Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстар і ІТ-прадпрымальнік Дзьмітры Досаў пасьля вызваленьня з турмы на Акрэсьціна пакінуў Беларусь


Ля турмы на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

ІТ-прадпрымальнік, дырэктар кампаніі Aivitam Дзьмітры Досаў адзначыў, што пераезд плянаваў даўно і ўжо купіў білет, аднак за пяць дзён да ад’езду, 10 сьнежня, да яго прыйшлі зь ператрусам.

Дзьмітры Досаў пацьвердзіў dev.by, што вяртацца на Радзіму пакуль не зьбіраецца.

10 сьнежня Досава арыштавалі, пасьля чаго пакаралі 15 суткамі.

Пасьля вызваленьня Дзьмітры расказаў, што да яго дадому прыйшлі ў 9.30 10 сьнежня «чалавек 8 зь пісталетамі і шчытамі». Яму паведамілі, што на яго «паступіла заява». Паводле Досава, падчас ператрусу ў яго нічога не знайшлі, забралі тэлефон, ноўтбук і павезьлі ў ГУБАЗіК.

«Там знайшлі адзін рэпост у асабістыя паведамленьні з тэлеграм-каналу „Зеркало“. Гэта быў артыкул пра бізнэс».

У панядзелак яго праз скайп асудзілі па арт. 19.11 ч. 2 КаАП (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

У фэйсбуку Досаў нядаўна паведаміў, што канфіскаваную тэхніку так і не вярнулі: «Прыйшоў адказ з СК на запыт аб вяртаньні матэрыяльных каштоўнасьцяў — праводзіцца праверка».

Цяпер Дзьмітры Досаў на Кіпры. На пытаньне dev.by, чаму эміграваў менавіта ў гэтае месца, прадпрымальнік адказаў:

«Захацелася на моры пажыць. Усё ж тут шмат сяброў, партнэраў, вялікая ІТ-супольнасьць. Добрыя падаткі, дарэчы. Ёсьць, вядома, і мінусы — час пакажа».

Па словах Досава, ён цяпер працуе дыстанцыйна ва ўкраінскай кампаніі Zone3000 на пасадзе Director of Sales and Business Development, адчыняе цэнтры распрацоўкі для замежных кампаній ва Ўкраіне. Акрамя таго, застаецца дырэктарам Aivitam.

Дзьмітры Досаў — вэнчурны інвэстар і ІТ-прадпрымальнік. У 2019 годзе быў адным з арганізатараў адборачнага конкурсу стартапаў Seedstars World у Менску.
У жніўні 2021 году Дзьмітры запусьціў у Беларусі пілётны праект сумесна з Forbes, але пасьля рэалізацыі і падвядзеньня вынікаў вырашыў прыпыніць яго разьвіцьцё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG