Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская студэнтка ўратавала замежніка, які праваліўся пад лёд на Сьвіслачы


Ілюстрацыйнае фота. Рака Сьвіслач у Менску

На выходных ратавальнікам паступіла паведамленьне пра чалавека ў палонцы на рацэ Сьвіслачы каля вострава «Мужнасьці і смутку» ў Менску.

Падразьдзяленьні МНС выехалі на месца здарэньня, але яшчэ да іх прыбыцьця мужчыну выратавалі мінакі.

Пра тое, як студэнтка 2 курсу і 47-гадовы мужчына ўратавалі 53-гадовага замежніка, расказала прэс-служба МНС Беларусі.

Паводле студэнткі 2 курсу Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Алены Ялашэўскай, у той дзень яна ішла па беразе і глядзела ў бок Сьвіслачы, калі заўважыла бязладныя рухі чалавека ў вадзе. Яна пабегла туды. Там ужо стаяў мужчына, які тэлефанаваў у МНС. Разам яны вырашылі ратаваць пацярпелага.

Алена Ялашэўская
Алена Ялашэўская

«Я зьняла куртку і стала шукаць паблізу палку, каб яму было за што ўхапіцца. Пазьней зразумела, што ня варта марнаваць час, бо яму трэба тэрмінова дапамагчы. Я легла на жывот і папаўзла па лёдзе, — расказвае Алена Ялашэўская. — Калі наблізілася да яго і пачала цягнуць, лёд каля яго стаў ламацца. А ў мяне не было добрага пункту апоры, каб моцна ўхапіцца і выцягнуць яго, я ж лягчэйшая. Як толькі я рабіла спробу падняць яго на лёд, той крышыўся пад ім, і ён зноў правальваўся ў ваду».

Тут да яе падышоў мужчына, які званіў у МНС: за гэты час ён знайшоў палку і крыкнуў дзяўчыне трымацца за яе. Яны злучыліся ланцужком і ўдваіх сталі цягнуць адно аднаго па лёдзе, і змаглі выцягнуць пацярпелага. А ўжо бліжэй да сушы ім дапамаглі падлеткі, якія стаялі на беразе.

На пытаньне, як прыйшла думка ратаваць мужчыну, дзяўчына адказала, што іх у школе і каледжы вучылі правілам бясьпекі, яны наведвалі цэнтар бясьпекі МНС, дзе ім расказвалі, як дапамагчы чалавеку, калі ён тоне, або што рабіць пры пажары.

«Лічу, што людзі павінны гэта ведаць. Веды і крыху фізыкі — і я змагла ўратаваць чалавечае жыцьцё. Гэтае вельмі асаблівае адчуваньне», — сказала Алена Ялашэўская.

Дапамагаў дзяўчыне Сяргей Дзярэнька, чые рашучыя дзеяньні дапамаглі давесьці справу да добрага канца.

Уратаванага замежніка шпіталізавалі з агульным пераахаладжэньнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG