Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскаму футбольнаму клюбу «Крумкачы» не працягнулі арэнду стадыёну. Журналіст: гэта асабісты загад старшыні фэдэрацыі футболу


1 верасьня 2020 году «Крумкачы» выйшлі на матч супраць менскага «Дынама» ў цішотках з надпісам «Мы супраць гвалту»

Крыніцы гавораць пра тое, што асабіста кіраўнік Фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў «выжывае» сталічны клюб са звыклага месца.

Спартовы журналіст Дзьмітры Сельвяструк, які вядзе папулярны тэлеграм-канал «Серебряный век. Футбол Беларуси» пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што спартова-аздараўленчы комплекс «Алімпійскі», які месьціцца ў Менску каля Акадэміі навук, адмовіў футбольнаму клюбу «Крумкачы» ў арэндзе стадыёна на наступны сэзон.

Згодна з інфармацыяй журналіста, такое рашэньне можа быць зьвязана зь візытам на арэну кіраўніка Асацыяцыі Беларуская фэдэрацыя футболу (АБФФ) Ўладзімера Базанава. Ён быццам асабіста забараніў кіраўніцтву «Алімпійскага» прадастаўляць «Крумкачам» якія-кольвек паслугі.

16 студзеня Сельвяструк апублікаваў таксама інфармацыю, што акрамя сьпісу зь міністэрства зь «нядобранадзейнымі» футбалістамі і трэнэрамі ёсьць і вусныя «добрыя парады» ужо гульцам і трэнэрам — не заключаць пагадненьняў з «Крумкачамі», інакш потым «будзе вельмі складана або нават немагчыма знайсьці працу ў футболе».

На гэтым стадыёне «Крумкачы» гулялі ў 2014-м годзе ў Другой лізе, на гэтым жа стадыёне яны абгулялі магілёўскі «Дняпро» ў 2015-м і ўпершыню выйшлі ў Найвышэйшую лігу, дзе былі адзінай камандай з прыватнай формай уласнасьці.

У Найвышэйшай лізе каманда гуляла ўжо на іншым полі, паколькі «Алімпійскі» не адпавядаў патрабаваньням АБФФ. «Крумкачы» выступалі на гэтым стадыёне да канца мінулага сэзону і ледзь не прабіліся ў элітны дывізіён ізноў, саступіўшы мазырскай «Славіі».

Гэта ня першы факт перасьледу «Крумкачоў» з боку Фэдэрацыі футболу. Раней каманду не пусьцілі ў Найвышэйшую лігу, хаця яна была першай у «чарзе» пасьля расфармаваньня «Гарадзеі», а таксама штрафавалі за тое, што гульцы па выхадзе на поле стаялі сьпінамі да чырвона-зялёнага сьцяга.

Заўзятары «Крумкачоў» не падтрымалі беларускі агульнафанацкі байкот, матываваўшы гэта тым, што гульцы іх каманды не падпісвалі праўладны ліст. Прыхільнікаў каманды летась неаднаразова затрымлівалі, у тым ліку наўпрост падчас футбольных матчаў, пераважна за акцыі салідарнасьці з палітзьняволеным Аляксандрам Івуліным, які выступаў за «Крумкачоў» перад арыштам. 17 студзеня яго пачнуць судзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG