Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка пасьля месяца адсутнасьці прыбыў у Кіеў, дзе яго чакае суд аб магчымым арышце


Акцыя ў падтрымку Пятра Парашэнкі, пятага прэзыдэнта Украіны, народнага дэпутата, каля аэрапорта «Кіеў» ім. І. Сікорскага («Жуляны»), 17 студзеня 2022 г.

Пятро Парашэнка вярнуўся ва Ўкраіну 17 студзеня, як ён кажа, пасьля міжнароднага турнэ. Парашэнку пагражае крымінальная адказнасьць.

Экс-прэзыдэнт Украіны Парашэнка празь месяц адсутнасьці вярнуўся ў Кіеў. Суд разгледзіць пытаньне аб ягоным арышце.

Падтрымаць Пятра Парашэнку ў аэрапорт прыехалі некалькі тысяч грамадзян, а таксама паплечнікі. Некаторыя зь іх разам з групай журналістаў суправаджалі былога прэзыдэнта ў самалёце з Варшавы. Паводле Парашэнкі, менавіта гэта не дазволіла ўладам ажыцьцявіць сцэнар нядопуску яго на тэрыторыю Ўкраіны.

У аэрапорце «Жуляны» пасьля прылёту з Варшавы падчас праходжаньня пашпартнага кантролю ў былога прэзыдэнта Ўкраіны забралі пашпарт і не аддавалі каля 15 хвілін.У гэты час да яго падышоў сьледчы і паспрабаваў уручыць позву ў суд.Каля аэрапорту сабраўся мітынг у падтрымку Парашэнкі. Цяпер палітык выступае перад імі.

«Яны сьцягнулі пераапранутых памежнікаў і спрабавалі мяне не дапусьціць на тэрыторыю Ўкраіны. Яны спрабавалі заявіць пра тое, што мы ўчынілі злачынства. За апошнія гады супраць мяне завялі больш за 120 справаў — за стварэньне нармандзкага фармату, за ўзмацненьне нацыянальнай абароны і арміі. Але, адкрыўшы справу за дзяржаўную здраду, яны перайшлі чырвоную лінію», — заявіў Пятро Парашэнка, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі.

Пятро Парашэнка і Марына Парашэнка прыбылі ў аэрапорт «Кіеў» імя І. Сікорскага
Пятро Парашэнка і Марына Парашэнка прыбылі ў аэрапорт «Кіеў» імя І. Сікорскага

У дачыненьні да Пятра Парашэнкі расьсьледуецца крымінальная справа аб арганізацыі злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаваньні тэрарыстычных арганізацыяў «ДНР» і «ЛНР» у памеры 1,5 мільярда грыўняў (цяпер больш як 55 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Сярод фігурантаў гэтай справы — міністар энэргетыкі ў 2014–2016 гадах Уладзімір Дзямчышын, а таксама лідэр «Апазыцыйнай плятформы „За жыцьцё“» Віктар Медзьвядчук — ён пад хатнім арыштам.

17 студзеня Пячэрскі раённы суд Кіева разгледзіць хадайніцтва пракуратуры аб абраньні меры папярэдняга стрыманьня для Пятра Парашэнкі. Абвінаваўцы просяць суд арыштаваць экс-прэзыдэнта з магчымасьцю ўнясеньня закладу ў памеры 1 мільярда грыўняў (больш як 50 мільёнаў даляраў у эквіваленце).

6 студзеня гэты суд арыштаваў усю маёмасьць і бізнэс-актывы пятага экс-прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў межах крымінальнай справы, якую завялі на яго паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе і садзейнічаньні тэрарыстычным арганізацыям.

Паводле судовага рашэньня пад арышт трапіла маёмасьць, якая належыць падазраванаму на праве ўласнасьці згодна з інфармацыяй Дзяржаўнага рэестру рэчавых правоў на нерухомую маёмасьць і Рэестру правоў уласнасьці на нерухомую маёмасьць, Дзяржаўнага рэестру іпатэк, Адзінага рэестру забароны адчужэньня аб’ектаў нерухомай маёмасьці. У прыватнасьці, гэта аб’екты нерухомасьці, карпаратыўныя правы і гэтак далей.

Самога Пятра Парашэнкі на пасяджэньні суду не было — ён выехаў за межы Ўкраіны 18 сьнежня 2021 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG