Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане паліцыя прыйшла ў лякарню па паралізаванага мужчыну, якога параніў АМАП на мітынгу 5 студзеня


Сілавікі страляюць у Алматы, 6 студзеня 2022

Паранены падчас студзеньскіх падзеяў і ў выніку гэтага паралізаваны Даўлет Мухажанаў паведаміў, што яго вязуць у паліцыю. Пра гэта ён расказаў казаскай службе Радыё Свабода.

Мухажанава паранілі падчас жорсткага разгону паліцыяй грамадзянаў каля будынка акімату (мясцовай адміністрацыі) 5 студзеня. «Раздалася аўтаматная чарга, сьвятлашумавыя гранаты пачалі кідаць. Людзі пачалі ўцякаць, па пэрымэтры — амапаўцы», — расказаў ён на відэа, якое распаўсюдзілася ў сеціве. Паводле яго, куля трапіла яму ў хрыбетнік, калі ён спрабаваў падняць дзяўчыну.

«Калі я ачуняў, мяне цягнулі актывісты, я рукамі, нагамі ня мог рухаць, але чуў, што кажуць: „Ачніцеся“. Да нас падбеглі амапаўцы і пачалі нас штурхаць, ня ведалі, што я паранены. Жанчына сваім целам маю галаву закрыла, кажа: „Не чапайце, у яго агнястрэльнае раненьне“, і адзін паліцыянт яе па галаве штурхнуў: „Ты чаго ў хаце не сядзіш?“. Жанчына страціла прытомнасьць. Я раззлаваўся, але ня мог рухацца», — расказаў ён журналістам.

Мухажанаў паведаміў, што пасьля раненьня ў яго паралізаваная ніжняя частка цела і пасьля перанесенай апэрацыі падключаны катэтэр. 17 студзеня яго «ў тэрміновым парадку» выпісалі зь лякарні, і супрацоўнікі паліцыі зьбіраюцца павезьці яго ў пастарунак.

У прэс-службе дэпартамэнту паліцыі Ўсходне-Казахстанскай вобласьці днём 17 студзеня сказалі, што Мухажанаў «яшчэ ў шпіталі». У адказ на пытаньне, чаму паралізаванага чалавека вырашана павезьці ў паліцыю, у прэсавай службе прапанавалі зьвяртацца ва ўпраўленьне ўласнай бясьпекі дэпартамэнту паліцыі, калі ёсьць «дакладная інфармацыя аб неправамерных дзеяньнях супрацоўнікаў паліцыі».

Паліцыянты ўжо прыходзілі ў лякарню да Мухажанава 10 студзеня, але лекары адмовіліся аддаваць яго. Пры гэтым паліцыянты ўзялі ў яго тлумачэньне і забралі тэлефон.

Праваабарончы фонд Qaharman заклікаў спыніць палітычны перасьлед Мухажанава.

«Падчас і пасьля апэрацыі каля палаты Даўлета чакалі супрацоўнікі паліцыі, каб забраць яго і адправіць у СІЗА ўжо на наступным тыдні. Мы патрабуем спыніць палітычны перасьлед Даўлета Мухажанава і прыцягнуць да адказнасьці ўсіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў расстрэле і зьбіцьці мірных грамадзян», — гаворыцца ў іх заяве.

Пратэсты пачаліся 2 студзеня на захадзе Казахстану і распаўсюдзіліся на іншыя рэгіёны. Масавыя беспарадкі, якія адбыліся пазьней, прывялі ў шэрагу гарадоў да праліцьця крыві. Паводле афіцыйных дадзеных, загінула 225 чалавек, у тым ліку 19 сілавікоў. Частку загінулых улады абазначылі як «узброеных бандытаў». Праваабаронцы адзначаюць, што сярод ахвяраў шмат мірных дэманстрантаў і выпадковых мінакоў. Паводле паліцыі, ва Ўсходне-Казахстанскай вобласьці затрымана звыш тысячы чалавек.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG