зрабілі 4630 бухтаў дроту. Паводле стандартаў, адна такая бухта важыць да адной тоны, у ёй амаль 6,5 тысячы мэтраў. Такім чынам, агульная даўжыня гэтага дроту ўжо перавысіла 30 тысяч кілямэтраў.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны нагадалі, што ўрад Украіны выдзеліў 21 мільён грыўняў (амаль 800 тысяч даляраў у эквіваленце) на ўмацаваньне мяжы зь Беларусьсю. Такое рашэньне ва Ўкраіне ўхвалілі на тле міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай.

Агулам летась урад Украіны на ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю і павелічэньне абароназдольнасьці краіны выдзеліў з рэзэрвовага фонду 214 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

Памежнікі адзначылі, што ўжо набылі 300 тон сыравіны. Вырабленага зь яе дроту хопіць, каб перакрыць каля 62 кілямэтраў украінска-беларускага ўчастку мяжы.

Што папярэднічала

  • Пасьля пачатку міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай Украіна заявіла пра намер узмацніць ахову свайго ўчастку мяжы зь Беларусьсю. 10 лістапада 2021 году прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі правёў пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. На ёй вызначылі 10 найбольш імаверных участкаў мяжы, на якіх могуць масава апынуцца мігранты.
  • Адначасова Ўкраіна пачала праводзіць кансультацыі са сваімі замежнымі партнэрамі аб узмацненьні бясьпекі на межах сваёй краіны ў сувязі з канцэнтрацыяй расейскіх войскаў паблізу і адначасовага міграцыйнага крызісу, створанага Беларусьсю.
  • Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км на сухаземным участку, 325,9 км на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км у зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС.
  • Тэрыторыя побач зь дзяржаўнай мяжой цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, азярынамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большасьць якіх даўно ня дзейнічае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG